Магілёўская фабрыка выпусціла 50 кіламетраў беларускіх стужак

Стужка з беларускім арнаментам, якую раздавалі мінакам у Мінску, вырабляецца і прадаецца даўно. Попыт на яе, як прызнаюцца вытворцы, пакуль не надта вялікі.



Акцыя па раздачы ў Мінску стужак з беларускім нацыянальным арнаментам выклікала шырокі грамадскі розгалас. У інтэрнэце яна сабрала нямала каментароў і водгукаў. Заяўляецца, што актывісты і валянцёры «Арт-сядзібы» раздалі 12 тысяч стужак. Акцыя праходзіла пад лозунгам «Пазнач сябе беларусам».
 
 
Стужка з беларускім арнаментам, якую раздавалі мінакам у Мінску, між тым вырабляецца і прадаецца даўно. Попыт на яе, як прызнаюцца вытворцы, пакуль не надта вялікі. Вырабляе яе Магілёўскае акцыянернае таварыства «Стужка».
 
 
Паводле намесніцы генеральнага дырэктара прадпрыемства Ніны Пятровай, аб’ём вырабу стужкі на год — да 50 тысяч метраў. Для Беларусі, зазначае Ніна Рыгораўна, гэткі метраж замалы.
 
 
На пытанне, чаму прадукцыя з нацыянальным беларускім сімвалам прадаецца кепска, суразмоўніца кажа, што даўно сама шукала адказу. Пасля шматгадовых назіранняў зрабіла выснову, што беларусы гэтую стужку ўспрымаюць як афіцыйную:
 
 
«Што з гэтай стужкай трэба ісці на дзяржаўнае свята, або гэтую стужку трэба да сцяга прымацаваць, але ніякім чынам яны не ўспрымаюць яе ў падарунках ці наагул у нашым штодзённым жыцці, — тлумачыць свае назіранні Ніна Пятрова. — Яны лічаць, што ёю нават нясціпла падарунак перавязаць. Падарунак жа развязаў, а стужку выкінуў, але куды ж ты будзеш такую важную стужку выкідаць у сметніцу».
 
 
На думку Ніны Пятровай, гэткае ўспрыманне стужкі не слушнае, і яго трэба неяк мяняць. Не саромецца свайго, зазначае суразмоўніца:
 
 
«У маім разуменні, калі ўнівермаг прадае, то чаму там не могуць гэтай стужкай перавязаць падарунак які ці пакупку. Калі якому замежнаму дзядзьку дорыш падарунак, дык абавязкова на ім трэба завязаць гэтую стужку».
 
 
У фірмовай краме акцыянернага таварыства ў продажы стужкі, якую раздавалі ў Мінску, не аказалася, аднак выбар падобных у іншай колеравай гаме шырокі. Як кажуць прадаўцы, набываюць гэтыя стужкі для аздобы дзіцячых сукенак і на святы.
 
 
Выкарыстоўваюць стужкі з нацыянальным арнаментам на Магілёўскай фабрыцы мастацкіх вырабаў. Ёй аздабляюць саламяныя сувеніры. Найбольш прыкметныя з іх — саламяныя постаці дзяўчат у беларускіх нацыянальных строях. У аддзеле маркетынгу прадпрыемства зазначылі, што такія сувеніры дужа добра прадаюцца:
 
 
«Дзяўчына ў беларускім нацыянальным строі трымае ручнік. На сувеніры напісана „Беларусь“. У мінскіх крамах дужа шмат гэтых лялек раскупляецца. Яны шмат замаўляюць. А вось у Магілёве, дык толькі ўнівермаг іх прадае, але ён няшмат бярэ», — зазначыла супрацоўніца маркетынгавага аддзелу фабрыкі.
 
 
Паводле суразмоўніцы, няблага разыходзяцца і ручнікі:
 
 
«Таксама на іх беларуская вышыўка, чырвоная з чорным. Мы бяром лён — альбо белы, альбо шэры. І, вядома ж, на белым фоне лепей глядзіцца альбо чырвоны з чорным, альбо толькі чырвоны».
 
 
У прадпрыемства раней была свая фірмовая сувенірная крама. Цяпер яе зачынілі. Купіць вырабы фабрыкі можна ў магілёўскім універмагу. Выбар саламяных сувеніраў, аздобленых беларускай стужкай, і ручнікоў шырокі.
 
 
Сярод іншага на прадпрыемстве вырабляюць і стужкі ў колерах дзяржаўных сцягоў Беларусі і Расіі, а таксама георгіеўскую стужку, якая стала сімвалам расійскай агрэсіі ва Украіне.

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: