Магілёвец збірае подпісы за ўсталяванне шыльды ў гонар паўстання 1661 года

Грамадскі актывіст з Магілёва Антон Касцоў збірае подпісы за ўшанаванне памяці Магілёўскага паўстання 1661 года.
Адпаведную петыцыю праз тыдзень плануецца накіраваць у Магілёўскі гарвыканкам. Касцоў прапануе ўсталяваць памятную шыльду на будынку гарадской ратушы, дзе пачалося паўстанне.

«Менавіта дзякуючы мужнасці мяшчан горад быў вызвалены ад маскоўскіх акупантаў, было адноўлена Магдэбургскае права, што азначала вяртанне Магілёва на еўрапейскі шлях развіцця, што актуальна і сёння. Шыльда будзе падкрэсліваць гістарычнаю пераемнасць магілёўцаў ад часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай да сучаснай Беларусі. Мужныя магілёўцы заўсёды гатовыя бараніць свой дом ад акупантаў, як гэта было ў Сярэднявеччы з маскоўцамі, або з нацыстамі ў XX стагоддзі. Ушанаванне памяці будзе спрыяць росту патрыятызму, гонару і годнасці. Магілёў павінен стаць фарпостам адэкватнага і здаровага нацыяналізму», — мяркуе Антон Касцоў.

Паўстанне адбылося 1 лютага 1661 года ў Магілёве ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 гадоў. 3 верасня 1654 Магілёў перайшоў без бою на бок маскоўскага войска. Гараджане прысягнулі на вернасць цару Аляксею Міхайлавічу, аднак хутка паміж магістратам і расійскай вайсковай адміністрацыяй узніклі супярэчнасці. Масавае агульнагарадское паўстанне пачалося 1 лютага з-за рабаўніцтва і знявагі на рынку маскоўскімі ратнікамі магілёўскіх гандлярак. Пад умоўны вокліч «Пара! Пара!» бурмістр Язэп Левановіч, узброены катаўскім мячом, кінуўся секчы крыўдзіцеляў.

Зазваніў ратушны звон, які таксама быў сігналам да пачатку паўстання. На дапамогу мяшчанам прыйшлі выпушчаныя імі ваеннапалонныя. Маскоўскі гарнізон (ад 2 тыс. да 7 тыс. чалавек паводле розных крыніц) амаль цалкам быў вынішчаны, выратаваліся толькі некалькі чалавек, якія, дабегшы да Рослава, паведамілі, што «могилевские мещане… изменили… ратных людей в Могилеве всех порубили». Магілёўцы ўзялі у палон ваявод С. С. Гарчакова, М. А. Палуэктава, стралецкага галаву С. І. Чэкіна і іншых афіцэраў. Найбольш актыўныя ўдзельнікі паўстання атрымалі шляхецтва. Магілёў зноў атрымаў магдэбургскае права і быў ураўнаваны ў правах з Вільняй, яму нададзены новы гарадскі герб.

Пра Магілёўскае паўстанне ўзгадвае Уладзімір Караткевіч у рамане «Нельга забыць».

Паводле Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: