Мануал па сучаснай Расіі

Сталін і Пуцін — не выбарныя лідары. Яны — пасярэднікі паміж людзьмі і багамі. Ад іх не чакаюць рэформ. Ад іх чакаюць цудаў. Ураджаю. Высокіх цэнаў на нафту.

Усе адказы заўсёды знаходзяцца побач. Проста шукаем мы іх не ў тых месцах. У навінах, у тэлевізары ці ў сацыяльных сетках.

Прычына, з якой асабіста мне зрабілася страшна, калі Міністэрства абароны Расіі падняло па трывозе часткі 1-й танкавай арміі і заявіла, што танкі кіруюцца «на вучэнні» ў «Рэспубліку Беларусь», — палягае ў тым, што я страціў разуменне Крамля. Складанасці з тым, што дыктары балбочуць на федэральных каналах, я пачаў адчуваць яшчэ да Крыма, прыкладна на этапе вызвалення Паўднёвай Асеціі. Таго, што не можаш зразумець, сцеражэшся.

І ясна, што войны так не абвяшчаюцца, што патрэбная нагода, што стасункі паміж дзвюма краінамі нібыта партнёрскія (сумесныя вучэнні ж!) і ўводу войскаў, здаецца, не прадугледжваюць. Але занадта моцна тое нагадала Чэхаславакію 1968-га, не? Танкі нібыта вырушылі і будуць «цягам сутак», беларускі бок заяўляе, што іх тут не чакае, а мінскія журналісты да другой паловы дня не могуць спраўдзіць інфармацыю ў Маскве. І — каб вы разумелі ўсю прыгажосць раскладу — заява пра «пераброску» дагэтуль на сайце Mil.ru, хаця вучэнні скончыліся, а афіцыйныя тлумачэнні пра тое, што падраздзяленні перакідваліся на палігоны ў Расіі, ужо даўно зробленыя.

І ў той час як навіны ці нават фільмы нічога да разумення рускіх не дадаюць, добрая літаратура дазваляе зазірнуць у загадкавую чытацкую душу. Калі вы жадаеце нутром адчуць стаўленне сытага жыхара маскоўскіх пентхаўсаў да вайны на Данбасе, зазірніце ў «Патрыёта» Андрэя Рубанава. Рубанаў да нядаўняга часу быў… не скажу «лібералам» (бо лібералам ён ніколі не быў), але дакладна не «рускім нацыяналістам». Былы бізнесмен, з турэмным вопытам, у нулявыя ён стварыў некалькі бліскучых раманаў пра салодкае жыццё падпольнага банкіра і немінучую расплату за бонвіванства. Чытачы Snob.ru глядзелі на Рубанава як на свайго, іх з ім яднала крыўда на праваахоўнікаў і турэмныя стансы. Прылепін, Сенчын і Шаргуноў знаходзіліся недзе вельмі далёка. І тут раптам збліжэнне!

«Патрыёт» — гэта дыягназ таму, як моцна змяніўся герой з сусвету «Бумера» і «Брыгады». Сэлфмэйд, які ў 90-я «вырашаў пытанні» з кольтам у кішэні і пляшкай віскі ў руцэ, пасівеў, падурнеў, збанкрутаваў і пачаў узнаўляць у сваіх унутраных маналогах агульныя месцы з заклёнаў Першага канала. «Піндосы», «міравая закуліса», «гей-Еўропа», Меркель і г. д.

Мне хочацца верыць, што лірычны герой тут надзейна адасоблены ад аўтара рамана — бо ранейшыя раманы Рубанава пакідаюць адчуванне амаль біяграфічных. Сцэнар, які Рубанаў напісаў для патрыятычнага фільма «Вікінг», таго самага, пра Уладзіміра і Рагнеду, дазваляе дапусціць, што «патрыёт» ім задуманы зусім не як карыкатура. Увесь тэкст гэты спіты дзядзька марна «едзе ваяваць» на Данбас. І ўвесь час яму нешта замінае — наезды крэдытораў, з’яўленне яшчэ аднаго сына, суіцыдальныя думкі, нават чэрці. Ён імкнецца на Данбас, каб там загінуць. Жаданне «патрыёта» адпомсціць «піндосам», пайсці дабравольцам у пекла месцамі выглядае амаль абгрунтавана — так, што пачынаеш разумець ягоную жыццёвую драму (а размову тут мы вядзем менавіта пра драму генерацыі), ягоныя матывы. Бізнес лёг, крэдыты вісяць, пракуратура на хвасце — трэба сысці прыгожа. На Данбасе. Святы матыў проста! З аднаго боку — Украіна, якая б’ецца за сваю зямлю. З другога — вось такія рубанаўскія патрыёты, стомленыя і расчараваныя хлопцы з «Брыгады». Якія цяпер за Пуціна і супраць піндосаў.

Калі жадаеце зразумець замежную палітыку Расіі — чытайце Рубанава. Калі жадаеце зразумець унутраную сітуацыю ў Расіі, дачыненні грамадзян з уладай, праглыніце апошні раман Германа Садулаева «Іван Аўслендэр». «Аўслендэр» — пры сваёй моцнай метафізічнай зараджанасці — мог бы адыгрываць для новай генерацыі ролю, якую некалі граў «Чапаеў і Пустата» Віктара Пялевіна. Вычарпальны тэкст пра ўсё — пачынаючы з беластужкавых пратэстаў і заканчваючы сэнсам жыцця. Калі ёсць цяпер у Расіі асоба, роўная колішняму Пялевіну (які канчаткова ператварыўся ў фабрыку па штампоўцы аднолькавых раманаў раз на год), дык гэта былы жыхар горада Грознага Садулаеў.

Адразу зазначу, што я не магу зразумець, як Герман здолеў напісаць такі тэкст. Некалі я чытаў ягоны «Шалінскі рэйд», «Апокрыфы чачэнскай», «Я — чачэнец» і думаў, што чую голас чалавека з рэальным вопытам удзелу ў чачэнскай аперацыі. Жыццё ў зямлянках, холад, страляніна там апісаныя так, што гэта немагчыма прыдумаць — магчыма ці то пачуць ад знаёмцаў, ці то перажыць на ўласным вопыце (пасля ракетных удараў баевікі бягуць глядзець Першы канал, каб зразумець, што адбылося, хто страляў і колькі людзей загінула — каларытная дэталь сапраўднай вайны).

Гэтым разам Садулаеў напісаў раман пра ўніверсітэцкага выкладчыка, які выходзіць на зімовыя пратэсты супраць Пуціна, але ягоная спецыяльнасць — санскрыталогія і ўпанішады — дазваляюць яму зразумець марнасць змагання.

Пранікненне ў сусвет героя — неверагоднае, апошняя чвэрць тэксту выглядае як індуісцкі трактат. «Ёсць у санскрыце іншае слова — «ананда». На рускую яго перакладаюць як «асалоду» (…) І ёсць адна дзіўная фраза ў «Веданта сутры»: «ананда маё абх’ясат» (…) Гэта можна перакласці так — ён, брахман (жыццёвая сіла ці тое, што жыве ў нас — В.М.) — зробленае з ананды». І далей — нагадванне, што калі ў Марыі Антуанеты на эшафоце запыталі пра апошняе жаданне, тая папрасіла ў ката яшчэ некалькі хвілін жыцця. Хаця тыя хвіліны былі — здавалася б — не самымі салодкімі ў яе біяграфіі (але «ананда маё абх’ясат»). Такіх назіранняў у Вікіпедыі не прачытаеш, таму складана зразумець, як Садулаеў здолеў нарадзіць такога расказчыка. І вось такі голас, спакойны і мудры, тлумачыць, як у Расіі будзе далей. Пераемнікам Пуціна зробіцца зусім не Сечын ці Мядзведзеў, а… Рамзан Кадыраў. Пасля сыходу Кадырава пачнецца міжусобіца паміж «пуцінінгамі» і «кадырынгамі», і смутныя часы скончацца толькі калі застанецца адзін.

Але самае цікавае разважанне Іван Аўслендэр пакідае пра прыроду ўлады. Выбарная дэмакратыя, — заключае санскрытолаг пасля таго, як губляе імпэт да пратэстаў, — патрэбная ў краінах, якія вымагаюць сувымерных з чалавекам адміністрацыйных дзеянняў. Мост пабудаваць. Ці дарогу паміж гарадамі палепшыць.

Расія — краіна велізарная, і таму яе ўладар мусіць дамаўляцца са стыхіямі. Бо чалавек у Расіі, на гэтых велізарных прасторах, сярод лясоў і стэпаў, ніякай дарогі не пабудуе, як бы ні імкнуўся. Адсюль — любоў да тыранаў, што здольныя дамаўляцца з прыродай. Сталін і Пуцін — не выбарныя лідары. Яны — пасярэднікі паміж людзьмі і багамі. Ад іх не чакаюць рэформ. Ад іх чакаюць цудаў. Ураджаю. Высокіх цэнаў на нафту.

А што да любімага беларускімі калумністамі Навальнага, дык учытайцеся ў наступнае: «Здаецца, дракон можа перамагчы. Калі б дракон зусім не мог перамагчы, дык у чым было б геройства Індры? Але дракон ніколі не пераможа. Навошта ж распальваць вогнішчы, калі вясна прыйдзе па законе? Не. У тым і закон, што трэба распаліць вогнішчы. І вясна будзе. І лета. І Масленіца. І Пуцін — наш прэзідэнт. І ўсё гэта было ўжо мільёны разоў, мільёны гадоў, пакуль нейкія тупагаловыя янкі (…) не прыдумалі зрабіць са свяшчэннага магічнага рытуалу сваю дурную «дэмакратыю».

budzma.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!