Марзалюк: Гэта шлем Ізяслава, і ён старэйшы за шапку Манамаха

Гісторыкі лічаць, што знойдзены ў Бабруйску ўнікальны шлем, хутчэй за ўсё, належаў полацкаму князю Ізяславу, сыну Уладзіміра і Рагнеды, паведамляе «Наша Гісторыя».

Фота bobrlife

Пра гэта Ігар Марзалюк распавёў у эфіры СТБ.

Зараз артэфакт, які добра захаваўся дзякуючы таму, што доўгі час знаходзіўся ў вадзе, аднаўляюць найлепшыя рэстаўратары. Шлем выявілі ў пачатку красавіка выпадкова, калі супрацоўнікі мясцовага прадпрыемства паглыблялі дно Бярэзіны. Яго цудам не закранулі каўшом экскаватара, які прыбіраў гліну.

«Цалкам нядаўна ў горадзе Бабруйску пры земляных работах мы здабылі рэальны знак той вялікай суверэннай уладыхутчэй за ўсё, мы знайшлі шлем Ізяслава Полацкага. Ён зараз на рэстаўрацыі. Калі мы адрэстаўруем, я думаю, што мы зможам з гонарам выстаўляць і ганарыцца гэтым», — адзначыў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк.


Па словах гісторыка Мікалая Сілкова, была зробленая першапачатковая экспертыза, якая ўстанавіла: знаходка рэдкая не толькі для Беларусі, але і для свету. Існуе толькі 19 падобных шлемаў, якія захаваліся да нашых дзён. Знойдзены ў Бабруйску артэфакт стаў 20-м.

На думку экспертаў, па ўзросце шлем абышоў знакамітую шапку Манамаха, якой амаль 600 гадоў. Знешні выгляд шлема сведчыць: гэта праца па замове, адзінкавая, выкананая, хутчэй за ўсё, скандынавамі.

Перыяд існавання падобных шлемаў — X—XI стагоддзя. Гэта час, калі на тэрыторыі Беларусі фарміравалася дзяржаўнасць.

history.nn.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!