Мастачкі і горад. У Мінску адкрыецца выстава Зоі Літвінавай і Зоі Луцэвіч

Урачыстае адкрыццё арт-галерэі «Мастак і горад» пройдзе ў Мінску 16 мая. Пляцоўкай для выставачнага праекта пад адкрытым небам традыцыйна стане плошча Якуба Коласа.


“Зоі”. Пад такой лаканічнай назвай стартаваў восьмы год праекта “Мастак і горад”, прысвечаны дзвюм яркім прадстаўніцам беларускага сучаснага мастацтва – Зоі Літвінавай і Зоі Луцэвіч. Мастачак аб’ядноўвае не толькі імя – на працягу ўсяго творчага жыцця Зоі непарыўна звязаны адна з адной: як настаўнік і вучаніца, як хросная маці і хросніца, як блізкія сябры, што падзяляюць агульныя каштоўнасці і любоў да мастацтва. Каб наведвальнікі маглі прасачыць гэту цесную сувязь і пераемнасць двух пакаленняў беларускай жывапіснай школы, выстаўка будзе падзелена на 2 этапы. Адкрые экспазіцыю Зоя Літвінава, або, як яе часта называюць арганізатары праекта, “вялікая” Зоя, а з сярэдзіны лета на плошчы Якуба Коласа будуць выстаўлены рэпрадукцыі твораў Зоі “маленькай”.
Зоя Луцэвіч

Зоя Луцэвіч

Зоя Літвінава – заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі. Больш за 50 гадоў яна правяла за мальбертам, яе партфоліа налічвае сотні пазнавальных, сакавітых жывапісных палотнаў. Яе магутны і яркі жывапіс атрымаў сусветнае прызнанне – Ордэн “За заслугі ў галіне літаратуры і мастацтва” ў Францыі і Ордэн Францыска Скарыны Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы на вялікую колькасць заслуг і беспярэчны аўтарытэт у мастацкім асяроддзі, яна просіць называць яе проста “Зоя”.

“Для мяне ўдзел у праекце “Мастак і горад” – падзея і ўнікальная магчымасць сустрэцца з велізарнай і разнастайнай аўдыторыяй; сведчанне запатрабаванасці, што з’яўляецца важным для кожнага мастака. Мне адначасова і трывожна, і радасна ад будучай сустрэчы з гледачом. Мой “выхад” у публічную прастору суправаджаецца вялікай надзеяй на тое, што кантакт з аматарамі і знатакамі выяўленчага мастацтва адбудзецца”, – падзялілася ўражаннямі мастачка.
Зоя Літвінава

Зоя Літвінава

Святочнае адкрыццё арт-галерэі “Мастак і горад” пройдзе 16 мая на плошчы Якуба Коласа. У гэты дзень выставачная пляцоўка напоўніцца музыкай, яркімі фарбамі і ўнікальнай творчай атмасферай. Акрамя гэтага, у рамках праекта арганізатары анансавалі цэлую серыю творчых мерапрыемстваў: адкрытую экскурсію па экспазіцыі, мастацкі майстар-клас ад Зоі Луцэвіч і канцэрт новай акадэмічнай музыкі ў фармаце silent-event (з выкарыстаннем бесправадных навушнікаў). Асаблівай падзеяй стане адкрыты CINEMASCOPE са спецыяльнай кінапраграмай “Мастак і горад”, які будзе працаваць на плошчы Якуба Коласа 11 ліпеня – у дзень змены экспазіцыі.

“«Мастак і горад» – выдатная гісторыя. Кропка судакранання публічнай, музейнай і студыйнай прастор. Па сутнасці, мастацтва, інтэграванае ў гарадское асяроддзе. Месца максімальна, гранічна адкрытага мастацкага выказвання. Спадзяемся, што ўсе наведвальнікі экспазіцыі “Зоі” падзеляць нашы эмоцыі – радасць ад дачынення да сапраўднага мастацтва. Да сустрэчы!” – пракаменціравала падзею адна з арганізатараў выстаўкі Аксана Багданава.

У гэтым годзе выстаўка праводзіцца сумесна з Музеем-майстэрняй З.І. Азгура і пры падтрымцы Мінскага і Брэсцкага гарадскіх выканаўчых камітэтаў. Праект працягвае пашыраць гарызонты і выходзіць за рамкі “сталічнага”. У пачатку верасня экспазіцыя з работамі Зоі Луцэвіч пераедзе ў Брэст і ўпрыгожыць горад да яго 1000-годдзя.

 “У мінулым годзе, пераехаўшы ў Віцебск, праект упершыню выйшаў на рэспубліканскі ўзровень. У 2019 годзе “Мастак і горад” адкрыецца для жыхароў і гасцей горада Брэста. Сёння большасць творчых праектаў акумулюецца ў Мінску, і гэта важны момант – несці мастацтва не толькі ў сталіцу, а пастаянна пашыраць свае гарызонты. Праект развіваецца, а разам з ім як яго генеральны партнёр на працягу 6 гадоў развіваемся і мы”, – адзначыў Сяргей Дарашэвіч, намеснік старшыні праўлення Банка ВТБ.

Урачыстае адкрыццё арт-галерэі “Мастак і горад” пройдзе 16 мая на плошчы Якуба Коласа. Для ўсіх жадаючых уваход вольны!


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!