Мастакі і вяргіні ў Паўночных Афінах Агінскага

Мастацкі пленэр у межах праекта «Актуалізацыя і ўзнаўленне Еўрапейскага культурнага ландшафту на літоўска-беларускай мяжы» сабраў у Залессі на Смаргоншчыне мастакоў з Літвы і Беларусі.


Так атрымалася, што па часе пленэр супаў з правядзеннем у маёнтку фестывалю “На вяргіні да Міхала”, што ўжо двойчы адбываецца тут і збірае аматараў кветак ды сяброў Агінскага.

У пленэры ўдзельнічалі 8 мастакоў. Чатыры — з літоўскага боку: рэктар Вільнюскай акадэміі мастацтваў Ева Скаўроне, прафесар з Каўнаскага ўніверсітэта Вітаўтаса Магнуса Рычардас Барткявічус, дацэнт Вільнюскай акадэміі мастацтваў Жывіле Ясуцітэ і дырэктар дзіцяча-юнацкага клуба Аляксандрас Возбінас.

Беларускі бок прадстаўлялі прафесар Віктар Нямцоў і дацэнт Віктар Барабанцаў з Беларускай акадэміі мастацтваў, настаўнік сусветнай мастацкай культуры і малявання Вілейскай гімназіі Эдуард Мацюшонак і кіраўнік студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага Дома культуры Галіна Бяганская-Сушко.



Падчас фэсту беларускія і літоўскія мастакі расказалі "Радыё Рацыя" пра свае ўражанні ад Залесся і працы тут…

— Выдатныя ўражанні, надвор’е спрыяе…

— Такое адчуванне, што тут такая аўра, якая прымушае па-іншаму ставіцца да жыцця, да гісторыі, да сяброўства і да мастацтва. Ты разумееш, што у Залессі тварыў гэты вялікі чалавек, Міхал Клеафас Агінскі, — і гэта прымушае па-іншаму расставіць прыярытэты ў жыцці.

— Мы першы раз у такім прыгожым месцы, хоць не першы раз у Беларусі. Здзіўлены таму, што ўсё так адноўлена… Людзі вельмі цёплыя… Усе — і калегі, і персанал — цудоўна да нас ставяцца. Ходзіш па маёнтку і мелодыя падчас гучыць у вушах, так…

— Пару год таму і ў Літве адзначаўся юбілей Міхала Клеафаса, давялося ўдзельнічаць у тэматычных выставах, даведацца больш пра асобу Агінскага, пабываць у маёнтках княжацкага роду, раскіданых па Літве… Шмат добрага чуў пра Залессе і рады, што сюды трапіў. Усё ж нас, літоўцаў і беларусаў аб’ядноўвае і гісторыя, і прырода, і мастацтва. Гэта вельмі важна.



З 22 па 28 жніўня восем творцаў з краінаў-суседак жылі і працавалі разам у музеі-сядзібе М. К. Агінскага ў Залессі. Вынікам плэнэра стала выстава працаў мастакоў, якая прайшла 27 жніўня ў тэатральна-музычнай залі музея і сабрала гасцей як з Беларусі, так і з Літвы.

У прыватнасці, на імпрэзу ў Залессі прыехаў Вітас Руткаўскас, дырэктар музея гісторыі культуры Агінскіх з Рэтаваса.

Восем аўтарскіх твораў, на якіх мы можам убачыць краявіды сядзібы кампазітара і адчуць яе непаўторную атмасферу, мастакі падарылі Залескаму музею-сядзібе.




Самі ж выправіліся ў Літву, дзе іх чакае другая частка пленэру, — палац графа Тышкевіча ў Затроччы (Ужутракіс). Прыгожыя сады — бадай, гэта агульная тэма мастацкіх варштатаў у маёнтках Агінскіх ды Тышкевічаў.

www.racyja.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: