Міхал Анемпадыстаў прадставіў альбом, які прэзентуе беларускую культуру

Наша недаследаваная і непрынятая спадчына прыносіць нам вялікія адкрыцці. У гэтым можна пераканацца, гартаючы шыкоўнае выданне дызайнера Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі», прэзентаванае ў Мінску.

Міхал Анемпадыстаў.

Феноменам колераў у культуры Міхал Анемпадыстаў вельмі шчыльна займаецца з 2009 года. А апошнія пяць месяцаў ён цалкам прысвяціў працы над кнігай. “Толькі гэтым і займаўся, нават быў вызвалены ад хатніх абавязкаў”, — жартуе дызайнер.

І час гэты не быў патрачаны дарэмна. Кнігу немагчыма ўзяць у рукі без унутранага трымцення, кожная старонка прасякнута глыбінёй колераў і сэнсаў. Гартаючы альбом, нібы акунаешся ў іншы сусвет, які, зрэшты, табе не чужы, ты знаходзіш у ім повязь з мінулым і водгук сябе сучаснага, адчуваеш нешта бясконца роднае і цёплае. І хоць аўтар наракае, што не ўсё зроблена дасканала і што праца вымагала шмат сіл, кожная старонка нібыта праменіць любоўю і шчырай адданасцю, якія Міхал Анемпадыстаў уклаў у выданне.

Выданне задумвалася як альбом, які прэзентуе беларускую культуру ў першую чаргу для саміх беларусаў. Гартаючы яго, можна зрабіць пэўныя высновы пра беларускую культуру і ментальнасць, — распавёў Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” Міхал Анемпадыстаў. — Але гэта не энцыклапедыя, бо фармат альбома не навуковы. І спадар Акудовіч, які быў стыль-рэдактарам (велічэзны яму дзякуй), не даваў мне набліжацца да гэтай навуковасці, ён палову тэксту скараціў. Давялося выкінуць палову з таго, што я напісаў, каб унікнуць дэталізацыі, прыкладаў — таго, чым займаецца навуковая літаратура. У альбоме шмат паэтыкі і іншых цікавых рэчаў, якія з пункту гледжання навукі не маюць значэння. Але яны такія класныя, што могуць заахвоціць чалавека заняцца гэтай тэмай. Тое ж самае з ілюстрацыямі: яны ўсе падпісаныя, дзе і калі знятыя, і калі з гэтым звязана нейкая гісторыя, яе таксама можна прачытаць. Кніга так пабудавана, што вы можаце чытаць тэкст, можаце пераходзіць на спасылкі ў канцы — і там, фактычна, яшчэ адна кніга, у якой — рэмаркі да тэкста. Такім чынам, альбом можна чытаць і вывучаць з рознымі ўзроўнямі пагружэння.

Выхаду кнігі папярэднічала выстава, а таксама лекцыі Міхала Анемпадыстава пра ролю і значэнне колераў у беларускай традыцыйнай культуры. Альбом жа сабраў у сябе як візуальную, так і даследчыцкую інфармацыю.

 

Таццяна Вадалажская.

Да гэтага даследавання быў даволі доўгі шлях. Пазней як праект яно рэалізавалася ў межах Міжнароднай праграмы па развіцці культурнай спадчыны CHOICE. Мне здаецца, такі доўгі шлях да спадчыны цікавы тым, як выбудоўваюцца гэтыя стасункі, як мы шукаем сябе і бачым не толькі мінулае, але і цяперашняе, і будучыню. І, гледзячы на кнігу, я падумала, што ў нас ёсць адна радасць: наша недаследаваная і непрынятая спадчына чакае нас вялікімі адкрыццямі,  — зазначыла каардынатарка Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская.

 

Таццяна Вадалажская і Вольга Лабачэўская.

Сапраўды, колер — гэта душа народа, яго пачуцці. Апісаць гэта, структураваць і ўкласці ў агульную форму можа чалавек, які тут нарадзіўся і адчувае гэтую прастору, у тым ліку колеравую. Я хачу павіншаваць аўтара з тым, што ў нас з’явіўся яшчэ адзін пласт спадчыны, — прамовіла рэцэнзент кнігі Вольга Лабачэўская.

Альбом “Колер Беларусі” — не толькі даробак мастацка-эстэтычнага кшталту, але і развіццё інтэлектуальнай прасторы, бо змяшчае не толькі даследаванне, але і сэнсы, праблемы, уздымае пытанні.

 

Уладзімір Мацкевіч.

Кожны школьнік ведае, што час і прастора звязаныя: на хуткасці і адно, і другое памяншаецца. Але звязаныя не толькі прастора і час, а яшчэ і колер: калі цела рухаецца, яго святло змяшчаецца ў чырвоны бок спектра, — зазначыў філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч. — Мы заўсёды звязваем Беларусь з колерамі: блакітныя азёры, зялёныя балоты, Белая Русь… Міхал знаходзіць вытокі тых колераў, з якіх складаецца наша разнастайная рознакаляровая краіна.

 

Філосаф Вольга Орышава.


Падчас прэзентацыі альбом можна было атрымаць за ахвяраванні для Дашы Ліс, пісьменніцы і журналісткі з генетычнай хваробай. Дзяўчына вось ужо другі месяц збірае грошы на электравазок з вертыкалізатарам.

 

— Даша была сярод тых людзей, хто пасля Плошчы — 2010 дапамагаў рэпрэсаваным, абзвоньваючы РАУСы, — нагадаў Міхал Анемпадыстаў.

Перавесці сродкі на вазок для Дашы можна любым з пазначаных ніжэй спосабаў:

 

А сёння прэзентацыя альбома “Колер Беларусі” пройдзе ў Горадні — не прапусціце!

 

Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: