MIHAL MUSIC LIVE. Аўдыёрэліз памяці Міхаіла Амнепадыстава

На гадавіну смерці рок-паэта Міхала Анемпадыстава на TuzinFM прэзентуецца аўдыёрэліз, у які ўвайшлі песні на ягоныя словы ў выкананні Лявона Вольскага, Касі Камоцкай і Змітра Вайцюшкевіча.
Гэты запіс рабіўся ў абставінах вялікага шоку. На чацвёрты дзень, калі Міхал Анемпадыстаў пайшоў у іншы свет. І мы не маглі не адгукнуцца на ягоны сыход. Быў дадатковы, трэці запар здымачны дзень на пляцоўцы Belsat Music Live. Вядома ж, не заплянаваны загадзя. Падавалася, што ўся каманда мелася быць змучанай дарэшты. Але нейкая незвычайная энэргетыка адчувалася ў гэты дзень. Як сказаў нехта з нашае каманды, было такое адчуванне, што Міхал недзе тут побач, назірае за працэсам, па-свойму ўсміхаецца і надае нам сілы. Кожны з удзельнікаў здымак тады зрабіў проста неверагоднае, каб запіс адбыўся на належным узроўні і своечасова пабачыў свет.

За сем гадзінаў у студыі тады былі запісаныя ўжывую 7 песень. Частка з іх яшчэ не гучала ў электрычнасці ў гэтым стагоддзі. Вялікую ролю сыграў прафесіяналізм музыкаў гурта Лявона Вольскага – Алеся-Францішка Мышкевіча і Паўла Трыпуця, да іх далучыліся Міхаіл Пенда і Канстанцін Гарачы. Літаральна за двое сутак яны развучылі ўвесь матэрыял, так што кожная песня прагучала ў поўным гуку. Выдатна спрацавалі, нягледзячы на абставіны і сумную нагоду, і самі выканаўцы. Запіс і звядзеньне зрабіў Андрэй Акатаў.

Гэты запіс прысвячаецца памяці выдатнага чалавека і таленавітага творцы. Вечная памяць.



Паводле tuzinfm.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!