Міхась Міцкевіч і яго ўменне не патануць у адчаі

Шляхетны, сонечны, артыстычны, вясёлы – з Міхасём Міцкевічам было заўсёды цікава, і любая, нават самая простая з ім гутарка набывала неабходную глыбіню, паведамляе Белсат.
Азартны паляўнічы, выдатны навуковец, цудоўны майстар эпіграмы, чалавек, які натхняў сваім жыццялюбствам – спадар Міхась нагадваў усёй сваёй паставай легендарнага шляхціца Завальню. Ягоныя тэатралізаваныя ўспаміны пра бацьку можна было слухаць бясконца. Кожны такі маналог нагадваў унікальны монаспектакль.

Якуб Колас быў чалавек невясёлы, нават суровы, часта жаліўся на несправядлівасць рэчаіснасці, але, тым не меней, ува многіх сваіх празаічных і вершаваных творах стараўся даказаць, што надзея ёсць, і смутнаглядства не павінна нас перамагчы. Яго малодшы сын Міхась рашуча не прымаў бацькаў сум, а ўзяў ад яго менавіта гэтае імкненне да радасці, бо разумеў: якое б жыццё вакол цябе ні разгортвалася, заўсёды старайся кожнае імгненне свайго існавання ператвараць у свята.
Спадар Міхась, у адрозненне ад старэйшага брата Данілы, не заглыбляўся з літаратуразнаўчай уседлівасцю ў бацькаву творчасць. Яму дзеля добрага настрою дастаткова было час ад часу перачытаць асобныя раздзелы з «Новай зямлі», «Сымона-музыкі», прагартаць палескія аповесці – творы, дзе светлае ўспрыманне рэчаіснасці дамінавала над іншымі фарбамі.

Гэтаксама спадар Міхась як агню баяўся неапраўданага пафасу, і калі распавядаў пра тату, пра ягоныя стасункі з Янкам Маўрам ці Янкам Купалам, то апавяданні гэтыя набывалі такую ж лёгкую, сатырычную, вясёлую афарбоўку, як і класічныя апавяданні Якуба Коласа «Курская анамалія» альбо «Хаім Рыбс».

Міхась Міцкевіч услед за Ларысай Геніюш лічыў, што беларусы ажно празмерна стогнуць і жаляцца на свой нешчаслівы лёс. Магчыма, таму паэзія таго ж Янкі Купалы была для Міхася Міцкевіча не вельмі блізкай, бо, як вядома, аўтар «Кургана» быў вядомым песняром адчаю, смутку, балючай жалобы.

На характар Міхася Міцкевіча, акрамя бацькі, вельмі моцна паўплываў сярэдні сын Коласа Юрка, які трагічна загінуў падчас Другой сусветнай вайны, – заўсёдна вясёлы, упэўнены ў сабе, кампанейскі хлопец і, акрамя таго, шыкоўны паляўнічы.

Міхась вучыўся ў брата такому небеларускаму майстэрству камунікабельнасці, а таксама ўслед за ім палюбіў паляванне. А калі Міхасю нешта падабалася, то аддаваўся ён гэтай жарсці на поўную сілу. Таму, напрыклад, не проста стаў неблагім стралком і паляўнічым, а зрабіўся майстрам спорту, быў прызёрам першай спартакіяды народаў СССР (1956) у спаборніцтвах па стэндавай стральбе.
У навуковай дзейнасці Міхась Міцкевіч гэтаксама не лічыўся шарагоўцам.

За працы ў галіне тэхналогіі ды абсталявання для электраэразійнага апрацоўвання металаў уганараваны Дзяржаўнаю прэміяй БССР (1980). На рахунку спадара Міхася –больш за 150 навуковых працаў, ён аўтар звыш 20 вынаходстваў.

Як і бацька, спадар Міхась ніколі не хаваў сваёй грамадзянскай пазіцыі.

Вядома, што ў 1930-я гады Якуб Колас актыўна выказваўся ў сценах Акадэміі навук БССР пра той жахлівы стан, у якім апынулася беларускай мова. А ягоны апошні прыжыццёвы ліст, які ён аднёс у ЦК, гэтаксама быў крыкам душы, дзе выказваўся боль з прычыны жахлівай русіфікацыі ў нашым краі.

Міхась Міцкевіч неаднаразова ў інтэрв’ю гэтаксама гаварыў пра ганебнае двухмоўе, пры якім на вачах гіне родная мова…

Гэтаму чалавеку можна было зайздросціць… белай зайздрасцю.

Ён цалкам зрэалізаваўся як навуковец, пакінуў унікальныя ў сваёй літаратурна-гістарычнай значнасці ўспаміны, не забываў пра ўласныя радасці (паляванне), стварыў выдатную сям’ю, да апошняга моманту захаваў ясную памяць і цвярозасць думкі.

Гэты дзівосны чалавек, ягонае ўменне жыць і працаваць – прыклад для нас, як можна пры любых умовах, захаваўшы артыстызм і шляхетнасць, дамагчыся многага, і пры гэтым не расчаравацца, не стаміцца, сысці ў лепшы свет са светлай усмешкай, без ценю стомы ці незадаволенасці.

Вечная Вам памяць, Міхась Канстанцінавіч, нам Вас будзе вельмі не хапаць!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: