Мікола Купава: Канстатацыя, што ў нас ёсць нейкае адраджэнне, — гэта ілюзія

Беларусаў заклікаюць годна адзначыць стогадовы юбілей Беларускай Народнай Рэспублікі.

Ідэя незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі стала актыўна распрацоўвацца ў 1917 годзе на Усебеларускім з'ездзе (кангрэсе), што праходзіў у снежні ў будынку Гарадскога (цяпер Купалаўскага) тэатра ў Мінску. Ужо 21 лютага 1918 года Выканкам Рады Усебеларускага кангрэса звярнуўся да народа Беларусі з Першай Устаўной граматай, у якой аб'явіў сябе ўладай у Беларусі. 9 сакавіка 1918 адбылося першае ўрачыстае пасяджэнне Выканаўчага камітэта Рады кангрэса, на якім прынялі Другую Устаўную грамату, дзе Беларусь была абвешчана народнай рэспублікай. Выканаўчы камітэт пераўтварыўся ў Раду БНР. У межах Беларусі былі зацверджаны свабоды слова, друку, сходаў, забастовак, сумлення, недатыкальнасць асобы і жылля, права на аўтаномію, раўнапраўе моў усіх нацыянальнасцяў Беларусі. У ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года пасля дзесяцігадзінных спрэчак нязначнай большасцю галасоў Рада БНР прыняла Трэцюю Устаўную грамату, у якой абвясціла незалежнасць Беларусі.

Хоць праіснавала БНР зусім няшмат, але, на думку мастака, старшыні аргкамітэту па святкаванні 100-годдзя БНР Міколы Купавы, яна была вельмі ўдалай.

“Галоўны козыр тых, хто адмаўляе значнасць БНР, — што яна была створана пад нямецкай акупацыяй. Ну і што? — каментуе Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” Мікола Купава. — Наадварот, патрыятычныя сілы Беларусі ў тых цяжкіх умовах здолелі гэта зрабіць”.

У пацверджанне старшыня аргкамітэту прыводзіць факт: консул БНР ў Адэсе Сцяпан Некрашэвіч здолеў адкрыць там 23 пачатковыя беларускія школы і адну гімназію. На тагачаснай тэрыторыі Беларусі першую школу адкрылі ў Вільні ў 1915-ым, і да канца года іх налічвалася ўжо каля сотні.

На пытанне аб тым, якія ўрокі беларусам варта вынесці з гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі, мастак лаканічна адказвае: “Проста не праспаць”. Як і сто гадоў таму, наш народ незаангажаваны ў нацыянальную ідэю, але тады знайшліся лідары, якія яго павялі.

Таму цяпер мы мусім годна адзначыць 100-гадовы юбілей незалежнасці. Так бы мовіць, яго “рэпетыцыю” аргкамітэт (у які ўваходзяць розныя культурныя, палітычныя, грамадскія дзеячы, арганізацыі і рухі) мяркуе правесці ўжо сёлета. Тыдзень таму ў Мінгарвыканкам даслалі паведамленне аб намеры ўскласці кветкі да будынка на Валадарскага, 9 25 сакавіка, дзе Рада БНР абвясціла яе незалежнасць.

“Прасіць дазволу на ўскладанне кветак мы не будзем, бо гэта выглядае дзіка і смешна,” — падкрэслівае Мікола Купава.

Пасля ўскладання кветак плануецца “народнае гулянне” ў размешчаным недалёка скверы Адама Міцкевіча. Праграма свята яшчэ распрацоўваецца, але арганізатары мяркуюць, што гэта будзе “прэлюдыя гукання вясны” як сімвал гукання беларускай ідэі. Плануецца, што на імпрэзе зачытаюць Трэцюю Устаўную грамату БНР, выступяць паэт Алесь Разанаў, бард Зміцер Захарэвіч і іншыя літаратары і выканаўцы, таксама будуць спевы і танцы. Зрэшты, на правядзенне гэтага мерапрыемства арганізатары ўсё ж папрасілі дазвол у гарадскіх уладаў, адказ павінны даць да 20 сакавіка.

“Палітычныя сілы 25 сакавіка робяць шэсце, ідуць да Купалы, а сюды (на Валадарскага. — ЕўраБеларусь.) — ніхто нават не заікнуўся. І прысвечана гэта будзе, хутчэй, дэкрэту аб дармаедах, а не Дню волі”, — заяўляе Мікола Купава і дадае, што аргкамітэт не будзе далучацца да запланаванага апазіцыяй шэсця.

Аднак сёлетнія мерапрыемствы будуць сціплымі, бо галоўныя ўрачыстасці плануюцца на 100-гадовы юбілей абвяшчэння незалежнасці БНР.

Найважнейшая задача цяпер — “легалізаваць” гістарычны будынак, у якім адбылася гэта падзея, бо пра яго мала хто ведае, лічыць Мікола Купава. На ім, на думку мастака, павінна быць мемарыяльная дошка, а таксама музей БНР. Ужо пасля сёлетняга Дня волі сябры аргкамітэту збіраюцца падаць заяўку на ўсталяванне мемарыяльнай дошкі на будынак. Таксама ў планах дамовіцца пра арэнду памяшкання тэатра Янкі Купалы, каб правесці ў ім сход. Ён адбудзецца ў любым выпадку, нават калі дазволу на арэнду тэатра не атрымаюць, адзначаюць арганізатары.

Апроч таго аргкамітэт збіраецца заняцца перайменаваннем вуліцы Валадарскага ў гонар братоў Антона і Івана Луцкевічаў і правесці навукова-практычную канферэнцыю, прысвечаную юбілею.

“Мы павінны актыўна, смела сцвярджаць сваю пазіцыю і адзначаць свае святы, не чакаючы лепшых часоў. Канстатацыя, што ў нас ёсць нейкае мінімальнае адраджэнне — гэта ілюзія”, — перакананы Мікола Купава.

eurobelarus.info


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!