Міліцыянт, Фатограф, Дзед, Цыган. Хто яшчэ абыходзіць двары ў Беларусі і ў Польшчы на Каляды

Самая шырока распаўсюджаная дата для каляднага пераапранання ў Беларусі — 13 студзеня, пярэдадзень «старога Новага года». Параўноўваем беларускія і польскія традыцыі.
Каза. Пагост, Жыткавіцкі р-н Гомельскай вобл. 2014 г.

Каза. Пагост, Жыткавіцкі р-н Гомельскай вобл. 2014 г.


Сімвалічны сэнс рытуальнага пераапранання

Істотнай часткай Калядаў былі рытуальныя абыходы вёскі. Група сяброў ці суседзяў пераапраналася ў розныя касцюмы ці проста апраналася па-святочнаму і абыходзіла аднавяскоўцаў з міні-спектаклямі ці песнямі, пажаданнямі дабрабыту і ўраджаю. За наведванне гаспадары іх частавалі. Сабранае дзялілі на ўвесь гурт ці ладзілі пасля абыходу супольнае застолле. Найбольш вядомае калядаванне з Казой, якое часцей сустракаецца на поўдні Беларусі, зафіксавана і ў самым паўночным раёне нашай краіны — Гарадоцкім. Аднак хоць нейкія калядныя абыходы, з тымі ці іншымі пераапранутымі персанажамі, з зоркай ці батлейкай, апісаны на ўсёй беларускай этнічнай тэрыторыі.

Лічылася, што каляднікі прыносяць у хату шчасце і дабрабыт, а іх пажаданні (як і праклёны для гаспадароў, якія не адчынілі дзверы ці кепска адарылі) абавязкова здзейсняюцца. Каго ж увасаблялі пераапранутыя персанажы? Агулам — гасцей з іншага, «таго» свету, з Вырая. Даследчыкі інтэрпрэтуюць іх і як увасабленне продкаў, і бостваў урадлівасці, і «нячыстую» сілу… Уласна, тлумачэнні адно аднаму не супярэчаць. Менавіта памерлыя продкі, дзяды, у беларускай традыцыйнай карціне свету забяспечвалі дабрабыт жывым. З прыходам хрысціянства гэтыя сілы перасталі лічыцца адназначна станоўчымі, хаця іх і раней шанавалі не толькі з любові, але і баючыся ўгнявіць, зрабіць нешта не так, наклікаць бяду на гаспадарку і жывых людзей.

Мядзведзь і Бусел. Пагост, Жыткавіцкі р-н Гомельскай вобл. 2014 г.

Мядзведзь і Бусел. Пагост, Жыткавіцкі р-н Гомельскай вобл. 2014 г.

Персанажы беларускага калядавання

«Той» свет у разуменні беларускага селяніна не абавязкова знаходзіўся недзе далёка. У завейныя снежныя зімы адназначна «сваёй» прасторай успрымалася толькі хата, а лес, горад і нават уласны хлеў — чужымі, варожымі. Адпаведна, персанажы, якія нібыта адтуль прыходзілі, увасаблялі «чужых» для сялянскай абшчыны сацыяльна, этнічна; дзікіх звяроў і птушак; уласна продкаў. Вобразы каляднікаў можна падзяліць на наступныя катэгорыі:

жывёлы: Каза (зрэдку Казёл), Мядзведзь, Конь (зрэдку Кабыла), радзей Бык (Тур, Карова), Воўк, Ліса, Заяц;
птушкі: Журавель, Бусел, Дзяцел (з акцэнтам на дзюбу), Сарока;
антрапаморфныя персанажы:
— продкі: Дзед і Баба;
— чужыя для беларускіх сялян сацыяльна ці этнічна: Лекар (Венгр-аптэкар), Поп, Цыган і Цыганка, Жыд і Жыдоўка, Вайсковец пад рознымі імёнамі (Салдат, Афіцэр), Барыня (Паненка), Цар (Кароль), Ямшчык, Прыдурак.
— судакраналіся з прасторай чужога: Пастух, Ведзьма;
— сімвалізавалі пераход у іншы статус: Грабаўшчык, Плакальшчыца, Сват, Малады і Маладая;
— біблійнага паходжання: тры каралі (валхвы), Ірад і яго світа;
міфічныя персанажы: Чорт, Анёл, Смерць;
увасабленне свята: Каляда, Шчодра (Шчадрэц).
Механоша. Пагост, Жыткавіцкі р-н Гомельскай вобл. 2014 г.

Механоша. Пагост, Жыткавіцкі р-н Гомельскай вобл. 2014 г.

У гуртах ходзяць таксама памагатыя, якія ні ў каго не пераапранаюцца: дзеці (стукаюць у вакенца гаспадарам, дзінькаюць у званочак), Механоша, Зорканоша, Засявальніца, хор.

 Дзед. Семежава, Капыльскі р-н Мінскай вобл. 2019 г.

 Дзед. Семежава, Капыльскі р-н Мінскай вобл. 2019 г.

У асобна ўзятым гурце пэўнай вёскі персанажы маглі спалучацца вельмі па-рознаму. Часам старажытнейшыя па паходжанні саступалі першыя ролі больш сучасным ці зусім знікалі з вясковага побыту. Напрыклад, з Царамі вёскі Семежава Капыльскага раёна ходзяць таксама Дзед і Баба. У Віркаве Клічаўскага раёна згадваюць, што раней вадзілі Казу, але цяпер засталіся толькі Цыганы.

 Баба. Семежава, Капыльскі р-н Мінскай вобл. 2019 г.

 Баба. Семежава, Капыльскі р-н Мінскай вобл. 2019 г.

Рытуальныя абыходы двароў адбываюцца 7-га (Раство) і 13-га (Шчодры вечар) студзеня ў беларускіх праваслаўных, 25-га снежня (Раство) і 6-га студзеня (Тры каралі) ў католікаў. Гэта жывая традыцыя. У Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны ўнесена некалькі калядных абыходаў. Семежаўскія калядныя Цары прадстаўляюць нашу краіну ў спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова (вядзецца UNESCO адпаведна Канвенцыі 2003 г.).

Як калядавалі ў Польшчы

Наша суседка да сёлетняга ўнясення ў спісы UNESCO бортніцтва была там прадстаўлена толькі традыцыямі кракаўскай шопкі (аналаг беларускай батлейкі) — таксама элементам калядных святкаванняў. Рытуальныя абыходы ў польскіх вёсках пачыналіся з 24 снежня (напярэдадні дня Божага нараджэння хадзілі святочна апранутыя спевакі і выконвалі калядкі). У залежнасці ад мясцовых традыцый наступнымі датамі калядавання былі навагодняя ноч і свята Трох Каралёў. Але абыходы маглі працягвацца да Грамніцаў (2 лютага) ці да Запустаў-Масленіцы (у католікаў — звычайна сярэдзіна ці канец лютага) і фактычна злівацца з масленічным карнавалам.

Каза. Люблінскае ваяводства Польшчы, 2016 г.

Каза. Люблінскае ваяводства Польшчы, 2016 г.

Па ўсёй Польшчы вядомыя калядныя абыходы з Казой, дужа падобныя да беларускіх. Іншыя жывёлы могуць выконваць у польскім калядным гурце тую ж ролю: нібыта «паміраць», а потым «ажываць» ад пачастункаў. Так робіць Турон, прататыпам якога, падобна, стаў тур — вялікі дзікі бык, папуляцыя якога вымерла ў XVII стагоддзі. Абыходы з Туронам характэрныя для паўднёвай Польшчы. Песня, якую спявалі для польскага Турона, падобная да беларускай песні Казе: «Дзе Турон ходзіць, там жыта родзіць, а дзе не ходзіць, там не родзіць. Дзе яго стопы, там стануць копы!» Так жа спявалі польскаму каляднаму персанажу Коніку: «Гдзе наш Конік ходзіць, там жыта родзіць…» Конік танчыў, але не «паміраў» як Каза і Турон. Яго касцюм (чалавек-вершнік пасярод рамы, на якую мацуецца імітацыя конскай галавы і хваста) у Польшчы рабілі так жа, як у беларускім Давыд-Гарадку (Столінскі раён).

Конік. Давыд-Гарадок, Столінскі р-н Брэсцкай вобл. 2017 г.

Конік. Давыд-Гарадок, Столінскі р-н Брэсцкай вобл. 2017 г.


Што цікава, з усіх беларускіх калядных персанажаў «памірае» толькі Каза. Магчыма, адсылку да сімвалічнай смерці даўнейшага каляднага персанажа можна згледзець у сцэне бітвы семежаўскіх Цароў, калі «параненых» даводзіцца ратаваць Лекару. Дарэчы, у Польшчы распаўсюджаны калядныя спектаклі Herody (Ірады), падобныя да нашых Цароў. Па апошніх даследаваннях, гэтыя дзеі маюць карані ў батлейцы, якую на пэўным этапе вырашылі не паказаць на ляльках, а сыгралі жывыя акцёры.

З жывёльных персанажаў у Польшчы вадзілі таксама Кабылку, Карову, Барана, Мядзведзя, птушак Жорава і Бацяна. Мядзведзя вадзіў Цыган-мядзведнік, Турона — цэлая кампанія, дзе маглі быць Дзед, Цыган з Цыганкай, Жыд, музыка.

У паўднёва-ўсходняй Польшчы хадзілі навагоднія Драбы — маладыя людзі, авітыя саломай. Спявалі: «Дзе Драб у доме, шчасце у доме будзе, карова ацеліцца, дзеўка замуж выйдзе». У вузкалакальнай традыцыі Жывецкага Бескіду (рэгіён на самым поўдні Польшчы, у Карпатах) вядомыя навагоднія Дзяды. Гэта былі вялікія гурты, якія складаліся з дзясяткаў разнастайных персанажаў: Дзед і Баба, Цыган і Цыганка, Жыд, Д’ябла, Смерць, вершнікі, іх світа, Ксёндз, Малады і Маладая, Трубачыст і іншыя. Як бачым, прынцып той жа, што ў беларускіх калядных гуртах: разнастайныя «чужыя» для сялянскага соцыуму персанажы. Магчыма, першапачаткова гэта былі толькі ўвасабленні продкаў, пра што сведчыць назва гэтай групы персанажаў, «дзяды». Яны разыгрывалі для гаспадароў, якіх наведвалі, розныя імправізаваныя сцэнкі.

Традыцыйнае калядаванне і сучаснае жыццё

У гурце карпацкіх Дзядоў мог хадзіць і зусім сучасны персанаж, Фатограф, што прымушае ўзгадаць беларускі Давыд-Гарадок, дзе можна сустрэць каляднікаў, пераапранутых у герояў галівудскіх фільмаў, дыснееўскіх і савецкіх мульцікаў, у адным гурце з традыцыйнымі Конікамі.

З 1980-х, на хвалі нацыянальнага адраджэння, калядаванне аднаўляецца і ў буйных гарадах. Гарадскія аматары традыцыйнай культуры найчасцей карысталіся палескім сцэнарыем з паміраннем Казы і жартоўным выступам Мядзведзя.

У апошнія гады ў гарадскіх гуртах каляднікаў сталі праяўляцца рэаліі сучаснага грамадска-палітычнага жыцця Беларусі. У канцы 2015-га аўтарка гэтага тэкста ў ролі Цыганкі вадзіла па Мінску Мядзведзя, які сцвярджаў, што замест Смаргонскай акадэміі вучыўся ў Кракаўскім універсітэце і паказваў у якасці пасведчання асобы пародыю на карту паляка. Сябры Руха «За свабоду», да якіх завіталі каляднікі, сцвярджалі: «Мядзведзь несапраўдны, няма ў Польшчы Кракаўскага ўніверсітэта! Ё Ягелонскі!»

У канцы 2016-га года мінская суполка «Вольны архіў» зладзіла калядаванне па ўласнаму сцэнару, у якім дзейнічалі Міліцыянт, Камісія, Навязлівы Маркетолаг ды іншыя цікавыя персанажы. З больш традыцыйных роляў захаваліся Каза, Дзед, Смерць і Поп, якія, аднак, паводзілі сябе вельмі па-сучаснаму. Праз год, на мяжы 2017 і 2018-га, у Гародні калядавала некалькі гуртоў з Міліцыянтам у складзе. У сезоне 2018/2019 эстафету пераняў Магілёў. У складзе каляднага гурта апынуўся Дзед Дармаед і Падатковы інспектар, ён жа Чорт. Такім чынам неабыякавыя грамадзяне адгукнуліся на спробу ўвесці ў 2018 закон супраць «дармаедаў», які выклікаў вулічныя пратэсты па ўсёй краіне. Планавалася таксама зрабіць персанаж Дэпутат як рэакцыю на балаціраванне ў парламент ад Магілёва адыёзнага гісторыка Ігара Марзалюка, аднак, план не здзейсніўся.

На пачатку 2020-га у магілёўскім гурце каляднікаў хадзіў Перапісчык. Такім чынам аматары традыцыйнай культуры пераасэнсавалі беларускі перапіс насельніцтва 2019 года, пытанні якога выклікалі шмат абмеркаванняў у прэсе сваёй недарэчнай падрабязнасцю, кшталту колькасці кустоў і пчаліных сем’яў на падворку. У канцы 2020-га магілёўцы вырашылі ад граху падалей абысціся толькі традыцыйнымі каляднымі персанажамі, аднак жадалі гаспадарам «Каб не знала ваша хата ні доктара, ні адваката!», абыгрываючы каронавірус і палітычныя зняволенні, з якімі давялося сустрэцца беларусам ў мінулым годзе.

Пры ўсёй сучаснасці пералічаных персанажаў сам працэс адлюстравання актуальных рэалій у калядаванні — зусім не новы. Вядома, што цыганы з’явіліся на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага ў XV ст. і раней ніяк не маглі трапіць у лік калядных персанажаў. Вобраз Лекара з’яўляецца ў маскіраваных гуртах у канцы XVIII ст. і сустракаецца ва ўстойлівым словаспалучэнні «Лекар — венгерскі аптэкар», што таксама ўказвае на паходжанне. У Памятнай кніжцы Віцебскай губерні за 1867 г. апісваецца, як маладыя хлопцы, пабываўшы ў Пецярбургу, прыбіраюцца на Каляды купцамі. Калядныя вобразы ўжо не ўспрымаюцца як «чужыя» і «страшныя», рытуальны абыход набывае характар забавы.

Фота Алены Ляшкевіч


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: