Мінкульт: Сядзіба Альбярцін у пералік каштоўнасцей не ўключана

Адзін з грамадскіх актывістаў Слоніма Віктар Марчык атрымаў два адказы наконт калектыўнага звароту слонімцаў у Слонімскі райвыканкам і Міністэрства культуры РБ.

У звароце паведамлялася, што жыхары Слоніма і Слонімскага раёна звяртаюцца з просьбай прыняць неабходныя меры дзеля ўратавання архітэктурнага помніка першай паловы XIX стагоддзя – палаца Пуслоўскіх у мікрараёне Альбярцін горада Слоніма.

Дзякуючы Войцеху Пуслоўскаму ў першай палове XIX стагоддзя ў маёнтку Альбярцін былі пабудаваны палац, флігель, стайня, закладзены парк, адкрыта шмат прадпрыемстваў. Асаблівую каштоўнасць сёння маюць сам палац Пуслоўскіх і флігель.

Галоўны ўваход палаца аформлены скульптурамі ляжачых львоў — дэкаратыўны элемент архітэктуры класіцызму першай паловы XIX стагоддзя. Аўтарам гэтых львоў быў вялікі італьянскі скульптар Антоніо Канова (1757–1822). Той скульптар, імя якога Папа Пій VII загадаў упісаць у Залатую кнігу Капітолія і надаў яму тытул маркіза д’Іскіа. Самыя вялікія яго працы цяпер знаходзяцца ў парыжскім Луўры і ў пецярбургскім Эрмітажы.

Відаць, Антоніо Канова быў добра знаёмы яшчэ з Войцехам Пуслоўскім, па просьбе якога былі зроблены гэтыя шыкоўныя скульптуры. Яшчэ два венецыянскія львы стаялі каля ўваходу на тэрасу. Але яны да сённяшніх дзён у Альбярціне не зберагліся. А гэтыя два львы, якія захаваліся да сённяшніх дзён у Альбярціне, тэрмінова патрабуюць дапамогі. Яны моцна пашкоджаныя і іх трэба рэстаўраваць, бо калі гэта не будзе зроблена — славутыя помнікі-львы проста рассыплюцца, як пясок.

Тэрміновай дапамогі патрабуе і сам палац Пуслоўскіх, як фасад будынка, так і інтэр’ер памяшкання.

Тое самае можна сказаць і пра флігель Пуслоўскіх, які знаходзіцца побач з палацам.

У адказе з Міністэрства культуры РБ за подпісам намесніка міністра Сяргея Шарамецьева паведамляецца, што ў пералік гісторыка-культурных каштоўнасцей катэгорыі “0”, “1”, “2” вышэйназваны аб’ект спадчыны не ўключаны.

Але, як піша намеснік міністра культуры, “Міністэрства культуры з разуменнем адносіцца да праблемы фінансавага забеспячэння выканання рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб’екце спадчыны. Аднак, прымаючы да ўвагі вышэйадзначанае, у Міністэрстве культуры адсутнічаюць прававыя падставы для ўнясення прапановы па фінансаванні гісторыка-культурнай каштоўнасці і накіравання бюджэтных сродкаў на выкананне работ…”, — паведамляе ў адказе намеснік міністра культуры Сяргей Шарамецьеў.



Слонімскі райвыканкам за подпісам намесніка старшыні райвыканкама Кацярыны Руткоўскай адказаў больш аптымістычна, што “ў кастрычніку 2018 года пададзена заяўка для ўдзелу ў конкурсе экалагічных ініцыятыў у рамках праекта “Далучэнне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”, што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у Беларусі ў партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь з праектам “Развіцця экалагічнага турызму ў паркава-сядзібным комплексе Пуслоўскіх з дапамогай тэхналогій сацыякультурнай дзейнасці”. Таксама ў лістападзе 2018 года накіравана заяўка для ўдзелу ў конкурсе грантаў “Пасольскі фонд культурнай спадчыны” ў рамках праекта “Новае жыццё векавой сядзібы Альбярцін”. Праект будзе накіраваны на захаванне сядзібы Пуслоўскіх, правядзенне рэстаўрацыйных работ, што будзе спрыяць уключэнню аб’екта ў сацыякультурную дзейнасць, эканамічнаму і турыстычнаму развіццю рэгіёна. Такім чынам, з боку Слонімскага райвыканкама прымаюцца ўсе магчымыя меры дзеля ўратавання паркава-сядзібнага комплексу Пуслоўскіх”.  




Радыё  Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!