Мінкульт: Такім фільмам не месца на «Лістападзе»

Кінаальманах «Хранатоп. Танатас і Эрас» зняты з паказу на «Нацыянальным конкурсе» «Лістападу». Такое рашэнне прыняў рэжысёр і мастацкі кіраўнік праекта Андрэй Кудзіненка пасля таго, як Рэспубліканская экспертная камісія па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці забараніла да паказу ў Беларусі адну з навел «Яечня па-беларуску».


На сваёй старонцы ў Фэйсбуку Андрэй Кудзіненка такім чынам абгрунтоўвае сваё рашэнне:

«Наш праект калектыўны, і забарона да ўдзелу ў праграме аднаго з фільмаў робіць амаральнай саму думку аб кастрацыі цэласнага твора, які ўжо ўдзельнічае ў міжнародных фестывалях на іншых тэрыторыях. Фільм беларускім гледачам мы данясем онлайн, спадзяюся, у бліжэйшы час, пасля адпаведных узгадненняў з усімі аўтарамі фільмаў».

Падчас прэс-канферэнцыі з нагоды адкрыцця кінафестывалю «Лістапад» начальнік аддзела кінематаграфіі Мінкульта Ірына Белякова падкрэслівае, што міністэрства не забараніла паказ у межах фестывалю самаго альманаха. Але, па яе словах, кароткаметражка «Яешня па-беларуску» выбіваецца з агульнай канцэпцыі не толькі жорсткасцю, але і падачай матэрыялу.

«Там не больш жорсткасці, чым у іншых фільмах, якія мы дапускаем да паказу, усталёўваючы класіфікатар чатыры зоркі і «18+». Я сама паглядзела гэтую стужку. Для мяне незразумела, што ў ёй хацелі сказаць. Сама гульня акцёраў пад сумневам, і ўвогуле, ёсць пытанні да таго, як гэты матэрыял пададзены. Калі ёсць неабходнасць, можам прыцягнуць крытыкаў, каб «расклалі» гэтую працу. Бо я лічу, што ў межах «Лістапада» паказваць такое беларускае кіно няправільна».

Дарэчы, кінаальманах «Хранатоп. Танатас і Эрас» па той жа прычыне зняты з паказу на фестывалі новага беларускага кіно Bulbamоwie, які пройдзе ўжо ў гэтыя выхадныя — 21-23 кастрычніка ў мінскім арт-кінатэатры «Тытан». Куратар фэсту Максім Жбанкоў кажа, што адказ Мінкульта аб нібыта дазволе «Хранатопу» ішоў да арганізатараў тыдзень:

«У ім напісана, што фільм цалкам не забаронены, апроч навелы «Яечня па-беларуску». Але гэта фактычна азначае, што ён забаронены, бо ніхто ж не будзе выразаць са стужкі гэтыя сем хвілін. Мы бачым новую тактыку міністэрства: аўтараў саміх прымушаюць адмаўляцца ад паказаў».


Паводле euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: