Мінск у сусветным трэндзе: Дзень італьянскага дызайну

Упершыню ў Мінску 2 сакавіка, як і яшчэ ў дзясятках еўрапейскіх сталіц, прайшоў Дзень італьянскага дызайну. Гэтае мерапрыемства — адно з першых у Год італьянскай культуры ў Беларусі.
Злева направа: Яніна Ганчарова, Стэфана Б'янка, Хрысціна Мароццы, Зміцер Сурскі

Правядзенне Дня італьянскага дызайну ў Мінску — карысны досвед для нашых беларускіх студэнтаў і спецыялістаў, якія займаюцца дызайнам. Студэнты пяці беларускіх універсітэтаў прадставілі свае інвацыйныя праекты па выкарыстанні ільну ў беларускім і італьянскім дызайне. За круглым сталом выкладчыкі і студэнты абмеркавалі тэму «Беларускі лён і італьянскае мастацтва вышыўкі: параўнанне досведу двух краін».

Каментавала працы беларускіх студэнтаў і дзялілася досведам італьянскага дызайну Хрысціна Мароццы, «Пасол італьянскага дызайну». Мароццы — пісьменніца, журналістка, крытык і арт-дырэктар. Яна — адна з тых асоб, якая ўдзелньічала ў перавароце італьянскага дызайну ў 70-80-ых гадах мінулага стагоддзя.

Хрысціна Мароццы перакананая, што дызайн можа існаваць дзе заўгодна: і ў садзе, і ў доме: «Успрыняццё дызайну пачынаецца з эмоцый. І толькі пасля яно становіцца рацыянальным. Таму мае сэнс рабіць дызайн для ўсіх, а не толькі для крытыкаў, якія могуць зразумець яго тэарэтычны аспект. Тут важная камунікацыя. Я ўжо напісала тэкст па тое, што дызайн — гэта камунікацыя, а не ізаляцыя».

Кіраўнік аб’яднання «Беларускі саюз дызайнераў» Зміцер Сурскі падарыў Хрысціне Мароццы кнігу «Тутэйшы дызайн. Асобы і рэчы». Гэтая кніга — добры спадарожнік па беларускім дызайне.

Пасол Італіі ў Беларусі Стэфана Б’янка лічыць, што дызайн — адзін з тых накірункаў, праз які праяўляецца душа Італіі: «Абодва нашыя грамадствы мелі пераход ад традыцыйнай мадэлі вытворчасці да масавай. Зараз мы можам параўнаць нашыя магчымасці і інавацыі ў галіне дызайну. Я вельмі шчаслівы, што Мінск — адна са сталіцаў, дзе праходзіць Дзень італьянскага дызайну. Тут мы можам абмяняцца досведам, абмеркаваць супрацоўніцтва».

Яніна Ганчарова, ініцыятар Belаrus Fashion Week зрабіла кароткі агляд дызайну, у якім выкарыстоўваецца лён: «Сучасны дызайн усё больш імкнецца збліжацца з прыродай, каб набываць натуральнасць. Пад гэтыя прыкметы падыходзіць і лён. Лён, праўда, звычайна, грубаваты і не зусім прыемны для скуры. Таму часта да яго дадаецца віскоза або ядваб».

Лён звычайна выкарыстоўваецца ў тых рэгіёнах, дзе пануе спякотны клімат. Да здзіўлення, наш айчынны «Аршанскі лён» пастаўляе прадукцыю ў некалькі дзясяткаў месцаў у Італіі. Але вышыўка не карыстаецца папулярнасцю ў беларускіх дызайнераў. У нас звычайна выкарыстоўваецца прынт.

Усё часцей дызайн становіцца асноўнай тэмай мерапрыемстваў пасольства Італіі ў Мінску. У 2016 годзе больш за 20 італьянскіх кампаній, архітэктараў, куцюр’е і дызайнераў прадставілі свае дасягненні беларускай публіцы на выставах, семінарах, майстар-класах і модных паказах, якія правадзіліся пры ўдзелу Італіі ў Мінску.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: