Мінскі стрыт-арт «Будучыня» «ажыве» з дапамогай тэхналогій дапоўненай рэальнасці

У Мінску завершаныя работы па стварэнні ўнікальнага стрыт-арт праекта «Будучыня» на вуліцы Прытыцкага. Апошнія штрыхі ў цэнтральны фрагмент трыпціха яго аўтар – іспанскі мастак Slim (Слім Сафонт) – унёс у першыя дні снежня.

Таксама арганізатары заяўляюць пра віртуальны працяг праекта. Адзін з муралаў пад назвай «Лічбавы свет», які паказвае сімвалічны вобраз славянскай багіні з верацяном у руках і клубком сузор’яў над галавой, «ажыве» з дапамогай тэхналогій дапоўненай рэальнасці (AR). Узаемадзейнічаць з інтэрактыўным муралам карыстальнік зможа праз свой смартфон, усталяваўшы адпаведнае прыкладанне, якое будзе прадстаўлена ў бліжэйшы час.

Першыя дзве работы трыпціха «Будучыня» пад назвамі «Фрыланс» (аўтар – Artez, Сербія) і «Лічбавы свет» (аўтар – Mutus, Беларусь) былі завершаныя напрыканцы кастрычніка. Тады ж была прадстаўлена канцэпцыя трэцяга мурала, які атрымаў назву «Героі новага часу». 

Аўтар трэцяй работы Slim так тлумачыць сваё творчае рашэнне: «Дзеці – галоўныя героі будучыні, але рэалізаваць свой патэнцыял яны могуць толькі дзякуючы падтрымцы з боку сям'і. Без моцнай сувязі паміж пакаленнямі немагчымы рух у будучыню». Удзел у праекце ў Мінску Slim назваў «самым складаным і цікавым этапам» сваёй прафесійнай кар’еры. 

Арганізатары праекта – Адміністрацыя Фрунзенскага раёна Мінска, стрыт-арт актывісты Urban Myths і кампанія А1. 

«Мы былі радыя назіраць за тым, як развіваецца гэты праект і становіцца больш выразным – дзякуючы дыялогу з жыхарамі, абмену ідэямі паміж арганізатарамі і крэатыўным рашэнням аўтараў. Разам з партнёрамі нам удалося аб’яднаць людзей праз мастацтва і агульныя каштоўнасці», – адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў.

 

«Будучыня» ўжо атрымала высокую ацэнку міжнароднай стрыт-арт супольнасці. Творчая канцэпцыя добраўпарадкавання жылых раёнаў падтрымана і мінчанамі. Праведзенае вучонымі БДУ сацапытанне паказала, што ў гэтым меркаванні сышліся прадстаўнікі розных пакаленняў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: