Могілкавы тупік: што рабіць з гістарычнымі некропалямі?

Ці можна праз змены ў заканадаўства нейкім чынам паспрыяць ахове гістарычных некропаляў Беларусі? Гэтае пытанне спецыялісты абмеркавалі падчас круглага стала «Закон і могілкі», арганізаванага ГА «Беларускі камітэт ІКАМОС» сумесна з ініцыятывай «Добры горад» і альманахам «Гарадскія тактыкі».

Па выніках круглага стала я вырашыў вынесці свае заўвагі і прапановы на разгляд шырокай публікі. Бо праблема гэта не такая маргінальная, як шмат хто лічыць.

Апошнім часам у грамадстве ўсё часцей успыхваюць праблемы, звязаныя з захаваннем гістарычных могілак, брацкіх магілаў, паасобных пахаванняў. Часткова гэта звязана з новым законам аб пахаваннях 2015 года, які, калі абагульніць, абавязаў прывесці ў парадак усе могілкі Беларусі. І некаторыя кінуліся гэта рабіць з асаблівым імпэтам, што прывяло да сур’ёзных канфліктаў, як мы гэта назіраем на Вайсковых могілках.

Але на самай справе праблема ляжыць значна глыбей. У грамадстве зараз адбываюцца структурныя змены, якіх раней не было. І гэта прыводзіць на іншага ўспрыняцця могілак у прынцыпе.

Па-першае, грамадства становіцца больш свядомым. Яшчэ 50 гадоў таму шмат дзе, асабліва ва Усходняй Беларусі, захоўвалася традыцыйная схема, калі чалавека хавалі пад драўляным/металічным крыжам, без шыльды з прозвішчам і датамі жыцця і смерці. Дзеці памерлага ведалі гэтае пахаванне і даглядалі яго, унукі маглі пры патрэбе ўзгадаць, але не моцна даглядалі, а праўнукі ўжо зусім гублялі. На ўзроўні прадзедаў продкі пераходзілі ў свет абагульненых, абстрактных Дзядоў.

Цяпер такую архаічную мадэль і ўявіць немагчыма. Людзі даглядаюць пахаванні сваіх сваякоў. Ведаць як мага большую колькасць месцаў пахаванняў сваіх продкаў становіцца важным, цікавым і нават модным.

Па-другое, некропалі аб’ектыўна старэюць і набываюць гістарычную значнасць. Не ўсе ведаюць, але гарадскія могілкі ў тым выглядзе, у якім мы прывыклі іх бачыць, пачалі фармавацца толькі ў канцы XVIII стагоддзя. Гэта значыць, што ў сярэдзіне ХХ стагоддзя самым старым масавым могілкам было гадоў па 100–150. Стогадовыя могілкі — гэта яшчэ так сабе каштоўнасць. Але цяпер, у пачатку ХХІ стагоддзя, ім па 150–200 гадоў. І ўжо ніхто не можа сказаць, што надмагілле якога-небудзь 1834 года, хай сабе і невядомага чалавека, малаістотнае з гістарычнага гледзішча.

Статус могілак як гістарычнай каштоўнасці расце, каштоўнасць кожнага паасобнага пахавання таксама. Гэта вельмі марудны працэс, таму яго шмат хто не заўважае. Але гэты працэс ідзе.

Два гэтыя пункты разам ствараюць імпульс да ўзняцця яшчэ больш складаных тэмаў. Напрыклад, аб тым, што могілкі — гэта яшчэ і гістарычна каштоўны элемент гарадскога ці вясковага ландшафту. Ці пра тое, што месцы брацкіх магілаў, ці месцы масавых расстрэлаў людзей мусяць быць абазначаныя нейкімі шыльдамі, нават калі на іх месцах зараз жылы раён і гэтая інфармацыя будзе непрыемная мясцовым жыхарам.

На ўсе гэтыя змены мала хто звяртае ўвагу. Праблему гістарычных могілак спрабуюць вырашыць праз дзеючае заканадаўства. Але гэта слаба працуе. Нават выключна з фармальнага боку. Сучасныя пахаванні апошнія 50 гадоў знаходзяцца ў ведамстве ЖКГ, могілкі ўнесеныя ў Дзяржспіс каштоўнасцяў у ведамстве Мінкульта. Але ў нас такіх некропаляў вельмі няшмат.

А хто адказны за сотні могілак і тысячы пахаванняў, якім ужо больш за сто гадоў і яны не ўнесеныя ў спіс каштоўнасцяў?

Фармальна — ЖКГ і раённае кіраўніцтва. Але нашто ім гэтыя бясконцыя надмагіллі/крыжы, да якіх не прыходзяць і не прыйдуць сваякі? Па выніку ЖКГ імкнецца замяніць гэтыя старыя надмагіллі «падушкамі» (гранітнымі гарызантальнымі надмагіллямі, якія ляжаць на зямлі), каб зручней было прыбіраць лісце і чысціць снег.

Грамадства ўсё часцей напірае, што, калі могілкі старыя, то імі мусіць займацца Мінкульт, іх трэба ўносіць у Дзяржспіс. Але гэта нерэальна! Калі надаваць статус каштоўнасці сотням закінутых могілак па ўсёй Беларусі, то сам спіс стане прафанацыяй.

Ці не самае каштоўнае ў старых могілках — гэта інфармацыя: імёны, прозвішчы, даты, інскрыпцыі. Гэта значыць, што надмагілле — гэта архіўны дакумент. Але ж нельга здаваць надмагіллі ў архіў!

Яшчэ адна праблема: нашыя могілкавыя формы не такія «прыгожыя», як заходнія, ці нават некаторыя ўсходнія (Масква, Піцер, Львоў). Анёльчыкі, жалобныя фігуры, кветачкі і музычныя інструменты, выкананыя ў граніце, пясчаніку ці мармуры, аўтаматычна здымаюць пытанне аб знішчэнні, нават калі манумент не ў спісе. Нам жа даводзіцца мець справу з іржавымі металічнымі крыжамі і патрэсканымі бетоннымі тумбамі. Ніякай мастацкай каштоўнасці. Усё гэта хочацца як найхутчэй замяніць на нейтральныя «падушкі», каб стала прыгажэй. Але ж гэты масіў надмагілляў мае несумненную гістарычную каштоўнасць — яны ці не адзіная крыніца інфармацыі пра людзей, якія жылі ў Беларусі 100 гадоў таму.

Вось і маем мы па выніку самую масавую ў нас каштоўнасць, якая не кладзецца ні ў адзін рэгламент аховы.

Што з гэтым рабіць, незразумела. Часам кажуць, што трэба проста ўзяць вопыт суседзяў. Яго, канешне, трэба вывучаць. Але глабальна праблема ў тым, што нашы суседзі па СНД знаходзяцца на тым жа ўзроўні вырашэння праблемы, што і мы, а вопыт нашых заходніх суседзяў нам не зусім падыходзіць, бо ў іх могілкі развіваліся ў іншых умовах, і ахова гэтых тэрыторый проста ўплеценая ў саму сістэму функцыянавання могілак.


Я дазволіў сабе высунуць дзве прапановы, якія выглядаюць досыць радыкальна, але могуць вырашыць праблему.

Па-першае, дзяржава мусіць стварыць асобную інстытуцыю, якая б займалася выключана праблемай гістарычных могілак. Такая інстытуцыя мусіць закрываць тры напрамкі:

1. актывізацыя даследавання могілкавых тэрыторый і распрацоўка метадалогій аховы, рэваларызацыі могілак;

2. вядзенне ўсеагульнага каталогу пахаванняў гістарычных могілак;

3. прыняцце рашэнняў і выдача дазволаў/забаронаў на перамяшчэнне, знос і перабудову старых надмагілляў.

Гучыць гэта крыху дзіўнавата. Мы замкі не можам нармальна аднавіць, а тут асобная структура выключна на могілкі. Але я іншага выйсця папросту не бачу, бо ў адваротным выпадку праз некалькі гадоў нашыя райвыканкамы, пракуратуры, аддзелы ідэалогіі і ЖКГ будуць моцна тармазіцца ў сваёй рабоце ад бясконцых заяваў, просьбаў і скаргаў, датычных старых надмагілляў. Ужо цяпер праблемаў хапае.

Па-другое, варта адмовіцца ад спробы ўзяць пад апеку ўсе могілкавыя тэрыторыі (апроч тых, што ў спісе каштоўнасцяў), бо гэта выглядае маларэальна. Нечаканым, але эфектыўным рашэннем будзе ўвесці ў заканадаўства тэрмін «некрапалістычны аб’ект», ці «гістарычнае пахаванне» і аўтаматычна надаць гэты статус усім надмагіллям, якім больш за 100 гадоў (пра тэрмін можна спрачацца). З правам прыняцця рашэнняў па гэтых аб’ектах спецыяльнай камісіі/аддзела пры Мінкульце.


Магчыма, ідэя выглядае залішне радыкальнай, але ў любым разе ў заканадаўстве могілкі мусяць быць абазначаныя як асобная катэгорыя каштоўнасцяў, з асобна прапісанымі рэгламентамі.

У нас прынята ўсё выводзіць да эканамічнай мэтазгоднасці. І тут яна таксама ёсць.

Па-першае, ужо згадвалася, што наяўнасць асобнага органа (камісіі, аддзела, камітэта) кантролю за гістарычнымі могілкамі зэканоміць шмат гадзін работы шматлікіх дзяржаўных устаноў. Па-другое, наяўнасць анлайн адкрытага каталогу гістарычных пахаванняў, скажам, з 10 тысяч імёнаў, будзе прыцягваць некалькі соцень унутраных і знешніх турыстаў, якія паедуць на пошукі памерлых сваякоў. База са 100 тысяч пахаванняў прыцягне тысячы падарожнікаў.

Не сказаць, што шалёныя даходы, але на дзейнасць камісіі па гістарычных некропалях дакладна хопіць.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!