
FSP. Дзень першы
Бадзяючыся па дарожках парку, мы пабачылі шмат усялякіх цікавостак.
Перш за ўсё, гэта шматлікія маркеты з рознай драбязой: вось, здаецца, не патрэбныя яна табе, і нават не ведаеш, што гэта і куды прыкласці, але ўсё роўна хочаш.

Каля галоўнай сцэны аматары паказытаць свае нервы (і нервы тых, хто гэта бачыў) мелі магчымасць саскочыць на надзьмуты батут з вельмі прыстойнай вышыні.
Мы высветлілі, што чалавек, які абіраў гэтую забаву, прыходзіў праз тры стадыі: спачатку ён казаў, што гэта зусім не страшна. Другая стадыя — калі ён глядзеў уніз з вышыні, і ў яго пачыналі трэсціся калені. І трэцяя — задаволены твар пасля скачка.


Адносна недалёка ад галоўнай сцэны размясцілася месца для дзяцей. Там ім чыталі розныя гісторыі, забаўлялі. А яшчэ там было шмат канструктараў лега. Нейкі хлопец гадоў за дваццаць нават прапанаваў, каб яго пакінулі на гэтай дзіцячай пляцоўцы і забралі напрыканцы фэсту.

Увогуле, на ўсёй тэрыторыі FSP было арганізавана шмат пляцовак з забавамі адмыслова для дзяцей.

А яшчэ на фэсце было шмат сабак. Не, ну а што? Яны таксама хочуць тусавацца!

Пасля ды-джэяў на галоўную сцэну выйшла Аня Жданава, якая добра ўпісалася ў агульную атмасферу свята. У яе лёгкі голас, які гучыць пад ненапружанае музычнае суправаджэнне.

А ў іншым месцы арт-пікніка мы пачулі рытмічныя рытм-н-блюзаўскія матывы.

Калі падышлі бліжэй, то ўбачылі брэйкданс.

Потым мы пацягнуліся на гук барабанаў і ўбачылі людзей з палкамі і мачэтэ ў руках. Гэта школа FICAG танчыла макулеле — афрыканскі баявы танец, і капаэйру — бразільскі від адзінаборстваў змяшаны з танцамі.

Мы зайшлі паслухаць разумных людзей на адукацыйны спот Edutainment. І сустрэлі там заснавальніцу аднаго з вядучых еўрапейскіх фэстаў новай музыкі і гарадской культуры Tallinn Music Week Хэлену Сільдну.

Ну, і якое ж фрык-паці без фрыкаў? Эксперыментальны фрык тэатр T(e)=Art паказаў выдатны перфоманс. Днём ён быў даволі спакойным і зусім не страшным. Нават дзеці, якія спачатку крыху баяліся, праз некаторы час сталі ўзаемадзейнічаць з акцёрамі. А вось увечары прадстаўленне стала не такім бескрыўдным, але пра гэта пазней.

Следам за Ганнай Жданавай на сцэну выйшла група 1/2 Orchestra ("Палова аркестра") з духавымі. Людзі падцягнуліся бліжэй да сцэны і пачалі танчыць.

Дарэчы, на тэрыторыі стаяла піяніна, за якое мог сесці кожны. Напрыклад, гэты дзядуля выконваў "The Beatles" песню "Yesterday".

А вось і другое прадстаўленне T(e)=Art. Гэта было крута! Гучала магутнае тэхна, быццам наўпрост з глыбінь пекла, дзе кругласуткавы рэйв. Хлопец бегаў і абліваў сябе чорнай і белай фарбай. Побач катаўся вялікі празрысты куб, усярэдзіне якога быў чалавек, загорнуты ў ліхтарыкі, якія хаатычна зіхацелі.

Хэдлайнерамі першага дня сталі On-the-Go. Расійскі індзі-поп-гурт завяршыў дзень на прыемнай і лёгкай ноце. А самыя моцныя адправіліся тусавацца далей — у "Хуліган".
FSP. Дзень другі
У гэтым годзе фэст расцягнуўся на два дні. Але ў нас паўстала пытанне: а ці варта ці не надакучаць адны і тыя ж забаўкі за два дня?
На адукацыйнай пляцоўцы выступаў Ілля Красільшчык — выдавец праекта meduza.io. Нават на пытанні з першага погляду «ні аб чым», ён даваў цікавыя і абгрунтаваныя адказы.


Падчас выступу групы “Intelligency” пайшоў маленькі дожджык. Але большасць гледачоў ён толькі разахвоціў.

Фантазія фрык-тэатра T(e)=Art зноў здзіўляла. Кожны раз яны дастаюць з кішэні штосьці новенькае. Увогуле яны бяскрыўдныя, але часам ты ловіш сябе на думцы, што толькі што пабываў у сярэдзіне трыпа кіслотнага наркамана.

Падчас выступу “Mujuice” хтосьці думаў пра сваё, а хтосьці працягваў адрывацца пад сцэнай. Хоць гэта і дзіўна, як можна скакаць пад такую меланхалічную музыку.

А вось саундчэк гурта-хэдлайнера “Balthazar” быў настолькі доўгім, што можна было б навучыцца граць на варгане.

Калі “Balthazar” пачалі граць, музыка разляцелася па ўсёй тэрыторыі арт-пікніка.
Падсумоўваючы, можна сказаць: FSP расце і развіваецца. Наступным разам варта наведаць гэты фэст. Калі будуць грошы, вядома ж.