Музей Азгура запрашае на беларуска-ірландскую фольк-вечарыну

У апошні вечар лета ва ўнутраным дворыку музея-майстэрні З. І. Азгура выступяць капэла «На таку» і гурт «Апошні шылінг». Яны зайграюць беларускую і ірландскую фольк-музыку.
Капэла “На таку” грае старыя вясковыя і гарадскія побытавыя танцы. Пераважная большасць – беларускія, але ёсць і літоўскія, латышскія, эстонскія, украінскія, польскія, фінскія, аўстрыйскія, брэтонскія ды французскія, а таксама іншых народаў Еўропы. Усяго – больш за сто розных танцаў. Крытэрам уключэння пэўнага танцу ў рэпертуар з'яўляецца яго гістарычная адаптаванасць да вясковай культуры і ступень захавання твору ў традыцыі. Удзельнікі капэлы ездзяць у этнаграфічныя экспедыцыі, пераймаюць ад носьбітаў традыцыйную манеру выканання.

Фольк-гурт “Апошні Шылінг” заснаваны ў 2007-м годзе. У рэпертуары – як вядомыя «стандарты» ірландскай і шатландскай традыцый, так і аўтарскія кампазіцыі. Як пішуць пра сябе самі музыкі, “Шылінг” – гэта традыцыйная ірландская музыка ў яе сучасным гучанні.

На вечары адбудзецца сольны стэп-выступ Канстанціна Мішуры.


Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!