Музей Багдановіча запрашае на выставу, прысвечаную Барысу Аракчэеву

Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае 23 красавіка на адкрыццё мастацка-дакументальнай выставы «Дом на вуліцы Любімскай». Экспанаты выставы сабраны з фондаў музея і архіва сям'і Аракчэевых

Барыс Уладзіміравіч Аракчэеў — вядомы беларускі жывапісец і педагог. Нарадзіўся ў 1926 годзе ў Расіі, першыя крокі зрабіў у вёсцы Турбанава на Яраслаўшчыне, але лёс звязаў яго з Беларуссю. Тут, у Мінску, ён атрымаў мастацкую адукацыю і дасягнуў прафесійных вышынь. Стаў вядомым выкладчыкам Мінскага мастацкага вучылішча і Беларускай акадэміі мастацтваў.

Жыццё Максіма Адамавіча Багдановіча, класіка беларускай літаратуры, таксама звязана з горадам Яраслаўлем. Сюды ён пераехаў з сям’ёй бацькі ў 1908 годзе, тут скончыў Яраслаўскую мужчынскую гімназію, Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй. Яраслаўль, яго ваколіцы, жыццё буйнога горада адлюстраваны М.Багдановічам у шматлікіх нататках, замалёўках, рэпартажах і фельетонах.

Знакавыя мясціны, звязаныя з Максімам Багдановічам, знайшлі адлюстраванне ў творчасці Барыса Аракчэева. У фондах музея захоўваюцца яго карціны — «Гады вучобы ў гімназіі», «Вясна ў Карабісе», «Дом у Яраслаўлі на вуліцы Любімскай, дзе з 1912 па 1914 гады жыла сям’я Багдановічаў» і іншыя. Гэтыя творы і работы з асабістай калекцыі Аксаны Аракчэевай будуць прадстаўлены на выставе «Дом на вуліцы Любімскай». Упершыню прэзентуюцца матэрыялы з архіва сям’і Аракчэевых: эцюды, замалёўкі, працоўныя запісы і лісты Барыса Уладзіміравіча, якія раскрываюць некаторыя сакрэты складанага і шматграннага творчага працэсу.

Важнай часткай выставы з’яўляюцца мастацкія работы дачок Барыса Аракчэева — Алёны і Аксаны. Сярод іх — творы, прысвечаныя жыццёваму і творчаму шляху Максіма Багдановіча, у тым ліку зробленыя падчас вандровак па мясцінах паэта, а таксама тыя, якія нарадзіліся ў выніку сяброўства з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча.

Прэзентацыя мастацка-дакументальнай выставы «Дом на вуліцы Любімскай» адбудзецца 23 красавіка а 17-й гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а).

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: