Музей Максіма Багдановіча: вынікі аптымізацыі

Беларусь сёння адзначае 125-гадовы юбілей з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Не ўхіліцца ад адзначэння і музеям паэта. З чым яны сустрэнуць круглую дату пасля «аптымізацыі», якая адбылася два гады таму?

У канцы 2013 і пачатку 2014 года мінская грамадскасць хвалявалася: што будзе з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча? Праводзіліся пікеты, прэс-канферэнцыі, падпісваліся і распаўсюджваліся заявы і звароты. Сярод іншага выказваліся асцярогі, што будынак у Траецкім прадмесці можа быць адабраны ў музея, як гэта раней адбылося з будынкам Нацыянальнага гістарычнага музея (колішнім вайсковым шпіталем) па вуліцы Фрунзэ — яго перадалі следчаму камітэту. На шчасце, музей Багдановіча застаўся ў сваім будынку.

Але ў красавіку 2014 года ў выніку «аптымізацыі», праведзенай Міністэрствам культуры, ён перастаў існаваць як юрыдычная асоба і ператварыўся ў філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Пазбаўленне самастойнасці чакала і некаторыя іншыя музеі, напрыклад, музей Пятруся Броўкі.

Да юбілею Максіма Багдановіча самы час падвесці вынік гэтага захаду на прыкладзе музея класіка: два з паловай гады павінны былі паказаць плён праведзенай рэарганізацыі.

Ці не галоўнай задачай «аптымізацыі» Мінкульт абвяшчаў падвышэнне заробкаў музейным работнікам за кошт скарачэння іх колькасці. Маўляў, скароцім бухгалтэрыю і гаспадарчых работнікаў, каб павялічыць аплату працы работнікаў навуковых.

У тым, што гэтая заява не адпавядала рэчаіснасці, супрацоўнікі музея пераканаліся ўжо ў красавіку 2014-га. Калі ў часы «незалежнасці» заробак старшага навуковага супрацоўніка быў прыкладна 3 мільёны беларускіх рублёў, то ў часы «філіяльнасці» ён стаў ледзь перасягаць 2 мільёны. Толькі цяпер, праз амаль тры гады і пасля абвальнай інфляцыі, заробак наблізіўся да 300 «новых» рублёў. Не варта і казаць, што аплата працы дырэктара асобнага музея адрозніваецца ад заробку загадчыка філіяла як мінімум у два разы.

Мінкульт пастуляваў, што загадчыкі філіялаў «будуць вызваленыя ад вырашэння пытанняў матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння». Атрымалася зусім наадварот. Калі раней у распараджэнні дырэктара Літаратурнага музея Максіма Багдановіча былі гаспадарчыя супрацоўнікі, якія падпарадкоўваліся непасрэдна яму і якім можна было даручыць правесці тыя ці іншыя закупкі ці загадаць выдаць тое-сёе са склада, то цяпер усе гаспадарчыя службы знаходзяцца ў іншым будынку і загадчыку філіяла не падпарадкоўваюцца.

Час загадчыка філіяла сыходзіць на тое, каб дамовіцца з гэтымі «самастойнымі» службамі непасрэдна ці праз дырэктара музея. Больш за тое, у выніку «аптымізацыі» звольніліся бухгалтары і гаспадарчыя работнікі не толькі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і іншых новаспечаных філіялаў, але і галаўнога музея гісторыі літаратуры. Некалькі месяцаў сышло толькі на перадачу матэрыяльных каштоўнасцяў, дакументацыі і ўваход у курс спраў.

Пра тое, як новыя гаспадарчыя службы працуюць, сведчыць хоць бы такі факт: наведвальнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча скардзяцца на адсутнасць у прыбіральні мыла і туалетнай паперы. За апошнія тры гады для музея не праводзілася закупак аргтэхнікі, хаця наяўныя кампутары састарэлі і псуюцца. З непасрэдна музейнымі закупкамі справа стаіць не лепей. Надзвычай зацягнулася правядзенне тэндараў на стварэнне мастацкага праекту новай пастаяннай экспазіцыі музея Багдановіча і на стварэнне ўласна экспазіцыі. Апісанне закупак, якія цягам двух гадоў адмяняліся або не адбываліся, можна і сёння знайсці на сайце Нацыянальнага цэнтру маркетынгу і кан’юнктуры цэн.

Падобная сітуацыя назіраецца і ў іншых структурах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Увесну 2016 года навуковыя супрацоўнікі музея і яго філіялаў нават напісалі ліст у Мінкульт, у якім скардзіліся на сабатаж асветніцкай і навуковай працы з боку бухгалтэрыі і некаторых гаспадарчых работнікаў. Як сцвярджалі навукоўцы, бухгалтэрыя «не жадала» аплачваць выраб матэрыялаў для выстаў (з-за чаго яны зрываліся) і не вырашала іншыя пытанні.

Мінкульт, у сваю чаргу, не мае права змяняць бухгалтэрыю музея, гэта кампетэнцыя дырэктара. Затое Міністэрства культуры мае права змяніць дырэктара, чым урэшце справа і скончылася. Увосень крэсла, вызваленае Лідзіяй Макарэвіч, заняў Зміцер Яцкевіч. Толькі час пакажа, ці здолее новы кіраўнік наладзіць працу гаспадарчых службаў. Стварэнне ж экспазіцыі музея Багдановіча пачалося толькі пару месяцаў таму, і зараз, у юбілейныя дні, працягваецца.

Апраўдваючы «аптымізацыю», Мінкульт фантазіраваў: нібыта вызваленыя адміністрацыйныя памяшканні можна будзе «аддаць пад пашырэнне экспазіцыйных плошчаў». Відавочна, супрацоўнік міністэрства, які пісаў гэтыя радкі, кепска ведае будынак музея Багдановіча. У 1980-я гады ён перабудоўваўся спецыяльна для музея, і зараз толькі-толькі прайшоў праз капітальны рамонт. На час «аптымізацыі» рамонт ужо быў напалову зроблены, і яго праект не падлягаў пераробцы.

Экспазіцыйныя памяшканні музея канструкцыйна аддзеленыя ад адміністрацыйных. Каб далучыць да экспазіцыйных плошчаў хаця б адзін «адміністрацыйны» пакойчык, давялося б прабіваць новыя дзверы, зносіць сцены — адным словам, рабіць грунтоўную перапланіроўку. На што, зразумела, патрэбныя немалыя грошы і немалы час. Адкуль, цікава, планавалі ўзяць грошы міністэрскія чыноўнікі ў часы татальнай эканоміі?

З іншых рэальных вынікаў «аптымізацыі» можна назваць такі, што колішнія аддзелы ператварылі ў сектары (у складзе філіяла не можа быць аддзелаў). Адпаведна, заробкі загадчыкам аддзелаў, якія сталі загадчыкамі сектараў, зменшылі.

Пасля некалькіх выхадаў у афлайн (з-за неаплаты новай бухгалтэрыяй хостынгу) і вяртання ў сеціва (пасля аплаты) у Літаратурнага музея Максіма Багдановіча канчаткова знік сайт bagdanovich.by. Засталася толькі куцая старонка на сайце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і старонка на фэйсбуку.

Ледзь не «аптымізавалі» канчаткова ў мінулым годзе і музей «Беларуская хатка». Колішні філіял музея Максіма Багдановіча цяпер зʼяўляецца філіялам таго ж Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Здаецца, што толькі скандал у СМІ спыніў перадачу «Беларускай хаткі» ад музея да Універсітэта культуры і мастацтваў. Рамонт «хаткі» ідзе ўжо восем гадоў.

Яшчэ адным вынікам «аптымізацыі» можна назваць паспяховую карʼеру былога намесніка начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці міністэрства культуры Дзмітрыя Шляхціна. У час працы на гэтай пасадзе Шляхцін актыўна распісваў публіцы ўяўныя перавагі «аптымізацыі». Неўзабаве ён апынуўся на працы ў Адміністрацыі прэзідэнта, а нядаўна быў прызначаны дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Як бачым, аргументы Міністэрства культуры за «аптымізацыю» праверкі часам не вытрымалі. Адзіная рэальная задача «аптымізацыі» — скарачэнне бюджэтных выдаткаў — была дасягнута. Але якім коштам?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Антон Астаповіч
  • 2016-12-12 20:25:54
Прабачце, не артыкул, а пасквіль. Каб пісаць матэрыял, то трэба вкдаць усю сітуацыю, а яна зусім іншая, і падцверджаннем гэтаму - новая экспазіцыя. Наконт беднага і няшчаснага загадчыка філіяла. Прабаце, а чым яна павінна займацца, як не арганізацыяй працы свайго падраздзялення і нават пытаннямі матэрыяльна-тэхнічнага забяспячэння. Экскурсіі вадзіць, інтэр'ю раздаваць ды чаі ганяць на працоўным месцы? Загадчыкі структур не для гэтага існуюць. Перад тым пісаць пра пакутны лёс загадчыка філіяла, вывучылі б спачатку яго службовыя абавязкі. На месцы Мінкульта, ці Дзяржмузея гісторыі беларускай літаратуры я б нават і ў суд звярнуўся са скаргай на газету і аўтара. Васілю Каршэню трэба даць у каршэнь.
  • Аксана Колб
  • 2016-12-12 21:57:06
Пасквіль, гэта тое, што вы пішыце ў сваім фб пра выданне, якое калісьці гэтак жа вас бараніла, хаця шмат хто лічыў і вашы довады недасканалымі. Але ж гэта не важна, напэўна, для вас. Вы ж ні прыводзіце ніводнага факта, які б абвяргаў напісанае, акрамя свайго ўласнага меркавання. І больш таго вы там не парцуеце. А між тым журналіст нічога не прыдумаў, а запісаў слова ў слова тое, што казалі шматлікія супрацоўнікі. Калі Зміцер Яцкевіч з чымсьці не згодны (хаця менавта пра яго тут нічога дрэннага і не напісана, бо ён яшчэ пры ўсім жаданні не мог сябе праявіць за такі кароткі тэрмін), ён можа выказаць сваё меркаванне. Але навошта я вам усё гэта тлумачу...
  • Аляксей Б.
  • 2016-12-13 09:19:59
Артыкул як мінімум супярэчлівы. Спачатку неабходна было б аддзяліць адказнасць міністэрства ад адказнасці колішняй дырэкцыі галаўнога музея. Тое, што міністэрства пайшло на аптымізацыю - вынік нашага эканамічнага і палітычнага курсу. Хіба мінкульт мог абмінуць скарачэння кадраў? Хіба ён у гэтым вінаваты? Калі прыпёрлі, дык натуральна, што маленькія музеі аб'ядноўвалі з большымі. А далей ідзе адказнасць колішняга кіраўніцтва музея літаратуры - хіба з самаго артыкула не ясна, што кіраўніцтва не спраўлялася з абавязкамі? Забеспячэнне філіялаў ніякае, тэндэры правальваліся, экспазіцыю гадамі не маглі зрабіць. Сам музей без экспазіцыі, Беларуская хатка без экспазіцыі, музей Багдановіча ледзь паспелі зрабіць, і яўна не дзякуючы колішняму кіраўніцтву. Дарэчы, а экспазіцыя музея Багдановіча хоць памянялася змястоўна пасля абнаўлення? Зрабіла ў гэтай частцы сваю справу загадчык філіяла?

Больш цікавага на «Новым Часе»: