«Мы трошку ў шоку»: Канал купалаўцаў у YouTube набраў больш за 100 тысяч падпісчыкаў

YouTube-канал акцёраў Купалаўскага тэатра набраў 100 тысяч падпісчыкаў. Гэта стала вынікам флэшмобу ў Сеціве: актывісты заклікалі беларусаў масава падпісвацца на канал купалаўцаў, каб акцёры змаглі яго манетызаваць і тым самым зарабляць з трансляцыі сваіх пастановак.

Сцэна са спектаклю «Тутэйшыя». Фота: Дар'я Буракіна, TUT.BY


12 кастрычніка на незалежным YouTube-канале акцёраў Купалаўскага тэатра адбылася прэм’ера спектакля «Тутэйшыя». Пасля гэтага ў сацыяльных сетках з’явіўся допіс з заклікам падпісацца на канал купалаўцаў, каб акцёры, якія ў жніўні звольніліся па палітычных матывах, змаглі зарабляць. За некалькі гадзін ён разляцеўся па сотнях чатаў і груп Байнэту.

— Канешне, мы трошку ў шоку. Разумелі, што пасля прэм’еры спектакля да нас будзе больш увагі. Але ніхто не чакаў, што з’явіцца такі заклік, і што ён разляціцца з неверагоднай хуткасцю па самых розных месцах! Самі акцёры ў дваравых чатах натыкаліся на гэтыя заклікі, у мяне Facebook быў завалены гэтай просьбай — падзяліўся з TUT.BY адзін з акцёраў Купалаўскага.

Купалаўцы ўдакладнілі, што колькасць падпісчыкаў канала з 11 на 12 кастрычніка вырасла на чатыры тысячы, а з 12 на 13 кастрычніка — ужо на 80 тысяч. Яшчэ некалькі дзясяткаў тысяч падпісаліся сёння. Зараз на канале ўжо больш за 100 тысяч падпісчыкаў. Гэта азначае, што цяпер акцёры змогуць ўключыць манетызацыю і спонсарства на YouTube. Купалаўцы плануюць скарыстацца такой магчымасцю.

Нагадаем, што з-за палітычных падзей у канцы лета вялікая частка супрацоўнікаў Купалаўскага тэатра звольнілася — у знак салідарнасці з беларусамі. Пасля гэтага артысты стварылі незалежны YouTube-канал «купалаўцы», дзе плануюць трансляваць спектаклі. 12 кастрычніка на гэтай анлайн-пляцоўцы адбылася прэм’ера «Тутэйшых» паводле п’есы Янкі Купалы. За двое сутак яе паглядзелі больш за 115 тысяч карыстальнікаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: