N.R.M. «Тры чарапахі» выйдзе на вініле да 20-годдзя альбома

Гэтай восенню 20 гадоў адсвяткаваў легендарны альбом N.R.M. «Тры чарапахі». Сёння стартавала перадзамова яго першага афіцыйнага выдання на вініле.


Плытку “Тры чарапахі” выдасць лэйбл Mediacube Music, які ўвесну здзейсніў першае выданне ўсіх “класічных” альбомаў N.R.M. 1995-2007 на лічбавых пляцоўках. Перавыданне аздоблена ў арыгінальных “сіне-чорных” колерах і змяшчае ўсе тэксты песень.

Фота Сяргея Кажамякіна

Атрымаць дыск можна толькі па перадзамове ў інтэрнэт-краме MC-music.by з дастаўкай па ўсім свеце. Запланаваны наклад вінілавага выдання – 300 асобнікаў. Кошт – 90 беларускіх рублёў. Тэрмін вытворчасці – каля трох месяцаў.

 “Тры чарапахі” – адзін з галоўных беларускіх музычных альбомаў усіх часоў, які быў створаны класічным складам N.R.M.: Лявон Вольскі (спеў, гітара), Піт Паўлаў (гітара), Юрась Ляўкоў (бас-гітара), Алег “Алезіс” Дземідовіч (бубны). Дыск прынёс гурту культавы статус, а загалоўная песня з яго стала сапраўдным народным хітом.


У 2010 годзе шляхі гурта N.R.M. і Лявона Вольскага разыйшліся. Але ў жніўні 2020 квартэт уз’яднаўся класічным складам, каб выканаць разам “Тры чарапахі” на відэа. Далейшых планаў на супольныя выступы ў музыкаў няма.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: