На юбілейнай «Камяніцы» выступяць Вольскі, Вайцюшкевіч і Trollwald

Апроч таго першага верасня на галоўнай сцэне фестываля прагучаць легендарныя «Стары Ольса» і «Троіца».
Арганізатары фестывалю «Камяніца з Банкам БелВЭБ» абвясцілі поўны спіс артыстаў, якія выступяць 1 верасня на галоўнай сцэне. Мерапрыемства адбудзецца на тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо, у 4 кіламетрах ад аўтарынка «Малінаўка».

Юбілейная, дзясятая па ліку, «Камяніца» збярэ на адной сцэне выканаўцаў, якія ўжо сталі сімваламі беларускай музыкі, прычым не толькі ў фолк-галіне. Гледачоў чакаюць выступы гурта сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса», этна-трыа «Троiца», рок-музыкі Лявона Вольскага (у дуэце з Паўлам Аракелянам), а таксама галоўнага беларускага лірыка Змітра Вайцюшкевіча разам з WZ-Orkiestra. Замежнымі гасцямі фестывалю будуць фолк-калектывы Joryj Kloc (Украіна) і «Тесто» (Расія). Гучны фінал забяспечыць каларытны беларускі фолк-метал гурт Trollwald (былы Litvintroll).

Мы робім усё, каб гэты фестываль стаў найлепшым за дзесяць гадоў па ўсіх параметрах: ад артыстаў да забаў і фудкорта. Каб усім гасцям – і дарослым, і дзецям – было цікава і камфортна. Запланавана некалькі сцэн, шмат розных пляцовак і прыгожых выступаў, – кажа каардынатар фестывалю Алег Пашак.

Квіткі на «Камяніцу» ў папярэднім продажы і да 13:00 1 верасня можна набыць танней, апроч таго школьнікам і студэнтам арганізатары абяцаюць ільготы. Продаж квіткоў на сайце і ў касах Kvitki.by, а таксама ў офісе Музея народнай архітэктуры і побыту ў Мінску. Адрас: вул. Кальварыйская д.17, к.614. Час працы: з 10:00 да 16:30.

Фестывальная пляцоўка адчыніцца 1 верасня ў 11:00. Музычная і забаўляльная праграмы стартуюць ў 12:00. Гледачы ў поўных версіях нацыянальных строяў (ад галаўных убораў да пасуючага абутку) праходзяць бясплатна. Інфалінія: (033) 661-14-32, (017) 209‑41-63.


Арганізатары «Камяніцы з Банкам БелВЭБ» прымаюць заяўкі на ўдзел у фестывальным кірмашы і забаўляльнай праграме. Перавага надаецца праектам, якія працуюць у беларускім кантэксце. Заяўкі трэба дасылаць да 25 жніўня на адрас kamianica2003@gmail.com з апісаннем, прыкладамі і кантактамі.

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!