На месцы «Басовішча» пройдзе фестываль Абуджаных «Тutaka»

Два гады таму ва ўрочышчы Борык пад Грудэкам (Беласток) адбыўся трыццаты і апошні фэст музыкі маладой Беларусі «Басовішча». Але сёлета на той легендарнай паляне зноў будзе гучаць музыка — 6-7 жніўня тут пройдзе фестываль Абуджаных «Тutaka». Як кажуць арганізатары — наўпроставы нашчадак «Басовішча».
Басовішча-19. Архіўнае фота

Басовішча-19. Архіўнае фота


«Трыццаць гадоў таму "Басы", сярод іншага, абудзілі беларусаў Падляшша, каб яны маглі з гонарам гаварыць пра сваю ідэнтычнасць і выказваць яе праз сучасную музыку і бел-чырвона-белыя колеры свабоднай Беларусі. У 2020 годзе беларусы Беларусі і дыяспары таксама масава абудзіліся, і бел-чырвона-белы сцяг стаў сімвалам абуджанай, непахіснай, творчай і проста сексуальнай нацыі!

Тое, што цяпер усе мы, беларусы, будуем вялікую нацыю, вартае святкавання — хаця абставіны, з аднаго боку, сумныя, і нават трагічныя.

Фестываль стане нагодай адзначыць і ўшанаваць памяць гадавіны выбуху беларускай грамадскай рэвалюцыі, падчас якой рукі злачыннага рэжыму шмат разоў былі заплямленыя беларускай крывёй. Але, з іншага боку, гэта будзе і гадавіна будавання вялікай нацыі. Тады, як многія з нас наогул сумняваліся, што гэта магчыма, 2020 год стаў нацыястваральным выбухам, які ўжо “не спыніць”.

Фестываль “Tutaka” — гэта не толькі музыка. У дадатак да музыкаў беларускай рэвалюцыі мы хочам паказаць беларускую культуру і мастацтва ў поўнай разнароднасці. Таму чакайце не толькі канцэртаў.

Па дамове з Беларускай радай культуры фестываль стане "grande finale/postscriptum" Тыдня беларускай культуры. Няхай гэты Фестываль усіх свабодных беларусаў стане выразам нашай салідарнасці з братамі і сёстрамі, якія, знаходзячыся ў Беларусі, усё яшчэ разлічваюць на нашу падтрымку і салідарнасць.
Будзьма разам!» — гаворыцца на старонцы мерапрыемства ў Фэйсбуку.

Фэст “Tutaka” ладзіцца пад патранажам офіса Святланы Ціханоўскай. 

Падзея будзе таксама транслявацца ў інтэрнэце.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: