На месцы культавай мінскай Галерэі «Ў» размесціцца бар «Питер»

Аб’ява на дзвярах былой Галерэі «Ў» сведчыць, што неўзабаве тут з’явіцца бар пад назвай «Питер», паведамляе «Радыё Свабода».
Галерэя «Ў», архіўнае фота

Галерэя «Ў», архіўнае фота


У верасні 2017 года тэрыторыя ў раёне былога тралейбуснага дэпо на вуліцы Чырвонай была прададзена за 17 мільёнаў рублёў кампаніі-забудоўніку «А-100 Дэвэлапмэнт».

На выкупленым участку плануецца ўзвесці жылы комплекс з аб’ектамі сацыяльна-грамадскага прызначэння і падземнымі паркінгамі. Распачатыя ведамасныя ўзгадненні праектаў і спадарожнай дакументацыі.

На тэрыторыі, прызначанай пад перабудову, сярод іншага падпалі пад знос два знакавыя месцы — Галерэя «Ў» і кнігарня «ЛогвінаЎ». З 2009 году тут быў эпіцэнтр прэзентацый, культурных імпрэзаў, продажу кніжак незалежных выдавецтваў.

Пераезд гэтай пляцоўкі ў іншае месца тлумачыўся ў тым ліку і перадвызначанасцю адрасу. Хоць, прызнаецца арт-дырэктарка Галерэі «Ў» Ганна Чыстасердава, навіна стала стымулам для росту — маленькі будынак папросту перастаў спраўляцца з попытам на яго.

«Калі з’язджалі, мы ведалі, што там будзе адкрывацца нешта іншае, — кажа Ганна. — Пра гэта казаў адзін з людзей, які браўся за гэты праект, праўда, не было яшчэ ні назвы бара, ні канцэпцыі, яны з намі сваімі сакрэтамі не дзяліліся. Пра назву я даведалася абсалютна выпадкова... Так ці інакш, раён будзе забудоўвацца, мабыць, ёсць людзі больш смелыя. Але як з нашага гледзішча, укладаць грошы ў праект, якога хутка не стане і які даволі дарагі па арэндзе, было ўжо не разумна. Цяпер займаемся пераездам, робім рамонт. І што адбываецца па старым адрасе, мяне, шчыра кажучы, ужо не турбуе».

Раней кіраўнік «А-100 Дэвэлапмэнт» Аляксандр Цэнтэр тлумачыў: паколькі гаворка пра цэнтр гораду, распрацоўка неабходнай дакументацыі запатрабуе сурʼёзных узгадненняў. Паводле ягоных прагнозаў, на гэта пойдзе сама меней два гады. Выглядае, што цягам гэтага часу камерсанты яшчэ спадзяюцца зарабіць.

Шчыра кажучы, у нашай краіне ніхто не можа гарантаваць, што і як будзе адбывацца.

«Шчыра кажучы, у нашай краіне ніхто не можа гарантаваць, што і як будзе адбывацца, — працягвае суразмоўца. — Тое, што могуць нешта знесці вельмі хутка, усе цудоўна ведаюць. Ці здарыцца гэта ў дачыненні да тралейбуснага парку? Цяжка сказаць; хутчэй так, чым не. Мяркую, у канцы вясны нейкі рух ужо пачнецца. Людзі, якія адкрываюць гэты бар, таксама ў курсе акалічнасцяў угоды „А-100“, гэта шырока асвятлялася ў СМІ. Значыць, ведаюць, якім чынам не проста ўкласці грошы ў праект, а таксама паспець адбіць іх. Асабіста для мяне гэта вельмі смела, паглядзім..


Як Ганна Чыстасердава ставіцца да таго, што на месцы папулярнай арт-пляцоўкі нацыянальна-культурніцкай арыентацыі пачне працаваць бар?

«Ну, я ж не магу нешта вырашаць за іншых людзей, — парыруе арт-дырэктарка Галерэі „Ў“. — Магчыма, камусьці ў нашым горадзе не хапае „Питера“. Як ужо казала, пакуль я не зусім разумею, якая там будзе канцэпцыя, бо, калі аб’ектыўна, Піцер таксама можа быць розны. Нешта каментаваць у гэтым выпадку досыць складана, бо цяпер я стопрацэнтна занятая новым праектам і проста не маю часу аналізаваць, што адбываецца на месцы былой галерэі».

Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» пачала працаваць у кастрычніку 2009 году ў пераабсталяваным будынку колішняга пункту прыёму шклотары.

Неўзабаве яна стала адным з самых атмасферных месцаў гораду. За час яе існавання тут адбыліся сотні выставаў, прэзентацыяў, сустрэчаў з творцамі, а сама галерэя стала арганічнай іміджавай часткай сталіцы.

Адразу пасля навіны пра знос гаспадары пачалі шукаць альтэрнатыўную пляцоўку. Плануецца, што сваю дзейнасць галерэя адновіць на вуліцы Кастрычніцкай.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!