На прэм'еры «Мой сябар жырафа» падарункі атрымаюць усе юныя гледачы

У Мінску пройдзе спецыяльная прэм'ера фільма «Мой сябар жырафа» з падарункамі ўсім юным гледачам падчас паказу ў кінатэатры «Масква».

 

30 жніўня ў Мінску адбудзецца незвычайная прэм'ера казачнай гісторыі для ўсёй сям'і «Мой сябар жырафа» вытворчасці Нідэрландаў. На паказе ў кінатэатры «Масква» ў 19:00 усе юныя гледачы атрымаюць падарункі — тэматычныя маляванкі «Мой сябар жырафа ў Беларусі».

На вялікіх экранах сталіцы карціну можна будзе паглядзець з 30 жніўня па 12 верасня. Пераклад і беларускі дубляж фільма ў рамках праекта «Беларускія ўікэнды» выканала каманда «Кінаконг» пры падтрымцы кампаніі velcom.

«Мой сябар жырафа» — гэта чароўная гісторыя аб моцным сяброўстве звычайнага хлопчыка і гаворачага жырафа па імені Раф. Галоўны герой фільма, Дзікечэ Дап, — будучы першакласнік, і з Рафам яны не разлі вада: разам выраслі і разам хочуць пайсці ў школу. Але вось няўдача: дарослыя лічаць, што жырафе школа не патрэбна, і ў першы клас Дзікечэ пойдзе адзін. Як сябры справяцца з гэтым выклікам, ці зможа Раф пайсці ў школу разам з гарэзам Дзікечэ і як правяраецца сапраўднае моцнае сяброўства, можна даведацца з новага фільма, знятага па матывах твора нідэрландскай казачніцы Ані Шміт. Фільм асабліва спадабаецца тым юным гледачам, якія гэтак жа, як і яго галоўны герой, збіраюцца ў першы клас.

«Мы падыходзім да кожнага фільма індывідуальна, імкнёмся максімальна дакладна перадаць гледачу яго настрой. «Мой сябар жырафа» гэта вельмі добрая, павучальная гісторыя пра сяброўства для ўсёй сям'і, лепшы фільм для паказу 1 верасня. У маляванках дзеці змогуць захаваць яркія ўспаміны пра фільм, яго знаходлівых герояў, пра бесклапотныя летнія дні. Думаю, пачатак навучальнага года з вясёлай гісторыяй на беларускай мове стане для дзяцей і іх бацькоў адным з самых цёплых сямейных успамінаў», — падзяліўся кіраўнік праекта «Беларускія ўікэнды» Андрэй Кім.

 

Па ініцыятыве velcom упершыню ў гісторыі праекта «Беларускія ўікэнды» пракат стужкі стартаваў у Віцебску. Спецыяльным госцем паказу стаў удзельнік агучкі фільма «Мой сябар жырафа», беларускі акцёр тэатра і кіно Сяргей Жбанкоў: «Фільм «Мой сябар жырафа» — гэта гісторыя аб яскравым самаадданым дзяцінстве, у якой кожны знойдзе сваю нагоду для настальгіі. Дзікечэ Дап — сапраўдны авантурыст і верны сябар, і агучваць яго было ўсё роўна што ненадоўга вярнуцца ў дзяцінства. Таму мне вельмі прыемна ўпершыню прадстаўляць сваю работу менавіта ў Віцебску, горадзе, дзе я вырас».

У Мінску з 30 жніўня да 5 верасня ўключна фільм будуць паказваць у кінатэатрах «Аўрора», «Беларусь», «Дом кіно», «Кіеў», «Мір», «Кастрычнік», «Піянер», «Ракета», «Салют», «Цэнтральны» і Falcon club, а таксама ў кінатэатрах сеткі Silver Screen, уключаючы velcom cinema. З 6 па 12 верасня карціну «Мой сябар жырафа» можна будзе ўбачыць у кінатэатрах «Аўрора», «Беларусь», «Кіеў», «Мір» і «Ракета». У кінатэатрах «Дом кіно» і «Піянер» апошнія сеансы стужкі пройдуць 8-9 верасня. Квіткі на сеансы можна набыць анлайн і ў касах кінатэатраў. Падрабязнасці на сайтах kinakong.by і velcom.by.

У рамках праекта «Беларускія ўікэнды», які рэалізуецца кампаніяй «Кінаконг» пры падтрымцы velcom, вядомыя прадстаўнікі тэатра і кіно Беларусі бяруць удзел у перакладзе і агучцы на беларускую мову рознапланавых замежных фільмаў, якія затым дэманструюцца ў шырокім пракаце. Сярод іх — «Хронікі Нарніі: леў, вядзьмарка і гардэроб», «Маленькі прынц», «Форэст Гамп», «Шторм», «Жонка аглядальніка заапарку», «Кніга Ілая», «Таямніца Келза», «Таемнае жыццё Уолтэра Міці», «Рыбка Поньё» і «Падымаецца вецер». Цяпер калекцыю папаўніць і новы фільм з Нідэрландаў «Мой сябар жырафа». Гэта трэцяя па ліку стужка, якую, як і «Маленькі прынц» і «Шторм», пакажуць не толькі ў Мінску, але і ў іншых буйных гарадах краіны.

 

Пасля пракату ў кінатэатрах фільм «Мой сябар жырафа» стане даступны на платформе VOKA ў спецыяльным раздзеле «CINEVOKA — кіно па-беларуску». У ім прадстаўлена 17 культавых стужак сусветнага кінематографа, у тым ліку агучаныя ў рамках праекта «Беларускія ўікэнды» «Рыбка Поньё», «Маленькі прынц», «Кніга Ілая», «Падынгтан», «Жонка аглядальніка заапарку». Раздзел «CINEVOKA — кіно па-беларуску» даступны для прагляду падпісчыкам пакета «VOKA Відэа».

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: