На сцэну Купалаўскага вяртаецца спектакль «Не мой» паводле аповесці Алеся Адамовіча

Любімы многімі гледачамі Купалаўскага тэатра, адзін з самых знакавых спектакляў з рэпертуара — спектакль «Не мой» ізноў пройдзе на сцэне Купалаўскага тэатра. Паказы пастаноўкі адбудуцца 30 чэрвеня і 2 ліпеня 2020 года. Разам з паказамі адноўленнага спектакля ў Каміннай зале тэатра пройдзе дакументальная выстава з фондаў Дзяржаўнага музея гiсторыi беларускай лiтаратуры «Алесь Адамовiч...».
Фота са старонкі Купалаўскага тэатра ў фэйсбуку

Фота са старонкі Купалаўскага тэатра ў фэйсбуку

“Не мой” стаў адным са знакавых спектакляў Купалаўскага тэатра, пастаўленых за апошняе дзесяцігоддзе. Спектакль Аляксандра Гарцуева паводле аповесці Алеся Адамовіча “Нямко” разам са сцэнаграфіяй Барыса Герлавана стаў, напэўна, самай моцнай і кранальнай пастаноўкай пра вайну. У цэнтры сюжэта — беларуская дзяўчына Паліна, якая ратуе нямецкага салдата Франца і прадстаўляе яго сваім нямым братам. На могілках і папялішчах нараджаецца каханне — здаецца, гэта адзінае, што дазваляе выжыць у нечалавечых абставінах.

Спектакль стаў адным з першых лаўрэатаў Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі і атрымаў узнагароды ў намінацыях "Найлепшы спектакль года", "Найлепшая жаночая роля" (Святлана Анікей), "Найлепшая сучасная пастаноўка паводле твораў беларускіх аўтараў" (рэжысёр Аляксандр Гарцуеў, інсцэніроўка Алена Калюнова), "Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка" (Барыс Герлаван), "Найлепшая музычнае афармленне" (Алег Хадоска). “Не мой” таксама атрымаў Гран-пры ХІ Міжнароднага фестывалю "Славянскія сустрэчы", прыз за найлепшую сцэнаграфію (Барыс Герлаван) і за найлепшы акцёрскі дуэт (Аляксандр Казела і Валянціна Гарцуева) (май 2013).

Аднаўленне спектакля прымеркавана да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Адмыслова для гэтага разам з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры ў Каміннай зале тэатра будзе ўпершыню прадстаўлена ўнікальная выстава з фондаў Дзяржаўнага музея гiсторыi беларускай лiтаратуры. “Алесь Адамовiч...”. На экспазіцыі будзе прадстаўлены творчы і жыццёвы шлях беларускага дакументаліста, які ўсю сваю працу прысвяціў даследаванню лёсаў людзей вайны.

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: