«На шляху з вараг у грэкі»: Полацк запрашае на фестываль

У Полацку 30 жніўня-1 верасня пройдзе фестываль «На шляху з вараг у грэкі». Наведвальнікі змогуць пабачыць, як апраналіся, што елі, ува што гулялі і як змагаліся ў Раннім і Познім Сярэднявеччы.


Вялікая роля ў гісторыі Полацкага краю належыць Заходняй Дзвіне – старажытнай транспартнай артэрыі. Аж да пачатку XX стагоддзя праз разгалінаваную сетку водных шляхоў зносін рэгіён быў уключаны ў агульнаеўрапейскую эканамічную сістэму, з’яўляўся паўнапраўным удзельнікам міжкультурнага ўзаемадзеяння.
  

Сярэднявечны Полацк ажыве з 30 жніўня па 1 верасня: зноў прыплывуць баявыя і гандлёвыя караблі. Як і стагоддзі таму, у горадзе над Дзвіной збяруцца госці з Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны, Беларусі.

Алена Ізергіна

Алена Ізергіна

Падрабязней пра імпрэзу НЧ распавяла ўдзельніца каманды арганізатараў фестывалю Алена Ізергіна.

Фестываль «На шляху з вараг у грэкі» робіць упор на рэканструкцыю побыту славян і вікінгаў IX – XII cтст. Наведвальнікі змогуць пабачыць, як апраналіся, што елі і ўва што гулялі людзі ў той час. Для гэтага на Кургане Бессмяротнасці на беразе Дзвіны насупраць ад Сафійскага сабора будзе працаваць лагер рэканструктараў. Наведвальнікам «у цывільным» нельга будзе знаходзіцца на тэрыторыі самога лагера, аднак ён добра праглядаецца з усіх бакоў. На другой абгароджанай пляцоўцы размесцяцца рыцыры-рэканструктары побыту ВКЛ і Заходняй Еўропы XIV – XV стст.


Будуць працаваць гандлёвыя рады з выставай-продажам рамесных вырабаў і старажытная кухня. Пройдуць майстар-класы па сярэднявечным рамёствам: валянне з шэрсці, апрацоўка скуры, цяслярства, выраб свечак, ліццё з волава, ткацтва, штампоўка тканін. Адбудуцца лекцыі пра сярэднявечныя музычныя інструменты і кухню. Будзе дзейнічаць дзіцячая пляцоўка з даўнімі забавамі, настольнымі гульнямі, батлейкай. Падчас фестывалю будзе магчымасць даведацца пра моду розных стагоддзяў.


Увечары 31 жніўня на фестывалі выступяць гурты PAWA (Мінск), Joryj Kłoc (Львоў) і Drolls (Петразаводск). Пачатак канцэрта ў 21.30. Для гасцей фестывалю адыграе таксама гурт Alcántar (Масква).


Відовішчнай будзе цырымонія адкрыцця фестывалю ўвечары 30 жніўня. «Лабараторыя Механік» пакажа шоу-праграму «Падарожжа ў часе» са шматлікімі спецэфектамі. Кульмінацыяй імпрэзы стане светлавое 3D-шоу «Старажытны Полацк» – гісторыя горада праз гісторыю Сафійскага сабора, якое пройдзе ноччу з 31 жніўня на 1 верасня. Пачатак апоўначы.


Фестываль «На шляху з вараг у грэкі» пройдзе ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Павышэнне канкурэнтназдольнасці і ўстойлівасці турызму ў сферы культуры, садзейнічанне захаванню, даступнасці і развіццю нематэрыяльнай культурнай і гістарычнай спадчыны ў Латвіі, Літве і Беларусі» праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія-Літва-Беларусь у межах Еўрапейскага інструмента суседства на 2014-2020 гг. Імпрэза цікавая як прыклад грамадска-дзяржаўнага супрацоўніцтва: ініцыятыва правядзення фестывалю належыць групе грамадскіх актывістаў разам з аддзелам спорту і турызму Полацкага райвыканкама.


Фота з архіву тэатра гістарычнага строю «Полацкі звяз»


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: