На VOKA запусцілі інклюзіўны тэлеканал для дзяцей з парушэннямі слыху

Відэасэрвіс VOKA запусціў новы канал для дзяцей з яркай назвай «Руды». Гэта адзіны дзіцячы тэлеканал, у якім праграмы ідуць з сурдаперакладам. Такая асаблівасць абумоўлена тым, што ён арыентаваны ў тым ліку на дзяцей з асаблівасцямі слыхавага ўспрымання і глухатой.
З’яўленне незвычайнага канала ў актыве відэасэрвісу стала адказам на зварот Грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства глухіх» з просьбай даць дзецям, якія маюць парушэнні слыху, магчымасць глядзець тэлепраграмы, створаныя з улікам іх асаблівасцей. Адвапедна актуальнай статыстыцы, у Беларусі больш за 320 тыс. чалавек маюць хваробы органаў слыху, з іх больш за 46 тыс. – дзеці да 18 гадоў, у тым ліку больш за 3 тыс. дзяцей-інвалідаў па слыху. Цяпер яны змогуць атрымаць доступ да прагляду папулярных дзіцячых мультфільмаў, серыялаў і перадач, дзякуючы якім дзеці вучацца пазнаваць свет, узбагачаюць свой інтэлектуальны і эмацыянальны багаж.

«Для нас важна, каб VOKA працягваў сваё развіццё як відэасэрвіс у літаральным сэнсе для ўсіх – для гледачоў не толькі з розным густам і цікавасцямі, але і рознымі патрабаваннямі. Канал Руды будзе цікавы і карысны не толькі для дзяцей з асаблівасцямі слыхавага ўспрымання, але і кожнаму іх равесніку – бо яны змогуць глядзець свае любімыя перадачы і мультфільмы і адначасова прымаць і разумець свет і людзей ва ўсёй разнастайнасці», – адзначыў намеснік генеральнага дырэктара кампаніі velcom | A1 па лічбавых платформах і кантэнту Антон Бладзік.

Канал «Руды» будзе ўключаны ў базавы пакет IPTV для карыстальнікаў фіксаванага інтэрнэта ад VOKA, а таксама будзе даступны да прагляду ў рэжыме анлайн праз сайт voka.tv і ў адмысловых праграмах VOKA для OC Android і iOS.

Кантэнт канала «Руды» на 50% складаецца з розных мультсерыялаў, на 15% – з мастацкіх фільмаў для дзяцей і падлеткаў, на 15% – з паўнаметражных мультфільмаў, на 10% – з мастацкіх серыялаў і на 10% – з забаўляльных праграм. Сярод іх – унікальны кінаслоўнік «Бачу сэнс», дзякуючы якому маленькія гледачы могуць вывучыць мову жэстаў, каб лепш разумець не толькі змест канала, але і адзін аднаго. 


Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!