На завяршэнне 100-га сезону Купалаўскі тэатр пакажа легендарную «Паўлінку» ў Лідскім замку

У рамках святкавання 100-га сезона і адмыслова ў рамках праекту «Ліда – культурная сталіца Беларусі» Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы пакажа славутую «Паўлінку». Паказ адбудзецца ў завяршэнні 100-га сезона Купалаўскага тэатра 31 ліпеня ў Лідскім замку.
Яскравы, насычаны і запамінальны 100-ы юбілейны сезон Купалаўскага тэатра скончыцца на значнай
ноце. У завяршаючы вечар спектаклі Купалаўскага тэатра пройдуць адразу ў двух гарадах Беларусі: у Мінску на Камернай сцэне пакажуць кранальную «Зямлю Эльзы», а ў Лідзе – сапраўдны сімвал тэатра «Паўлінку».

Легендарны спектакль «Паўлінка», які з’яўляецца неад’емнай часткай рэпертуару Купалаўскага тэатра з 1944 года, завітае да жыхароў Ліды як шчыры падарунак на Дзень горада ад купалаўцаў. Найстарэйшы спектакль тэатра карыстаецца вялікай любоўю гледачоў і за доўгія гады свайго існавання ператварыўся ў сапраўдную візітоўку, сімвал Купалаўскай сцэны. Сакрэт такога ўнікальнага поспеху – у спалучэнні яскравых народных характараў, цікавага сюжэту, народных песень і танцаў, мілагучнай мовы класіка беларускай літаратуры
Янкі Купалы і выдатнага майстэрства выканаўцаў.

«Паўлінка» Л. Літвінава на працягу дзесяцігоддзяў з’яўляецца візітоўкай Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Што тычыцца пакаленняў артыстаў, нават у ролі самой Паўлінкі выступілі ўжо больш за 10 артыстак, некаторыя з якіх выконвалі ролю на працягу многіх сезонаў і, захоўваючы традыцыйны малюнак ролі, стварылі адметныя характары: як кажуць, у кожнага пакалення гледачоў – свая Паўлінка. Напрыканцы 2019 года «Паўлінка» была ўключана ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Купалаўскі тэатр шчыра запрашае жыхароў Ліды і гасцей горада на паказ аднаго з самых знакамітых спектакляў Беларусі ў гістарычным месцы – Лідскім замку. Паказ можна наведаць бясплатна.


Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: