Нацыянальная кінапрэмія Беларусі. Свята ампутаванага сумлення

Прадчуванне скандалу – звыклы стан, у якім не першы год варыцца беларуская кінасупольнасць. Незалежныя кінематаграфісты папракаюць дзяржаўных за заказное рамесніцтва, нізкую мастацкую якасць стужак, доступ да бюджэтных сродкаў. Тыя, у сваю чаргу, ганарліва рэагуюць на «незалежных» як на пустое месца – як на фанабэрыстых аматараў, людзей з вуліцы, якія толькі па недарэчнасці займаюцца стварэннем кіно. Гэтыя два лагеры застаюцца ў стане перманентнай «халоднай вайны», і калі настане доўгачаканая разрадка ці хаця б перамовы – не вельмі зразумела.

У гэтай сітуацыі людзі, адказныя ў нас за культуру, павінныя гэты тэктанічны разлом калі не прыбраць, то хаця б прыпыніць яго пашырэнне. Але ж гэта Беларусь, дзетка! Чыноўнікі з Мінкульта пакуль толькі працуюць на абвастрэнне. І гэта вельмі яскрава стала бачна сёлета. Спачатку яны негалосна ўхвалілі стварэнне оскараўскага камітэта пад фестывальны хіт Дар’і Жук “Крышталь”, у склад якога ўвайшоў прадзюсар стужкі Валеры Дзмітрачэнка і людзі з “Беларусьфільма”. Відавочны канфлікт інтарэсаў нікога не засмуціў – “Крышталь” высунулі на Оскар, але ў шорт-ліст ён так і не трапіў. Потым здарыўся цэнзурны канфуз з умяшаннем у адбор Нацыянальнага конкурсу “Лістапада”. Даведаўшыся пра гэта, частка аўтараў зняла свае стужкі з фестывалю, міжнароднае журы FIPRESCI публічна абурылася свавольствам мясцовай бюракратыі, а Ірына Дрыга пасля заканчэння кінафорума страціла крэсла намесніка міністра культуры (хаця гэтыя падзеі могуць быць ніяк не звязаныя).

Бывай, Дрыга. Чаму ратацыя чыноўнікаў не ўплывае на змены ў нашым жыцці

Апафеозам «падрыўной» працы Мінкульта стала правядзенне першай Нацыянальнай кінапрэміі, вынікі якой былі падсумаваныя на гэтым тыдні. Культурнае мерапрыемства нацыянальнага маштабу паспелі загадзя абвясціць «беларускім Оскарам», але гэты аванс не спраўдзіўся. І не таму, што грошай у нас мільён разоў менш, чым у Галівудзе, і няма сваіх сусветнавядомых зорак. Рэч у тым, што людзі ў высокіх кабінетах цалкам забыліся пра існаванне чалавечых цнотаў: сораму і сумлення.

Спачатку арганізатары прэміі ўхвалілі спіс намінантаў, у якім больш за дзве траціны месцаў атрымалі стужкі і серыялы, створаныя за апошнія два гады «Беларусьфільмам». Альбо на яго базе, толькі не за дзяржаўны, а за расійскі кошт. З 35 адабраных фільмаў толькі чатыры знятыя прыватным чынам: «Дэбют» Анастасіі Мірашнічэнка, «Унутры сябе» Сяргея Талыбава, «Пацалунак восені» Андрэя Голубева і «Нашыя дзеці» Галіны Адамовіч. І ўсё. Ні табе «Крышталя», ні «Заўтра», ні іншага кіно, якое з’явілася без вялікай падтрымкі з боку дзяржавы.

«Перазімаваць» і «Пляж\Лес\Тамбур». Сапраўдныя пераможцы «Лістапада»

У гэтай абуральнай нахабнасці можна адшукаць пэўную логіку. У рэчаіснасці чыноўніцтва, пазіцыю якога агучыў начальнік аддзела кінематаграфіі Мінкульта Аляксандр Рыдван, нацстудыя да сённяшняга часу застаецца флагманам, які стварае ў прамысловых аб’ёмах для жыхароў краіны самае запатрабаванае кіно. Удзельнікаў і пераможцаў фестываляў “Лістапад”, Kinosmena, Smartfilm, Cinema Perpetuum Mobile і інш. для іх нават не існуе. Сапраўды, да д’ябла гэтую аб’ектыўнасць, калі ўлады нарэшце далі грошы на ўшанаванне зацюканых крызісам кінематаграфістаў. Бо калі сам сябе не пахваліш, ніхто не пахваліць – продкі дрэннаму не навучаць.

Вось і выйшла ўрэшце, што з 20 намінацый пятнаццаць узнагарод атрымалі “беларусьфільмаўцы”, прычым рэкардсменам па колькасці ўшанаванняў стаў гістарычны баявік “Сляды на вадзе”. Раскрытыкаваны ідэалагічны блакбастар, зняты за 2 мільёны даляраў у гонар 100-годдзя міліцыі, адхапіў восем статуэтак. І гэта яшчэ не ўсё: асаблівай пікантнасці вынікам дадалі ўзнагароды старшыні Беларускага саюза кінематаграфістаў, актора Віктара Васільева, які таксама быў чальцом журы, яго сына-рэжысёра Ігара Васільева, жонкі міністра замежных спраў Веры Паляковай. Распіл месцаў атрымаўся ідэальны. Інакш і быць не магло, паколькі ў склад журы ўваходзілі людзі, якія працуюць на “Беларусьфільме” ці непасрэдна звязаныя з ім. Атрымалася ідэальная камедыя абсурду – арганізатары прэміі самі сябе намінавалі, самі за сябе прагаласавалі, самі сябе ўзнагародзілі. Бліскучая аперацыя па набыцці прэстыжу, як спявалі ў той песні: “Каламбія пікчэрз не ўяўляе”.

Каб грамадства не бурчала, два прыза за “Найлепшы фільм” і “Найлепшы фільм у негульнявой форме” далі “Дэбюту” і “Унутры сябе”. Што называецца, кінулі костку, тыпу усё справядліва. Відавочна, што сумленнасцю тут нават не пахне.

«Унутры сябе». Сімулякр айчыннага нуару

З гэтага не вынікае, што дзяржаўнай кінапрэміі не варта існаваць. Як культурная з’ява яна існаваць мусіць, бо кіно сапраўды здымаюць, і людзей, якія яго робяць, неабходна адзначыць за самаадданую працу. Іншая рэч, што такога нахабства і ўсёдазволенасці дзяржарганізатараў, якія панавалі сёлета, далей быць проста не можа. Нацыянальная кінапрэмія справакавала саму сябе, узмацніўшы напружанасць у культурным асяродку і знішчыўшы хоць які давер да сябе. Яе дырэктарка Алеся Какошнікава прызнае хібы і прапануе вырашыць іх з дапамогай публічнага дыялогу, але супярэчнасцяў так шмат, што вырашыць іх адным махам проста немагчыма. Са свята кіно адпачатку зрабілі кірмаш слабааргументаванай пыхлівасці і кумаўства. Каб расчысціць гэтыя Аўгіевы канюшні спатрэбіцца сапраўдны і добра матываваны Геракл. Але нават грэчаскаму паўбогу Мінкульт акажацца не па зубах.

Паводле budzma.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!