Нацыянальны гістарычны музей запрашае на выставу «Беларускія прыгажуні»

1 кастрычніка а 18-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца тэматычная фотавыстава Альфрэда Мікуса «БЕЛАРУСКІЯ ПРЫГАЖУНІ» (жаночы вобраз у календары народных абрадаў). Выстава прысвечана ролі жанчыны ў традыцыйнай беларускай культуры, а таксама 95-годдзю беларускага
жаночага часопіса «Алеся» («Работніца і сялянка»). 
Вобраз беларускіх жанчын у сваіх працах стварае фатограф і фотажурналіст Альфрэд Мікус, сябра праўлення народнага фотаклуба «Мінск», удзельнік Беларускага саюза фота мастацтва і Міжнароднай асацыяцыі фотамастацтва FIAP, уладальнік шматлікіх дыпломаў і медалёў міжнародных фотавыстаў, эксперт журы міжнародных фотаконкурсаў. Канцэпцыю тэматычнай экспазіцыі распрацавала этнограф, старшы выкладчык Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Вера Мішына. На выставе таксама будуць прадстаўлены аўтэнтычныя прадметы народнага побыту з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, якія не толькі ўвасабляюць матэрыяльны складнік традыцыйнай культуры, але і валодаюць пэўнай сімволікай у народнай абраднасці.

Арганізатарам і ініцыятарам тэматычнай выставы з’яўляецца беларускі жаночы часопіс «Алеся» («Работніца і сялянка»), выданне сёлета адзначае 95 год з дня выхаду першага нумара. Гэты незвычайны падарунак рэдакцыя падрыхтавала для сваіх чытачоў і ўсіх жыхароў Беларусі з нагоды юбілею часопіса.

У традыцыйнай культуры беларусаў роля жанчыны спрадвеку была выключнай. Жанчына – не толькі руплівая гаспадыня, клапатлівая жонка і маці, але і выканаўца шматлікіх абрадаў, знаўца фальклору, захавальніца спадчыннай мудрасці і духоўных каштоўнасцей народа. Не з’яўлялася выключэннем і абраднасць беларускага народнага календара. Практычна на кожным з этапаў гадавога кола (зімовым, вясновым, летнім і восеньскім) жаночы вобраз раскрываецца ў дынаміцы, праз выкананне пэўных абрадавых дзеянняў магічнага і сімвалічнага характару, накіраваных на забеспячэнне, захаванне і перадачу традыцыйных каштоўнасцей (дабрабыт, ураджай, сям’я, шлюб, дзеці, здароўе і іншае).

Нягледзячы на шматлікія перамены ў жыцці беларусаў на працягу апошняга стагоддзя, традыцыйная абраднасць не пераўтварылася ў музейны экспанат, не застыла ў часе і прасторы. Наадварот, на сучасным этапе ў нашым грамадстве назіраецца ўстойлівая цікавасць да самых разнастайных праяваў традыцыйнай культуры. Не толькі навукоўцы і дзеячы культуры, але і многія аматары, самадзейныя калектывы рупліва збіраюць крупінкі народнай спадчыны, аднаўляюць страчанае і надаюць традыцыям новае жыццё, новы сэнс і гучанне. Жаночы вобраз у коле каляндарных абрадаў па-ранейшаму застаецца неверагодна прыцягальным, напоўненым спрадвечнай мудрасцю і ахутаным лёгкай таямніцы.

Падчас адкрыцця выставы пройдзе дэманстрацыя рэканструяваных народных строяў, выкананых майстрыхай традыцыйнага адзення, сябра Рэспубліканскага маладзёжнага грамадскага аб'яднання “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”, супрацоўніцай Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандрай Мятлеўскай. Калекцыя ўпершыню экспанавалася летась у Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах. Кожны строй ствараўся паводле даследванняў, праведзеных падчас этнаграфічных экспедыцый, і згодна з мясцовымі
традыцыямі.

Выстава працуе з 1 па 20 кастрычніка 2019 года па адрасе: Мінск, вул. К. Маркса, 12. Музей адчынены штодзённа з 11.00 да 19.00. Тэлефон 8 (017) 327 43 22.

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!