«Напрадвесні». Сустракайце вясну

У пятніцу, 15 сакавіка, у зале бібліятэкі імя Цёткі адбыўся камерны акустычны канцэрт Яраша Малішэўскага – аднаго з найбольш вядомых выканаўцаў на беларускіх народных інструментах. Прагучалі як старажытныя беларускія песні, так і сучасныя, на любы густ: ад фолька да рок-н-рола, ад дзіцячых да старасвецкіх.

Слухачы пачулі як музычныя кампазіцыі самога барда, так і песні на вершы Людмілы Рублеўскай, Аксаны Спрынчан, Ларысы Геніюш і інш. Гучалі песні ў акустычнай апрацоўцы, якія Малішэўскі запісваў разам з гітарыстам Пітам Паўлавым (гурты «N.R.M.» і «Папараць») і Андрэем Плясанавым (гурт P.L.A.N.).

Яраш Малішэўскі – арганізатар шматлікіх фальклорных экспедыцый па Беларусі, з якіх нярэдка прывозіць і захоўвае амаль страчаную спадчыну беларускага фальклора. Таму можна было пачуць не толькі сучасныя, але народныя і старажытныя песні ва ўласнай апрацоўцы Малішэўскага. Такія, як «Тут, дзе Каляды», «Зялёны дубочак» (другой паловы ХІХ ст., запісаную графам Тышкевічам падчас падарожжа па Віллі), «За ваўчком» (XVII ст.).
 
Адпаведна тэматыцы канцэрта, памежнаму часу паміж зімой і вясной, прагучалі песні «Зімовая», «Зіма сышла». Добра прынялі і песні, якія ўжо даўно і паспяхова прысутнічаюць у рэпертуары Малішэўскага: «Шлях да каханай», «Паляванне каралевы Бонны», «Вільня» (на вершы А. Спрынчан і Л. Рублеўскай). Шмат было вясёлых песень на вершы Аксаны Спрынчан з вершаванага зборніка «Смачная кніга». І сапраўдным адкрыццём стала песня, якую Яраш Малішэўскі запісаў да фільма «Авантуры Пранціша Вырвіча» (паводле кнігі Людмілы Рублеўскай), здымкі якога зараз праходзяць на кінастудыі «Беларусьфільм». Песня, якая пакуль носіць рабочую назву «Застольная песня», прагучыць напрыканцы фільма ў выкананні Малішэўскага, пад ігру на мандаліне. Дарэчы, гэты старажытны інструмент таксама гучаў на канцэрце барда.

У зале сярод слухачоў-аматараў творчасці Яраша Малішэўскага было шмат прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі – гісторыкі, журналісты, вядомыя беларускія паэты і пісьменнікі Наталля Бучынская, Мікола Кандратаў, Алена Масла, Сяржук Сыс, Аксана Спрынчан, Таццяна Пратасевіч, Людміла Хейдарава, Людміла Шчэрба і іншыя.

На развітанне Яраш Малішэўскі (гісторык па адукацыі) запрасіў жадаючых на прэзентацыю яго новай кнігі – дзіцячага атласа «Замкі, фартэцыі, бажніцы», якая адбудзецца 26 красавіка ў чытальнай зале бібліятэкі імя Цёткі (вул. Талбухіна, 12 А).

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!