Адроджаны «Народны альбом» вярнуўся да свайго народу

Учора ўвечары, 24 лютага, у сталічным «PRIME HАLL», на адной з найбуйнейшых сцэнічных пляцовак сталіцы, першы раз больш за дзесяцігоддзе ў Беларусі прайшоў канцэрт-мюзікл «Народны альбом», культавы праект 1990-х .

На сцэну ў адзін вечар выйшлі ці не ўсе зоркі беларускага андэграўнду, якія ўвасобілі гасцей карчмы шматкультурнага памежнага «мястэчка Ракаў пры панскай Польшчы» ў 1920-1930-я гады мінулага стагоддзя, — Лявон Вольскі, Кася Камоцкая, Зміцер Вайцюшкевіч, Вераніка Круглова, Аляксандр Памідораў ды іншыя ўдзельнікі «зорнага» складу «Народнага альбому».

Сёлета праект адзначыў сваё 20-годдзе. «Народны альбом» быў  запісаны яшчэ ў 1997 годзе ў былой студыі радыё «101.2». Адроджаная версія «Народнага альбому», паказаная ў Мінску, была створана летась па замове польскага тэлебачання «TVP S.A.» і пры падтрымцы Нацыянальнага Цэнтра Культуры (Польшча). Прэм’ера спектакля «Народны альбом. 20 год» адбылася 4 верасня 2016 у зале Падляшскай оперы ў Беластоку (Польшча) у межах фестывалю «Усход культуры. Іншае вымярэнне». Пастаноўку новафарматнай версіі зрабіў польскі рэжысёр Конрад Смуга, дэкарацыі і касцюмы — беларуская сцэнограф Алена Ігруша.

Зрэшты, хто не трапіў на мінскі канцэрт-вяртанне, як і тыя, хто не здолеў трапіць на беластоцкую прэм’еру, маглі паглядзець інтэрнэт-трансляцыю. Жывую трансляцыю, як і летась з Беластоку, вёў тэлеканал «Белсат», які і з’яўляецца аўтарам ідэі і прадзюсерам шоу-спектакля.

Арганізатарам канцэрта ў Беларусі выступіў Уладзімір Шаблінскі («Агенцтвам «Шаблі» атрымана гастрольнае пасведчанне), а партнёрамі сталі Польскі Інстытут у Мінску, Інстытут Адама Міцкевіча. Гэта значыць, што канцэрт быў афіцыйна дазволены. Па сутнасці — гэты быў першы буйны афіцыйна разбаронены выступ на вялікай сцэне такіх беларускіх выканаўцаў як Лявон Вольскі і Зміцер Вайцюшкевіч.

Такой канцэнтрацыі беларусаў са стажам у беларускасці цяжка было ўявіць у якім-кольвек іншым месцы: вядомыя журналісты, музыкі, пісьменнікі, бізнесоўцы, дактары, палітыкі, грамадскія актывісты… Таксама на канцэрце прысутнічала і дырэктарка тэлекана «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы.

У Prime Hаll быў аншлаг. Танцпол ламіўся, ён быў шчыльна запоўнены ва ўпор да партэру. Моладзь жартавала: «Навошта ўсе тыя, хто набыў месцы за столікамі, прыйшлі пастаяць на наш танцопол? Мы ж не ходзім пасядзець на іх крэслы!». Напраўду, усе хацелі як глыбей насоладзіцца дзеяй і імкнуліся бліжэй да сцэны.

Гучалі песні на беларускай, польскай, расійскай мовах і нават на ідышы. Заля спявала разам з выканаўцамі ўсё, і перадусім легендарныя «Простыя словы», «Край, ты мой край», «Кантрабандыст», «Паляўнічы ты мой, паляўнічы», трылогію пра Казіка і Юзіка і іншыя песні на словы Міхала Анемпадыстава.

У залі можна было заўважыць 3 пакаленні беларусаў — тыя, што гадаваліся на песнях НА, тыя, хто на іх сталелі, і тыя, хто нарадзіўся ў тых, хто пасталеў і выгадаваўся пад песні альбому.

Вялікая сцэна. Класныя аранжыроўкі. Шмат прафесійных музыкаў. Адно засмучала. Словы тэкстаў, калі іх не ведаеш, не заўсёды можна было разабраць. Калега Макс, які да гэтага чуў толькі «Простыя словы» і «Надзеньку», увесь канцэпт спрабаваў услухоўвацца. На маё клапатлівае: «Ты чуеш тэксты? Я магу табе ўсе на вуха спяваць» — «Ні халеры не магу разабраць…» — усміхнуўся Макс. — «Хаця не, я чуў: «Рагойша, Казік і Юзік, Адэлька і Надзенька, толькі імёны». Таксама Макс (Макс аператар) у нечым нават справядліва наракаў, што яму непрыемна глядзець на спіну калегі з камерай, якая на сцэне перыядычна захінае музыкаў. «Падумаце пра тых, хто глядзіць анлайн — ім таксама хочацца зблізку пабачыць!» — прысароміла Макса дзяўчына ў вышыванцы леваруч ад нас. — «Ну ок, затое лятае ў іх камера крута!» — пераключыўся Макс.

Артыстаў выклікалі «на біс» зноў і зноў. Публіка выходзіла з залі адухоўленая, задаволеная. Мне ж успомніўся вераснёўская прэм’ера ў Беластоку — людзі плакалі і былі папросту шчаслівымі. І магчыма нат на каліўца больш (калі шчаслівасць увогуле можна вымяраць). Бо ў Беластоку сабраліся перадусім эмігранты і беларусы замежжа, для якіх кожнае слова і нота па-нашаму было як вяртанне на Радзіму, да сваіх вытокаў, да сябе. Так хочацца, каб і беларусы тут, дома, мы ўсе, не прашчоўкалі вяртанне сябе. «Жыве Беларусь!» — крычала заля Prime Hаll артыстам «Народнага альбому», а Вольскі адказваў «Жыве!».

Мая фрэндстужка ўчора і сёння забітая фотаздымкамі з прэм’еры НА  і тэгамі #narodnyalbom #народны і фотаздымкамі каля вогнішча і намётаў з Курапатаў (#курапаты). Невымоўна добра, што беларусы ведаюць, навошта і куды ісці, каб захаваць сваё, за важнае. І гэтае важнае — яны ствараюць і бароняць самі. Мы вярнулі «Народны альбом» у Беларусь. Можам вярнуць і астатняе. Галоўнае, як казала бабуля, не шчоўкаць дзюбай і выкарыстоўваць усе шансы.


Фота: Павел Аксіновіч

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць