«Народны альбом» – легенда, у якой хочацца апынуцца

У 1997 годзе свет пабачыў беларускі музычны праект «Народны альбом». Праект М. Анемпадыстава аб’яднаў вядомых беларускіх музыкаў дзеля стварэння атмасферы памежнага беларускага горада 1930-х гадоў. Атрымалася неверагодна.
 

Невялічкі аўтарскі ўступ 

Першы раз я пачуў «Народны альбом» толькі ў пачатку 2000-х зусім не па прычыне адсутнасці цікавасці да айчыннай музыкі, а выключна ў сілу свайго ўзросту. У нас дома на паліцы сярод касет «Новага неба», «Крамбамбулі» і «Ляпіса Трубяцкога» стаяла касета з сэрцам на вокладцы. Тады, калі я ўпершыню слухаў альбом, найбольшы водгук знайшлі песні з жаночым вакалам, песня пра двух польскіх шпіёнаў (напэўна, не апошняй прычынай гэтаму стаў мульцiк пра Болека і Лёліка, які час ад часу з'яўляўся на тэлебачанні), ну і яшчэ «Lomir zich iberbetn» А.Памідорова на нейкай дзіўнай і незразумелай мове.

Песні «Народнага альбома» ўвасобілі для мяне прыкладна той жа рамантычны свет, што разгортваўся перада мной ў раманах Томаса Майн Рыда, Вальтэра Скота і Жуля Верна. Але гэта была рамантыка іншага тыпу: звязаная з роднымі мясцінамі, з падзеямі нашай гісторыі. Таму, пэўна, альбом так спадабаўся. 

Сёння, больш чым праз дваццаць гадоў з выхаду «Народнага альбома» ў свет, я думаю пра тое, што зрабіла гэты праект па-сапраўднаму неверагодным. 

Па-першае, праект быў створаны практычна адразу пасля рэферендумаў 1995 и 1996 гадоў, калі ўлады ясна далі зразумець, што ім бліжэй зусім не тая гісторыя нашай краіны, вобраз якой паўстае са старонак кніг Уладзіміра Караткевіча і Леаніда Дайнекі. Міхал Анемпадыстаў і музыкі-ўдзельнікі праекту праявілі сябе як прадаўжальнікі традыцыі Караткевіча: стварылі Беларусь рамантычную, краіну-мрою, якую хочацца адкрываць для сябе, у якой хочацца жыць. Праект «Народны альбом» прапанаваў свету альтэрнатыўную Беларусь з кантрабандыстамі, шляхетнымі паненкамі, настаўнікамі, якія атрымалі адукацыю ў Еўропе, аргентынскім танга і яўрэйскімі песнямі.

Так, космас Беларусі «Народнага альбома» зусім не падобны на космас, напрыклад, хронікі Івана Мележа «Людзі на балоце». Але космас на тое і космас, каб праяўляць сябе ў бясконцым мностве абліччаў.

 Па-другое, у рэалізацыі гэтага праекта была задзейнічана неверагодная колькасць таленавітых асоб, кожная з якіх адрознівалася яркай творчай індывідуальнасцю, і пры гэтым усе яны выдатна дапаўнялі адзін аднаго: Міхал Анемпадыстаў, Лявон Вольскі, Кася Камоцкая, Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Памідораў, Вераніка Круглова, Ірына Курапаткіна, Піт Паўлаў, Слава Корань, Анатоль Додзь, Сяргей “Шлёма” Лабандзіеўскі, Сяргей Ахрамовіч, Юлія Глушыцкая, Алег “Алезіс” Дземідовіч, Юрась Ляўкоў, Дзяніс Архіпаў, Вольга Бабак, Вольга Караткевіч, Генадзь Кеснер, Алесь Ляшкевіч, Юры Каролік, Каймар Ягер, Кляўс Замдэта, Улад Казаноўскі.

Па-трэцяе, «Народны альбом» заклаў добрую традыцыю рабіць супольныя музычныя праекты: праз некаторы час з’явіліся «Сьвяты вечар»(1999), «Я нарадзіўся тут» (2000), «Крамбамбуля» (2001)

Чацвёртым складнікам неверагоднага поспеху альбому стаў выключна высокі мастацкі ўзровень твораў. Тэксты Міхала Анемпадыстава здзіўляюць сваёй мілагучнасцю: чаго вартая, напрыклад, песня «Аліцыя» з яе звінючай алітэрацыяй? Атмасферу ўтульнасці і цеплыні, адчуванне дома ствараюць песні «Снежань, студзень, люты»,  «Простыя словы», якія да цяперашняга часу не страцілі папулярнасці.  Песня «Матка Боска Вострабрамска» ў выкананні Веранікі Кругловай – то памяць пра святыню нашых продкаў, якая застаецца святыняй і для нас, не гледзячы на ​​тое, што Вільня ўжо даўно сталіца іншай дзяржавы.

Неверагоднасці праекту дадае той факт, што Міхал Анемпадыстаў не быў «заходнікам». Пэўна, ён стварыў легенду, у якой сам бы хацеў апынуцца. Стварыў легенду, якую хацеў бы бачыць явай. Стварыў легенду, асновай якой была любоў – менавіта гэта і ўвасабляе выява сэрца на вокладцы альбома. І менавіта таму ён і стварыў праект, мэтай якога была аб’яднаць беларусаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!