Народныя ўмельцы сабраліся на свята «Слуцкія паясы»

Больш за 400 рамеснікаў прыехалі на абласное свята рамёстваў у Слуцк 7 верасня.
На выставах у гарадскім парку можна было пабачыць каля 20 напрамкаў народнай творчасці: пляценне з саломы і лазы, вырабы ткацтва і ганчарства, разьба па дрэве, вышыўка, выраб лялек. У адмысловым конкурсе «Беларуская лялька» прынялі ўдзел не толькі дарослыя, але і дзеці, і моладзь, якія займаюцца ў гуртках. Выстава «У краіне творчасці» працягвалася з 11 да 18 гадзін. На ёй можна было набыць брэнды Міншчыны ў выглядзе капыльскіх і старадарожскіх ручнікоў, вырабы лазы з Клецка і Маладзечна, керамічныя і драўляныя вырабы з Лагойска і Івянца, дзівосныя самаробныя лялькі.

Цікавыя ткацкія вырабы прывезлі на абласное свята ў Слуцк прадстаўнікі Крупіцкага цэнтра культуры імя Уладзіміра Грома з Мінскага раёна. Ірына Дзернакоўская, кіраўнік цэнтра, распавяла, што іхнія ткацкія вырабы ўжо наведалі Індыю, Славакію, Эстонію і Польшу. У замежнікаў яны карыстаюцца нядрэнным попытам.

Ірына Дзернакоўская

Пры нашым цэнтры творчасці працуюць бясплатныя гурткі для дзяцей, — распавяла па-беларуску Ірына. — Дзеці прыходзяць, нават хлопчыкі цікавяцца ткацтвам. Мы пачалі вырабляць невялікія і не надта шырокія паясы да жаночага адзення і джынсаў, якія іх зацікавілі. Шырокі і доўгі пояс каштуе 130 рублёў.

Насця Шпак

Насця Шпак

Насця Шпак і яе габелены

Случчане зацікаўлена спыняліся каля Насці Шпак, маладой супрацоўніцы цэнтра, якая на іхніх вачах ткала пояс, але развітвацца з грашыма не спяшаліся. Насця вырабляе таксама прыгожыя габелены з натуральных прыродных матэрыялаў — выкарыстоўвае лён, пшаніцу, траву. Гэтыя габелены можна выкарыстоўваць не толькі для ўпрыгожвання сцен, але і як асвяжальнікі паветра ў лазнях, саўнах і звычайных пакоях.

Ірына Дзернакоўская лічыць, што народныя промыслы — гэта цудоўны сродак для развіцця дзяцей і выхавання ў іхніх душах беларускасці, культуры і патрыятызму.
— Трэба цаніць і захоўваць свае традыцыі, сваю адметнасць. У Еўропе ўжо многае згублена, еўрапейцы цікавяцца нашай народнай творчасцю, — кажа майстрыха. – Добра б было, каб народныя рамёствы знайшлі больш сур’ёзную дзяржаўную падтрымку ў будучыні.

Капыльскі цэнтр народнага ткацтва вядомы далёка за межамі свайго рэгіёну. Ён месціцца ў вёсцы Семежава. Семежаўскія майстры прапаноўвалі купіць тканыя рушнікі з беларускім арнаментам за 45 рублёў, невялічкія жаночыя тканыя валізкі за 20-30 рублёў.

Семежаўскія торбы

Шмат случчан сабралася каля адмысловай сцэны, дзе праходзіла дэфіле вясельных строяў з мінулых часоў. Кожны раён дэманстраваў вясельныя ўборы-рэканструкцыі, якія былі характэрнымі для рэгіёнаў у адпаведныя
часы. Хлопцы і дзяўчаты шпацыравалі па сцэне ў вясельным убранні канца 19-га — сярэдзіны 20-га стагоддзя.

Карэспандэнта НЧ зацікавіла «шлюбная пара» з 1918 года. Наталья Генадзьеўна Кучук, начальнік Чэрвеньскага раённага цэнтра творчасці, распавяла аб рэканструкцыі шлюбных строяў з фотаздымка 1918 года.

— Вясельныя касцюмы жаніха і нявесты ўзяты з фотаздымка Сцяпана Сушкеіч і Ганны Карп, — распавяла Наталья Генадзьеўна. — Рэгістрацыя іхняга шлюбу адбылася ў горадзе Ігумен (Чэрвень) 5 лютага 1918 года. Тады яшчэ ішла вайна, таму касцюм маладога складаецца з гімнасцёркі, штаноў прамога пакрою і чорных скураных ботаў. Відавочна, што малады не зусім бедны хлопец. Касцюм маладой складаецца з блузы і спадніцы штапельнага палатна. Вэлюм ўпрыгожаны дэкаратыўным элементам у выглядзе банта. Дапаўняюць вобраз маладой пальчаткі з вэлюмам, букецік з папяровых кветак і атласнай стужкі.

Дарэчы, чэрвеньскі кіраўнік размаўляла са мной на беларускай мове. Вольга Гатоўка, іншая супрацоўніца гэтага ж цэнтра, патлумачыла, што беларуская мова для Чэрвеня не з’яўляецца дзіўнай.

— У нашым горадзе з 4-х школ гімназія і дзве школы – беларускамоўныя, — кажа маладая жанчына. — Нягледзячы на тое, што мае бацькі – рускія, мае дзеці і іхнія ўнукі наведваюць адпаведна беларускамоўны дзіцячы садок і беларускамоўную школу. Дзеці павінны ведаць сваю мову і культуру – гэта нармальна.

Старыя Дарогі выткалі назву па-беларуску

Старыя Дарогі выткалі назву па-беларуску

На жаль, у Слуцку сітуацыя са школамі, садамі і беларускамоўнымі святамі зусім іншая. Дзякуючы абласному ўзроўню свята рамёстваў, падчас выступу народных калектываў усе спевы 7 верасня гучалі на роднай
мове. Аднак, адмыслова запрошаная арт-група «Беларусы» большую частку песень выканала на расійскай мове. На маю думку, на такім свяце было б больш дарэчна выконваць «Паланэз Агінскага», альбо «Магутны божа», чым «Мільён алых руж» з рэпертуара Алы Пугачовай. Яшчэ адной «кропляй дзёгцю» ў беларускамоўным свяце былі рускамоўныя афармленні сталоў некаторых удзельнікаў. Слуцкія арганізатары панадпісвалі ўказальнікі гасцям-рэгіёнам на рускай мове. Многім, дарэчы, гэтыя ўказальнікі не спатрэбіліся. 

Па-беларуску вышылі і выткалі назвы сваіх раёнаў удзельнікі з Нясвіжа, Старых Дарог, Капыля і многіх іншых
гарадоў.

Фота аўтара

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: