«Нас зразумеюць праз 100 гадоў»: упершыню ў Беларусі ўручаць прэмію імя Лазара Хідэкеля

12 кастрычніка ў Беларусі ўпершыню ўручаць прэстыжную ўзнагароду — Міжнародную прэмію імя Лазара Хідэкеля за інавацыйныя і экалагічныя рашэнні ў архітэктуры.

 

У Беларусі ўпершыню ўручаць міжнародную архітэктурную прэмію імя Лазара Хідэкеля.

Прэмію атрымаюць удзельнікі Мінскага міжнароднага біенале маладых архітэктараў «Леанарда» і Рэспубліканскага конкурсу дыпломных праектаў ВНУ і ССНУ, якія праводзяцца ў рамках фестывалю «Архітэктурная восень-2019». Спецыяльна на цырымонію ўзнагароджання з Нью-Ёрка прыедзе сям’я Лазара Хідэкеля, каб асабіста ўручыць прыз пераможцам. Ініцыятарам гэтай падзеі ў Мінску выступіў Цэнтр беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны пры падтрымцы кампаніі А1.

Лазар Хідэкель увайшоў у гісторыю як першы ў свеце супрэматычны архітэктар-наватар, аўтар першага архітэктурна-экалагічнага маніфеста. Ствараючы ў 1920–1930-я гады праекты эка-гарадоў і гарадоў будучыні з камічнымі дамамі, што беспрэцэдэнтна апярэджвалі час, сам ён казаў: «Нас зразумеюць праз 100 гадоў». Сімвалічна, што роўна праз век Беларусь узгадвае пра сусветна прызнанага генія.


У 2020 годзе спаўняецца 100 гадоў мастацкаму аб’яднанню УНОВІС, створанаму вучнямі і выкладчыкамі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Менавіта там — спачатку ў Марка Шагала, затым у Эль Лісіцкага і Казіміра Малевіча — вучыўся і Лазар Хідэкель, адзін з заснавальнікаў УНОВІСа, які ў 16 гадоў узначаліў архітэктурную майстэрню аб’яднання (1920).

Міжнародная прэмія для маладых архітэктараў імя Лазара Хідэкеля была заснавана ў 2013 годзе і ўручалася ў розных краінах свету. Рашэнне пра тое, хто атрымае яе сёлета, прымала міжнароднае журы з ліку суддзяў Мінскага міжнароднага біенале маладых архітэктараў «Леанарда» на чале з прэзідэнтам Міжнароднага саюза архітэктараў Томасам Ваньерам з ЗША, а таксама члены журы з боку Міжнароднага таварыства Лазара Хідэкеля.

Яго старшыня — сусветна вядомы архітэктар і дызайнер Марк Хідэкель, сын Лазара Хідэкеля, які і будзе ўручаць узнагароду. У Мінск ён прыедзе са сваім сынам — архітэктарам Раманам Хідэкелям — і жонкай Рэгінай Хідэкель — доктарам мастацтвазнаўства, адным з вядучых экспертаў па творчасці Лазара Хідэкеля і УНОВІСу. У склад журы ўвайшлі знакамітыя архітэктары Рык Бэл (ЗША), Марціна Бігліярдзі (Швейцарыя), а таксама Даніэль Лібескінд (ЗША). Іх прафесійны тандэм з Захай Хадзід вядомы ўсяму свету, і абодва архітэктары не раз падкрэслівалі, што ўплыў супрэматызму быў вырашальным у іх творчасці.

«Лазар Хідэкель адзін з найвыбітных наватараў у архітэктуры. Яго канцэпцыя прасторы, функцыянальнасці і сучаснасці натхняла мяне з таго часу, як я знайшоў яго малюнкі. У работах Хідэкеля слова «інавацыя» не зноска, а цэнтральны дух будынкаў», — адзначаў Даніэль Лібескінд.

Марк Хідэкель працягвае справу свайго бацькі, развіваючы ідэі авангарду і супрэматызму ва ўласных работах. Ён з’яўляецца суаўтарам праекта «Апалон — Саюза» (жылы модуль і паселішча на Месяцы), канцэпцыі новага тыпу хмарачоса «Вертыкальны хайвэй» і ўрбаністычнай структуры «Горад-мост». У 1983 годзе быў удастоены Гран-Пры на Сусветнай архітэктурнай біенале. Зараз праектуе шмат аб’ектаў у Нью-Ёрку і яго наваколлі. Сваім вопытам Марк Хідэкель падзеліцца на лекцыях для студэнтаў і практыкуючых спецыялістаў у рамках праграмы фестывалю «Архітэктурная восень-2019».

Фрагмент вокладкі кнігі С. Хан-Магамедава «Лазар Хідэкель»

Лазар Хідэкель — гэта вобраз, які зможа паслужыць натхненнем і творчым імпульсам для сучаснікаў. Яго ідэі да гэтага часу застаюцца інавацыйнымі і перадавымі. Пры гэтым зарадзіліся яны менавіта ў Віцебску яшчэ да таго, як штосьці падобнае было створана дзесьці ў свеце.

Праект рэалізуецца пры падтрымцы Беларускага саюза архітэктараў і Пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь.

 Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: