Тэлевядоўца з ЗША зрабіў кавер на беларускую песню (відэа)

Вядоўца праграмы навінаў на амерыканскім тэлеканале 6 ABC Мэт О’Донал (Matt O’Donnell) і яго сябар Мэт Камінс (Matt Cummins) запісалі відэа, у якім зайгралі акустычную версію кампазіцыі «Зрушаны свет» беларускага фолк-рок-гурта Relikt.
«Гэтая песня распавядае пра значныя падзеі, праз якія свет перакульваецца з ног на галаву, і пра тое, як людзі даводзяць, што іх нязломнасць дазволіць стварыць новую, светлую будучыню», — каментуе відэа спадар О’Донал.


«Мы ніколі не выконвалі песню пад запіс, хоць Relikt на нашу просьбу даслалі ноты і англійскі пераклад тэкста. Да сёння. Бо падаецца, цяпер самы час. Праз такую простую повязь музыкай мы хочам паказаць людзям ува ўсім свеце, што межы не важлівыя, калі вядзецца аб клопаце пра адно аднаго. Мы адважныя. Мы пабудуем лепшую будучыню. Цяпер не час пачувацца самотным»,
— дадае журналіст.


Мэт О’Донал з’яўляецца даўнім аматарам творчасці беларускага гурта: у 2016-м ён у сваім музычным блогу назваў дыск Relikt «Лекавыя травы», які атрымаў шэраг высокіх узнагарод і ў Беларусі, альбомам года.

А паслухаўшы альбом «Дрэва жыцця», напісаў, што за яго гурт заслугоўвае сусветнага прызнання, і шкада, што амерыканская музычная прэса не вельмі ўважлівая.

Мэт працуе ў тэлецэнтры WPVI-TV у Філадэльфіі (штат Пенсільванія), які належыць ABC Owned Television Stations (падраздзяленню Disney—ABC Television Group), з 1996 года. Спярша ён займаў пасаду спецыяльнага карэспандэнта, а ў 2002-м пачаў весці ранішні эфір разам з Сарай Блумквіст.


У вольны час ён з задавальненнем камунікуе з гледачамі і падпісантамі ў сацсетках, дзеліцца ўражаннямі ад праслуханага і прагледжанага ў Tumblr. Грае на ўдарных у мясцовым рок-гурце Champs. Любіць гольф, кнігі, броварства і квантавую фізіку.

Словы салідарнасці, выказаныя праз акіян, аказаліся вельмі дарэчнымі, бо акурат праз пагрозу каронавірусу хутчэй за ўсё прыйдзецца адмяніць адмысловую акустычную прэзентацыю альбома Relikt «Дрэва жыцця» са спецыяльнымі гасцямі, якая мела адбыцца ў Мінску 17 красавіка. Тым не менш, музыкі запэўніваюць, што імпрэза адбудзецца ў любым разе, калі не ў канцэртнай зале, дык анлайн.

Relikt аб’ядноўвае сучасныя музычныя плыні з традыцыйным беларускім фальклорам, паказваючы яго ў нязвыклым выглядзе і робячы актуальным для слухачоў, якія шукаюць у музыцы нешта новае. У дыскаграфіі каманды 6 студыйных альбомаў, 2 канцэртныя DVD і 9 відэакліпаў. Гурт атрымаў шэраг музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, у Літве і Расіі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: