«Наш Грунвальд-2019»: рэальныя конныя турніры, аўтэнтычная кузня і легенды сусветнага фолку

Міжнародны фестываль сярэднявечнай культуры і музыкі «Наш Грунвальд» 20 — 21 ліпеня ўжо ў 11-ты раз пройдзе ў музеі «Дудуткі» і збярэ каля 500 рэканструктараў.

nashgrunwald.by

Баі на любы густ

Цягам двух фестывальных дзён гасцей фэсту чакаюць рыцарскія турніры ў пешым страі ў фармаце «шчыт-меч», турнір алебардыстаў і дзіднікаў, адбудзецца турнір лучнікаў, масавыя бітвы — бугурты, сярэднявечныя манёўры, «Бітва двароў», турнір «пяцёрак», і самае галоўнае — маштабная рэканструкцыя эпізодаў Грунвальдскай бітвы.

Традыцыйна фестываль мае два галоўных блока. Першы — ваенна-гістарычная рэканструкцыя XII — XV стагоддзяў. Сёлета яго разынкай стане конны турнір паводле рэальных правілаў XV стагоддзя, які ўпершыню правялі на фэсце ў мінулым годзе. У гэтым годзе турнір пройдзе ў другі фестывальны дзень.

— Правядзенне коннага турніру ўзняло ўзровень фестываля і ў цэлым ваенна-рэканструктарскага руху ў Беларусі. Усяго ў свеце некалькі дзясяткаў падрыхтаваных байцоў, гатовых біцца па такіх правілах з пераломваннем дзідаў і выбіваннем суперніка з сядла, — адзначыў на прэс-канферэнцыі арганізатар фэсту, кіраўнік экстрым-тэатра «Берсерк» Аляксандр Рак.

У першы ж дзень свята ўпершыню адразу на дзвюх пляцоўках пройде рыцарскі турнір у пешым строі. Таксама гледачы змогуць убачыць штурм замкаў. А галоўнай падзеяй 20 ліпеня стане рэканструкцыя аднаго з эпізодаў Грунвальдскай бітвы, якая адбылася 15 ліпеня 1410 года і прынесла перамогу аб’яднаным войскам Вялікага Княства Літоўскага супраць Тэўтонскага Ордэна. Хоць рэканструкцыю нельга параўнаць паводле маштабаў з рэальнымі падзеямі, але арганізатары імкнуцца да максімальнай дакладнасці, таму відовішча абяцае быць уражвальным.

Сёлета больш за палову ўдзельнікаў «Нашага Грунвальду» складуць беларускія рэканструктарскія клубы, таксама будуць прадстаўнікі клубаў з Расіі. У гэтым годзе арганізатары не змаглі запрасіць на фэст прадстаўнікоў еўрапейскіх клубаў, але на наступны год ужо ёсць дамоўленасць з рэканструктарамі з Польшчы і Чэхіі.

Музыка на дзвюх сцэнах

Другі складнік свята — музычная праграма фестывалю. Паралельна з баямі будзе працаваць другая сцэна. Сёлета яна будзе большая, чым раней, і, у адрозненне ад галоўнай сцэны, праграма на ёй будзе працягвацца з 11.30 да 16.30 у абодва фестывальныя дні. На ёй выступяць музычныя і танцавальныя беларускія калектывы з розных гарадоў. Сюрпрызам другой сцэны стане выступ калектыва беларусаў з Іркуцка.

Галоўная вечаровая сцэна з сэтамі хэдлайнераў пачне працаваць у другі дзень фэсту пасля баёў. Сёлета на свяце чакаюць гурт з Германіі Corvus Corax, які ўваходзіць у тройку сусветных лідараў па сярэднявечным фолку. Публіку парадуе і каманда SKILTRON з Аргенціны, у складзе якой — шатландскія валыншчыкі. Гурт выконвае кельцкі фолк-хэві-метал. Яшчэ адзін гурт прыедзе з Італіі — гэта каманда Midnight, якая выконвае кельцкі, сярэднявечны і рэнесанс фолк. Таксама на галоўнай сцэне выступяць тры калектыва з Беларусі: адкрые яе тэатр старадаўняй культуры «Яварына», прагучыць фолк-метал ад гурта Sakramant і хэві-метал ад пастаяннага ўдзельніка фестываля Aillion. Апроч таго выступяць гурт FRAM з Украіны, які выконвае сярэднявечны этна-рок, і расійскі фэнтазі-фолк калектыў «Земля Легенд».

Канцэртная праграма завершыцца каля гадзіны ночы, таму на тэрыторыі музея будуць працаваць намётавыя лагеры для гасцей і ўдзельнікаў. Дарэчы, апошні — лагер рэканструктараў — цалкам закрыты сярэднявечны асяродак, дзе нельга карыстацца сучаснымі прыладамі і тэхнікай, посудам, адзеннем… Трапіць туды таксама нельга, але арганізатары паабяцалі, што групы з суправаджэннем змогуць наведаць гэты анклаў.

Аўтэнтычная кузня па старадаўніх тэхналогіях

Бавіць час паміж батальнымі і канцэртнымі падзеямі можна будзе на вялікім кірмашы рамеснікаў з майстар-класамі, буйным фудкорце з сярэднявечным ухілам, фотазонах, квэстах і іншых інтэрактыўных кропках.

Адным з найбольш цікавых інтэрактываў фестываля стане праца паўнавартаснай аўтэнтычнай сярэднявечнай кузні.

 Мы рыхтуемся паказаць шэраг тэхналогій, звязаных з аўтэнтычнай металаапрацоўкай, — распавёў майстар сярэднявечных рамесных тэхналогій і апрацоўкі металаў Дзмітрый Андрэеў. — Самая цікавая і ўнікальная з тэхналогій — эксперымент з майстар-класам па аўтэнтычнай металургіі. Наша задача — паказаць працэс вытворчасці жалеза з беларускай жалезнай руды. На фестывалі мы адновім увесь цыкл ад пабудовы печы да выплаўкі і, калі паспеем, кавальскай апрацоўкі жалеза.

Таксама сёлета мы хочам паказаць тэхналогіі традыцыйнага ручнога кавальства. Гэта будзе не звыклая для беларускага гледача анімацыя — выкаваць падкову ці цвічок, а тэхналогіі вырабу сярэднявечнага інструмента, звязаныя з кавальскай зваркай. Таксама мы пакажам у кузні ліццё, чаканку, слясарную апрацоўку на аўтэнтычным інструменце — чатыры майстры будуць праводзіць майстар-класы з каментарыямі.

Як трапіць на «Наш Грунвальд»

Аляксандр Рак адзначае, што за апошнія гады попыт на беларускую гісторыю і культуру расце. Гэта заўважна, бо 11 гадоў таму фестываль «Наш Грунвальд» паўставаў з пэўнага інфармацыйнага вакуума: калі ў Польшчы і Літве ўгодкі Грунвальдскай бітвы адзначаліся як нацыянальнае свята, то ў Беларусі была поўная цішыня. Цяпер «Наш Грунвальд» — самы маштабны фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі ў Беларусі і адзін з самых запатрабаваных. Арганізатары прызнаюцца, што для іх ён ніколі не быў чыста камерцыйным праектам, яны самі атрымліваюць ад яго задавальненне і ўспрымаюць як «масавае сямейнае мерапрыемства», дзе сустракаюцца даўнія сябры.

Калі вы таксама хочаце паглыбіцца ў гэтую атмасферу, распавядаем, як можна будзе дабрацца на фестываль. Спецыяльна да свята плануюць арганізаваць дадатковыя маршруты рэйсавага аўтобуса 323, які адпраўляецца ў «Дудуткі» з Цэнтральнага аўтавакзала. Таксама будзе бясплатны трансфер з Рудзенска ў «Дудуткі» і назад. Расклад будзе на сайтах музея і фестываля. Апроч таго, на афіцыйнай старонцы фэсту «УКантакце» можна знайсці спадарожнікаў, якія едуць на «Наш Грунвальд» на машынах. Праграму і абнаўленні фестываля таксама шукайце на афіцыйных інфармацыйных рэсурсах арганізатараў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!