«Наш Караткевіч» усяму свету: у эфіры VOKA пакажуць тэатральную імпрэзу да 90-годдзя класіка

26 лістапада, у дзень нараджэння выбітнага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, відэасэрвіс VOKA пакажа ў прамым эфіры святочную імпрэзу «Наш Караткевіч» у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Трансляцыя будзе даступнай для прагляду бясплатна і ў любой кропцы Беларусі і свету.

Па лабірынтах творчасці, кахання, спакусаў, нечаканых таямніц, звязаных з асобай Караткевіча, гледачоў правядуць артысты Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, а таксама ансамбль «Музычная арка». Трансляцыя з’яўляецца часткай інфармацыйнай кампаніі #Караткевіч90, якую ладзіць А1.

– Падтрымка артэфактаў беларускай нацыянальнай культуры – адзін з галоўных кірункаў карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці А1. Таму сёлета мы хочам нагадаць пра адну з самых яркіх постацяў айчыннай літаратуры праз серыю анлайн-праектаў і падзей, падрыхтаваных адмыслова да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча. Сярод іх – спецыяльная імпрэза ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. І мы вельмі радыя, што дзякуючы трансляцыі на VOKA зможам прадставіць творчасць знакамітага класіка на ўвесь свет у дзень яго нараджэння, – адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў.

Задума правесці імпрэзу «Наш Караткевіч» з’явілася ў рэжысёра і драматурга Васіля Дранько-Майсюка, мастака Юрыя Саламонава і паэткі Валярыны Куставай.

– Караткевіч лавіў акул і атрутных змей, аплакваў сваё першае трагічнае каханне, першым на Беларусі пачаў пісаць гістарычныя дэтэктывы і стаў адным з самых папулярных айчынных пісьменнікаў «ад Варшавы да Камчаткі». Ламаў у літаратуры правілы гульні, умеў здзіўляць і натхняць, ненавідзеў, калі яго называлі рамантыкам, і марыў, каб рэальныя беларусы сталі такімі ж моцнымі, годнымі, як і яго літаратурныя героі. Сцэнічны партрэт гэтага чалавека і вялікага аўтара хочацца прадставіць так, каб закрануць і творчасць, і важныя падзеі з жыцця, – адзначаюць аўтары ідэі.

Прамы эфір пачнецца а 19-й гадзіне. Далучыцца да прагляду можна з любой прылады і ў сетцы любога аператара пасля аўтарызацыі ў прыкладанні VOKA ці на сайце voka.tv па нумары мабільнага тэлефона.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: