Наша гісторыя — нібы пыл, але прыгледзішся — убачыш сапраўднае золата

Штогод па ўсёй краіне ў найбліжэйшыя да Міжнароднага дня помнікаў і мясцін (18 красавіка) выходныя можна наведаць самыя разнастайныя экскурсіі ад вядомых прафесійных гідаў, а таксама апантаных краязнаўцаў, даследчыкаў і экскурсаводаў-аматараў.
Павел Каралёў (фота аўтаркі)

Павел Каралёў (фота аўтаркі)

Стваральнік «Фэста экскурсаводаў Павел Каралёў — сёння вядомы экскурсавод, супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і заснавальнік галоўнага краязнаўчага свята Беларусі «Фэст экскурсаводаў», можа дакладна назваць дату, калі ён сустрэўся са Спадчынай. Гэта адбылося ў 2002 годзе на рыцарскім фестывалі ў Наваградку.

«У найпрыгажэйшым месцы з выдатнымі ландшафтамі і шыкоўнымі помнікамі архітэктуры праходзіла густоўная дзея з рыцарамі, дамамі, старажытнай музыкай. Тады ў мяне здарылася сапраўдная любоў, і пасля гэтага я пачаў сам ездзіць па Беларусі», — узгадвае Павел.

Тады ж узніклі два супярэчлівыя пачуцці: адно з іх — гонар за мінулае краіны, другое — расчараванне і скруха ад таго, што спадчына занядбаная. І Павел, тады яшчэ другакурснік-музеязнаўца Універсітэта культуры і мастацтваў, стварыў пры альма-матэр гісторыка-краязнаўчае таварыства «Этна», якое займалася ў тым ліку і аховай гістарычных помнікаў. За час існавання таварыства шмат чаго было ў грамадскім і асабістым жыцці Паўла: і досыць паспяховыя праекты, і поўнае прызнанне свайго бяссілля, і вандроўка аўтаспынам у Тыбет, і прыход да веры. Прыкладна тады ж, ужо будучы аспірантам, Павел задаўся пытаннем: што карыснага ён можа зрабіць уласнымі сіламі дзеля аховы помнікаў гісторыі і культуры? І нарадзілася ідэя «Фэста экскурсаводаў» — свята бясплатных вандровак, якое за дзевяць гадоў існавання ўпадабалі тысячы беларусаў.

— Я падзяліўся ідэяй са сваімі сябрамі Раманам Абрамчуком і Цімафеем Акудовічам, якія яе падтрымалі. Падчас першага Фэста нам самім было цікава, ці прыйдуць людзі на экскурсіі. Іх было яшчэ не так шмат, як цяпер, але людзі прыйшлі — ідэя спрацавала.

З таго часу штогод па ўсёй краіне ў найбліжэйшыя да 18 красавіка, Міжнароднага дня помнікаў і мясцін, выходныя можна наведаць самыя разнастайныя экскурсіі ад вядомых прафесійных гідаў, а таксама апантаных краязнаўцаў, даследчыкаў і экскурсаводаў-аматараў.

— Цяжка сказаць, ці паўплываў на гэта Фэст, але я бачу, што людзі цяпер больш ведаюць пра аб’екты спадчыны, павялічылася да іх цікавасць. «Фэст экскурсаводаў» — гэта не будоўля, вынік якой можна адсачыць па вышыні сцен. Але я неаднойчы сустракаў людзей, якія казалі, што ім спадабаўся Фэст, і лічу, што нейкую «цаглінку» ў іх свядомасць мы заклалі. І пакуль ёсць пустэча ў веданні і шанаванні свайго, «Фэст экскурсаводаў» будзе актуальны.

«Лёс Еўропы вырашаўся ў Беларусі»

Павел мяркуе, што свята экскурсій можа быць і пэўным штуршком да таго, каб грамадства пачало рупіцца аб захаванні спадчыны, стан якой у нашай краіне вельмі неадназначны. Бо пакуль яшчэ многія беларусы не імкнуцца не тое што захоўваць, а нават ведаць пра помнікі, якія побач.

— У іх яшчэ не адбылася тая сустрэча са Спадчынай, якая б змяніла жыццё. Пакуль многія жывуць адным днём, аднак, калі б мы накіравалі свае погляды да гісторыі, то вельмі моцна ўзбагаціліся б — і ведамі, і гонарам, і самасцвярджэннем. Гэта вельмі дапамагае моцна трымацца на нагах. Узяць гісторыю любога населенага пункта — уражвае, наколькі яна глыбокая. Часам, калі я рыхтуюся да экскурсій, лаўлю сябе на думцы, што гістарычныя звесткі лепшыя за любы выдуманы раман. Калі чытаеш пра пераправу Напалеона праз Беразіну пад Барысавам, — гэта найлепшы прыгодніцкі аповед! Фактычна, лёс Еўропы вырашаўся ў Беларусі, і трэба ганарыцца гэтым! А ў нас гісторыя — нібы пыл пад нагамі, але калі да яго прыгледзішся — убачыш сапраўднае золата, якое можа прынесці дывідэнды і ў сферы турызма, і ў выглядзе ўмацавання нацыянальнай годнасці, якой бракуе.

 Экскурсія «Шарм міжваеннага Менска» з Паўлам Махінавым і Аляксандрай Валодзінай (фота Holiday.by).

 Экскурсія «Шарм міжваеннага Менска» з Паўлам Махінавым і Аляксандрай Валодзінай (фота Holiday.by).

Ад Клімавічаў да Мадрыда

Папярэднія пакаленні беларусаў навучалі людзі, якія не закладалі ў іх гэтае пачуццё. Таму падчас «Фэста экскурсаводаў» можа адбыцца тое самае рамантычнае спатканне з чароўнай паннай Гісторыяй, якая жыве зусім побач. Павел упэўнены, што калі чалавеку аднойчы паказаць звыклую рэч з іншага боку, распавесці яе гісторыю, прыадкрыць таямніцу, — яго свядомасць зменіцца.

Сёлета асноўныя вандроўкі «Фэста экскурсаводаў» пройдуць 21 — 22 красавіка, хаця першыя экскурсіі стартавалі яшчэ 13 красавіка. Наведвальнікаў чакаюць сотні бясплатных і самых разнастайных шпацыраў па ўсёй краіне і за мяжой. Гістарычныя цэнтры і мікрараёны, храмы і паркі, кавярні і могілкі, тэмы мастацтва, габрэйства, рэпрэсій, БНР, маршруты на роварах і на замежных мовах…

У Фэста-2018 адразу некалькі адметнасцяў: упершыню падчас яго пройдзе Беларуская інтэлектуальная гульня, адбудзецца вандроўка з выкарыстаннем мабільных прылад (яны дазволяць на сучасных вуліцах Мінска ўбачыць старыя будынкі, якія не захаваліся), а таксама Фэст экскурсаводаў сягне за мяжу — там яго будуць праводзіць мясцовыя беларусы. Па некалькі беларускіх экскурсій чакаюцца ў Вільні і Варшаве, будуць экскурсіі ў Празе, Даўгаўпілсе, Львове, Беластоку і нават у Мадрыдзе.

— Нічога дзіўнага, і там ёсць «беларускі след». У Мадрыдзе, у музеі Прада захоўваюцца многія творы мастацтва з калекцыі каралевы Марыі, жонкі Людовіка ІІ Ягелончыка. Гэтая жанчына па смерці мужа больш не выйшла замуж, і, нягледзячы на прапановы новага шлюбу, захавала вернасць мужу і належную памяць пра яго. Апроч таго, у Мадрыдзе жыў і быў пахаваны апошні ўладальнік Мірскага замка Аляксандр Дзмітрыевіч Святаполк-Мірскі.

Экскурсія «Міфалогія горада» са Змітром Скварчэўскім (фота Аляксея Лапукі)

Экскурсія «Міфалогія горада» са Змітром Скварчэўскім (фота Аляксея Лапукі)

Не ўсё вырашаюць грошы

Аналагаў «Фэста экскурсаводаў» няма нідзе ў свеце. Нешта падобнае ёсць ва Украіне, але значна менш маштабнае, прымеркаванае да Дзён еўрапейскай спадчыны. Павел марыць, каб ідэю Фэста падхапілі ў іншых краінах, і тады можна будзе ганарыцца, што свой пачатак ініцыятыва займела ў Беларусі.

Калі казаць шчыра, то тэма гісторыка-культурнай спадчыны не самая папулярная і непрыбытковая. «Фэст экскурсаводаў» не прыносіць фінансавай карысці, арганізатары ўкладаюць у яго ўласныя грошы, шукаюць спонсараў, якія маглі б пакрыць хоць нейкія выдаткі. Але Павел перакананы, што «Фэст экскурсаводаў» павінен быць бясплатным для наведвальнікаў. Хаця ў норме можа быць нейкая падзяка за вандроўку экскурсаводу — па жаданні экскурсантаў.

Ініцыятыва бясплатных экскурсій не сустракае перашкод: гэтая ніша нікім не занятая, і цяпер «Фэст экскурсаводаў» нават уключаны ў Дзяржаўную праграму Міністэрства спорту і турызму «Гасцінная Беларусь». Пры гэтым рэалізацыя Фэста ляжыць цалкам на яго арганізатарах. Як паказвае досвед, для гэтага зусім не абавязкова мець фінансавую падтрымку дзяржавы. Ідэйна ж мерапрыемства падтрымліваюць Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІCOMOS), Беларускае грамадскае аб’яднанне экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, ДУ «Нацыянальнае агенцтва па турызме», ГА «Беларускi фонд культуры».

— Грамадства само мусіць быць творчым, актыўным і рэалізоўваць свае ідэі нягледзячы на тое, што нехта лічыць іх малаверагоднымі. Толькі дзякуючы гэтаму Беларусь стане той, якой мы хочам яе бачыць, кажа Павел Каралёў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць