NaviBand намінаваны на беларускую альтэрнатыўную прэмію

Абвешчаныя намінанты пятай прафесійнай музычнай прэміі Rock Profi 2017, якая ўручаецца па галасах беларускіх музыкаў у напрамках: рок, індзі, альтэрнатыва. Пераможцаў назавуць 26 мая на цырымоніі, якая адбудзецца ў сталічным клубе ili.

У журы прэміі ў гэтым годзе ўвайшлі больш за 50 сольных выканаўцаў і калектываў, якія выдалі поўнафарматныя альбомы ў 2014, 2015 і 2016 гадах. У межах пяці асноўных намінацый было разгледжана 37 альбомаў і 60 песень, выдадзеных з 1 студзеня да 31 снежня 2016 года. Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Зміцер Безкаравайны (Experty.by) і Павел Юрцэвіч (клуб ili).

Больш за ўсё намінацый — чатыры — у гурта «Петля пристрастия». У Лявона Вольскага — тры.  «Петля пристрастия» і Лявон Вольскі ўжо канкурыравалі ў гэтым сезоне за лепшы альбом у межах узнагарод Experty.by па галасах беларускіх і замежных крытыкаў. Тады перамагла «Петля пристрастия» з дыскам «Мода и облака». На прэміі Rock Profi яны таксама паспрачаюцца за «Лепшую песню» і «Артыст года».

Па дзве намінацыі — «Лепшы альбом» і «Лепшы запіс» — у электронных праектаў Mustelide і Shuma.
З цікавага — у намінанты на «Лепшую песню» таксама патрапіла «Гісторыя майго жыцця» ад NaviBand, з якой яны ездзілі на «Еўрабачанне 2017».

— Выпадак з намінацыяй песні з «Еўрабачання» ў межах альтэрнатыўных узнагарод сапраўды ўнікальны. Але можна ўзгадаць, як некалькі гадоў таму ў лік намінантаў патрапіла Паліна Рэспубліка з песняй «Лета», і за яе прагаласавалі такія суворыя хлопцы, кшталту Лэслі Найфа з Gods Tower. На мой погляд, гэта яшчэ раз сведчыць, што музыка не мае межаў, у тым ліку стылістычных, — адзначае Зміцер Безкаравайны.

Пераможцы прэміі будуць названыя 26 мая на цырымоніі Rock Profi 2017 у клубе ili. Пачатак мерапрыемства ў 20.00. У канцэрце возьмуць удзел: True Litwin Beat, The Bangalors, Pink And Sweet. Цырымонія адбудзецца пры падтрымцы аркестра «18 Датчан». 

Спіс намінантаў (у алфавітным парадку):

«Лепшы альбом»: Лявон Вольскі «Псіхасаматыка», «Петля пристрастия» «Мода и облака», Mustelide «Spi», Shuma «Сонца».

«Лепшы запіс» (прыз гукарэжысёрам): Алег Даманчук за альбом «Петля пристрастия» «Мода и облака», Наталля Куніцкая за альбом Mustelide «Spi», Павел Сініла за альбом Re1ikt «Куфар», Alexis Scorpio за альбом Shuma «Сонца».

«Лепшая песня»: Лявон Вольскі «Гэй!», «Петля пристрастия» «Груз», NaviBand «Гісторыя майго жыцця», Nizkiz «Миражами».

«Дэбют года»: «Восьмыдзень», «Вочы», Nebulae Come Sweet, Witness Temple.

«Артыст года»: Лявон Вольскі, «Дай дарогу», «Петля пристрастия», Brutto.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!