Навукоўцы даказалі: сучасная беларуская мова — не «наватвор»

У Мінску 26 кастрычніка быў прадстаўлены апошні 37-ы том «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы», паведамляе Радыё Свабода. Серыю пачалі выпускаць яшчэ ў 1982 годзе.
Кнігі ўкладалі навукоўцы Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа, які ўваходзіць у склад Цэнтру даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук. З нагоды выдання дырэктар інстытуту Ігар Капылоў расказаў БелаПАН пра ўнікальнасць слоўніка, што «адлюстроўвае гісторыю беларусаў на працягу 500 гадоў».

Капылоў заявіў, што слоўнік — чарговае пацвярджэнне таго, што ў беларусаў ёсць «старажытная гісторыя, багатая культура і старажытная адметная высокаразвітая еўрапейская мова».

Існуе думка, што сучасная беларуская літаратурная мова заснаваная цалкам на базе народных гаворак, дыялектаў, а старабеларуская — гэта зусім іншая мова. Але слоўнік даказвае, што пераемнасць існуе.

«На працягу многіх дзесяцігоддзяў неаднаразова дыскутавалася пытанне адносна пераемнасці паміж старабеларускай і сучаснай беларускай літаратурнай мовамі, — распавядае Капылоў. Пытанне вельмі складанае і да канца не вырашанае, бо існуе думка, што сучасная беларуская літаратурная мова заснаваная цалкам на базе народных гаворак, дыялектаў, а старабеларуская — гэта зусім іншая мова. Але слоўнік даказвае, што пераемнасць існуе. Яна адназначна была, прынамсі ў вуснай форме. Іначай бы сёння мы не мелі мовы, якая на працягу больш чым 300 гадоў фактычна не ўжывалася ў афіцыйнай пісьмовай форме.

І нават у літаратурнай пісмовай мове пераемнасць ёсьць. Напрыклад, слова «мыта» і «мытнік» з'явілася [у сучаснай беларускай мове] адносна нядаўна, але яно шырока ўжывалася ў старабеларускі пэрыяд у помніках XIV–XVII стагоддзяў. Калі ўважліва пагартаць слоўнік, то многія іншыя словы мы можам сёння ўзяць ва ўжытак, паступова яны пранікнуць і ў хуткім часе стануць літаратурнай нормай. Гэты працэс завецца дэархаізацыяй лексікі».

Набыць усе кнігі серыі адначасова сёння складана, але навукоўцы абяцаюць зрабіць лічбавую версію слоўніка.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Стары Літвін
  • 2017-12-26 19:09:07
Бальзам на сэрца. Малайцы. Пачытаем.