Navіband, Secret Service, аўтазак (фота)

Як ужо паведамляў «Новы Час», у суботу сталічны Верхні Горад ператварыўся ў частку «Трэ Крунур» — каралеўства Швецыя.
Амбасадар Швецыі ў Беларусі Марцін Оберг

Амбасадар Швецыі ў Беларусі Марцін Оберг


3-га траўня ў Мінску гэтая скандынаўская краіна адзначала свой Дзень. Бліжэй да вечара падавалася, што на Плошчы Свабоды каля Ратушы сабралося ледзьве не палова сталіцы.



Крыху раней з мінчукамі ды гасцямі нашае краіны, якія апынуліся на месцы падзеі, ахвотна фатаграфаваўся амбасадар Швецыі ў Беларусі Марцін Оберг. Варта адзначыць, што ўвесь дзень на мерапрыемстве гучала беларуская мова, а большасць вывесак і плакатаў былі менавіта па-беларуску. Тое, што са сцэны гучала менавіта наша мова, можна падзякаваць вядоўцу імпрэзы — сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Усеваладу Сцебураку.

Да пачатку вечаровага канцэрту наведнікі маглі наведаць шматлікія харчовыя кропкі і пачаставаць сапраўдня шведскія стравы — ад адмыслова марынаванага селядца з бульбай па скандынаўскіх рэцэптах, вэнджаную салаку па-шведску да смачных тамтэйшых каўбасак ды фрыкадэлек пад бруснічным сочывам.



А 20-й гадзіне пачаўся сам доўгачаканы канцэрт. З саракахвілінным выступам на сцэну ўзняліся ўлюбёнцы беларускае публікі — удзельнікі “Еўрабачання – 2017” Navіband. Грамада прымала Арцёма і Ксюшу вельмі ўдзячна, і было за што.

Аказалася, што ў гэтага маладога гурта вельмі файны рэпертуар. Некаторыя мае калегі нават выказалі меркаванне, што кампазыцыя “Гісторыя майго жыцця”, з якой гурт выступаў у Кіеве, не самая лепшая з таго, што спяваюць нашы маладыя таленавітыя выканаўцы. А голас у Арцёма аказаўся нашмат мацнейшым і прыцягальным, чам гэта было чуваць у памянёнай кампазіцыі, якая, па вялікім рахунку, не дазваляе напоўніцу раскрыцца галасавым магчымасцям музыкі.

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Тым не менш, бурныя авацыі, апладысменты, воклічы, спевы разам з выканаўцамі — гэтага Naviband заслужыў па поўнай праграме і справядліва. Дарэчы, на канцэрце можна было заўважыць і дзеячоў культуры, і палітыкаў. Да прыкладу, старшыню Партыі БНФ Аляксея Янукевіча з шведскім сцяжком у руках. Дарэчы, жоўта-сінія стужкі і сцяжкі (гэта афіцыйныя колеры Трэ Крунур), трымаў ледзьве не кожны другі прысутны.  

А потым на подыюм выйшаў легендарны шведскі гурт Secret Service, што выклікала шквал эмоцыяў у гледачоў сярэдняга і больш сталага пакалення. Цягам больш як гадзіны гучалі толькі хіты, якія ў 80-я і 90-я гады мінулага стагоддзя можна бло чуць, як кажуць, ледзь не з кожнага праса. Карацей, свята атрымалася, і людзі былі вельмі ўдзячныя шведам, якія зладзілі гэты цудоўны Дзень, дзе кожны мог знайсці для сябе нешта цікавае.

Адзіны момант, не самы лепшы, які стаўся звыклым для беларускае рэчаіснасці. Зноў навідавоку, наўпрост каля будынку Кансерваторыі, быў прыпаркаваны аўтазак — «сімвал сучаснай беларускай дэмакратыі». На ўласныя вушы даваялося чуць, як замежнікі пыталіся, што гэта за страхоцце стаіць побач з месцам правядзення канцэрта. Апроч таго, сярод натоўпу, дзе і паварушыцца часам было праблематычна, пастаянна снавалі дзецюкі ў форме АМАПу з зусім несвяточным выразам твару.



Ну не можа тутэйшая ўлада прызвычаіцца да таго, што шмат людзей ў адным месцы дазваляюць сабе сабрацца без нейкіх злых наўмысаў. І шматлікія амапаўцы і аўтазакі  аніякім чынам не спрыяюць святочнаму настрою людзей. Ну, мы да гэтага ўжо прызвычаіліся.

А вось свята насамрэч удалося. Цяперака, як было напісана на адным з плакатаў, «Да сустрэчы ў Стакгольме!». Вельмі хочацца спадзявацца.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!