Названа тройка фіналістаў «Заспявай-5»

Па выніках жывога і відэа праслухоўвання журы конкурсу абрала тройку фіналістаў пятага сезону конкурсу «Заспявай», які праводзяць партал TuzinFM і фонд «Вяртанне».

На першым этапе паводле дэма-запісаў cябры журы назвалі тых выканаўцаў, якіх хацелі бы ўбачыць на жывых праслухоўванняў. Такіх апынулася 25 з 28. На другім этапе выбіралі тройку фіналістаў паводле гэтых выступаў – 22 выканаўцы здолелі выступіць альбо запісаць відэа. Па выніках галасавання найбольшую колькасьць галасоў набралі тры фіналісты.

Павал Козіч і Ціхан Букраба з песняй «Трамвай» на словы Антона Рудака.

Павал і Ціхан вучацца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва. З музычных кірункаў аддаюць перавагу джазу і соўлу. Яны некалькі гадоў працуюць разам. Калі ўбачылі інфармацыю пра конкурс, вырашылі падрыхтаваць конкурсную песню ў фармаце дуэту. Яны разам напісалі музыку на верш «Аэдадромная» паэта Антона Рудака. Кажуць, што хацелі стварыць баладу з глыбокім сэнсам, а ў гэтым вершы акурат кожны можна знайсці свой сюжэт. На жывым праслухоўванні музыкі выступілі ў суправаджэнні струннага трыё.  

Maximalism – праект сямейнай пары з Мінску, які створаны ў 2016 годзе. Для конкурсу «Заспявай-5» яны стварылі песню «Фрагмэнты» на верш Ганны Комар. «Нам вельмі спадабалася яе паэзія. І калі мы спыніліся менавіта на гэтым вершы, то адразу прыдумалася мелодыя для прыпеву. Не ўсе вершы можна пакласці на музыку, але гэты твор пасля адаптацыі ідэальна падышоў да музыкі. І тэма мне вельмі блізкая», – кажа вакалістка Алеся.

У сваёй музыцы Maximalism яднае электроніку з грувавымі рытмамі дып ды тэхгаўзу. На рухунку музыкаў 4 EP – два з іх выйшлі на ўкраінскім лэйбле Dear Deer, адзін – на нямецкім Nie Wieder Schlafen і на брытанскім лэйбле Constant Circles. Яшчэ адзін рэліз мае выйсці на галандскім Click Records.
 
Раман Волазнеў трапіў у фінал «Заспявай-5» з песняй «Салёныя сны», якую стварыў адмыслова для конкурсу. Словы належаць Мікіту Найдзёнаву, якога выканаўца добра ведае ўжо некалькі гадоў, але ўпершыню звярнуўся да ягонай беларускамоўнай паэзіі: «Гэты верш Мікіты мне падаўся нейкім асаблівым, не такім, якім я прызвычаіўся бачыць ягоную творчасьць. І музыка па прачытанню гэтага твора нарадзілася ў мяне ў лічаныя хвіліны».

Раман з Мінску, цяпер вучыцца ў Расейскім інстытуце тэатральнага мастацтва (ГИТИС) у Маскве. На сцэне ён з 10 год, станавіўся пераможцам і лаўрэатам розных дзіцячых конкурсаў, але разглядае сваю дарослую кар’еру асобна ад дзіцячай. Яна пачалася летась з сінглу «Остановись», а пры канцы лета 2018 году Раман выдаў дэбютны альбом.

Сёлета музыкам ад 16 да 30 гадоў у межах конкурсу «Заспявай-5» прапаноўвалася пакласці на музыку верш аднаго з лаўрэатаў літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. У журы ўвайшлі спявачка і кампазытарка Наталля Куніцкая (Mustelide), музыка Алесь-Францішак Мышкевіч (The Superbullz, Volski, Drezden), спявачка і педагог Ірэна Катвіцкая (Akana, Kazalpin, Warsoba), саўндпрадзюсар Андрэй Акатаў (Belsat Music Live), музыка і выкладчык Алег Хаменка («Палац»), а таксама арганізатары конкурсу — кіраўнік парталу TuzinFM Сяргей Будкін і кіраўнік фонду «Вяртанне» Павал Бераговіч.

Кожнага з фіналістаў «Заспявай» чакаюць яшчэ індывідуальныя заняткі і кансультацыі ментараў конкурсу, а таксама праца ў студыі над канчатковымі версіямі конкурсных песень. Увесну плануюцца канцэрты кожнага з фіналістаў «Заспявай-5» пры падтрымцы вядомых выканаўцаў і гала-канцэрт, на якім будзе абвешчаны пераможца конкурсу. Ён атрымае 1500 BYN на рэалізацыю сваіх творчых задумаў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!