Названы шорт-ліст Прэміі Гедройца

У Беларускім ПЭН-цэнтры сёння агучылі назвы шасці кніг, якія найбольш упадабала журы конкурсу.
На абвяшчэнні шорт-ліста, акрамя журналістаў, прысутнічалі сябры аргкамітэту Прэміі: Аляксей Стрэльнікаў, Таццяна Нядбай, Наталля Рак, Уладзь Лянкевіч.

Па словах Аляксея Стрэльнікава, «усе кніжкі спісу – вельмі розныя, і кожная з іх – гэта тэндэнцыя».

У шорт-ліст увайшлі наступныя творы:

Уладзімір Арлоў. «Танцы пад горадам»

Альгерд Бахарэвіч. «Сабакі Еўропы»

Адам Глобус. «Сям'я»

Вінцэсь Мудроў. «Забойца Анёла»

Павел Севярынец. «Беларусалім»

Анка Упала. «На заснежаны востраў»
Дарэчы, па выніку конкурсу «Угадай кароткі спіс» ніхто з удзельнікаў не змог правільна назваць шэсць кніг шорт-ліста, таму абвешчаны наступны конкурс: «Угадай трох фіналістаў».

Аб нюансах складання спісаў на Прэмію НЧ расказаў драматург, журналіст і тэатральны аглядальнік, сакратар аргкамітэта Прэміі, Аляксей Стрэльнікаў.

— Колькі часу ў журы сышло, каб сфармаваць кароткі спіс? І якім быў доўгі спіс?

— Усяго на Прэмію было пададзена 32 кніжкі. З чэрвеня журы знаёмілася, чытала гэтыя кніжкі. Доўгі спіс мы абвясцілі не так даўно – тыдні два таму. Журы не спатрэбіўся дадатковы час – адбылася сустрэча і абмеркаванне сябраў журы, менавіта на такіх сустрэчах адбываецца вызначэнне доўгага і кароткага спісу

— Гэтаксама будзе вызначаны і пераможца?

— Так. Мы вызначаем па рэгламенце Прэміі першае, другое, трэцяе месца. Кожнаму месцу адпавядае свой прыз. Ёсць галоўны грашовы прыз, за другое месца даецца творчая рэзідэнцыя, а за трэцяе – выданне кнігі ў выдавецтве «Беларускі кнігазбор».

— А вы — не сябра журы?

— Я сакратар журы. Я збіраю іх, арганізую паседжанні, вяду пратаколы. А ў абмеркаваннях я не маю права ўдзельнічаць.

— Можа, не зусім карэктна задаваць такое пытанне, але якія кнігі з шорт-ліста вам падабаюцца найбольш? І ці ўсе вы чыталі?

— Па шчырасці, я не ўсе прачытаў. І, напэўна, сапраўды будзе некарэктна, калі я пачну выказваць сімпатыі. Сапраўды, я прыйшоў займацца Прэміяй Гедройца ад таго, што не маю кантактаў з літаратарамі. І ўвогуле мне падаецца, чым больш незалежным будзе аргкамітэт ад літаратурнага працэсу, тым лепей. Хаця ў нас даволі вузкае літаратурнае кола, усе адзін з адным знаёмыя, і даволі цяжка быць незалежным.
Пераможца Прэміі Гедройца будзе абвешчаны 11-га кастрычніка.

Даведка НЧ:

Прэмія Гедройца – літаратурная прэмія, заснаваная 28 снежня 2011 года. Была названа ў гонар ураджэнца Мінска, польскага публіцыста і палітыка Ежы Гедройца, які ў сваёй культурнай дзейнасці быў паслядоўным прыхільнікам добрасуседскіх зносін паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой і Украінай. Прэтэндаваць на ўдзел у Прэміі могуць кнігі, напісаныя на беларускай мове, у жанрах мастацкай і дакументальнай прозы, выдадзеныя ў папяровым альбо электронным варыянце цягам каляндарнага году.

Суарганізатарамі Прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.

Фота аўтара

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Мікола
  • 2018-09-06 09:39:34
Шкада, што адны і тыя ж імёны. Няўжо няма нікога, хто мог бы процістаяць гэтым "монстрам" ад літаратуры?!

Больш цікавага на «Новым Часе»: