«Не еш нас, калі ласка!» — вугор стаў героем беларускага мульціка

Рыба, якая знаходзіцца на крытычнай мяжы знікнення, атрымала слова ў сваю абарону ў мультыплікацыйным відэафільме, які стварыла Майстэрня сацыяльнага кіно на замову грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).
У паўтарахвілінным роліку еўрапейскі вугор расказвае пра сваё дзівоснае і складанае жыццё. Народжаныя ў Саргасавым моры, вугры плывуць праз увесь Атлантычны акіян і Балтыйскае мора ў беларускія азёры, каб тут пасяліцца. Жыць яны могуць толькі ў чыстых вадаёмах, таму ім важна, каб вада не забруджвалася.
Праз шмат гадоў першы і апошні раз у жыцці вугры вяртаюцца назад, каб аднераставаць. Але плаціны на рэках змяншаюць іх шанцы даплыць да Саргасавага мора.

Вугор звяртаецца да гледачоў з просьбай дапамагчы яму выжыць: не лавіць і не есці вугроў, прыбіраць смецце з берагоў вадаёмаў, нагадваць дарослым, каб не мылі машыны каля вады, паведамляць у АПБ пра факты забруджвання азёраў і рэк або ўзворвання зямлі каля вады.


Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ распавёў: “Еўрапейскі рачны вугор з усіх нашых відаў жывёл і раслін мае найвышэйшы пагражальны статус — від знаходзіцца ў свеце пад крытычнай пагрозай знікнення. Цікава, што пры гэтым у Беларусі яго можна цалкам легальна лавіць у азёрах па ліцэнзіі, купляць вэнджанага на дарогах і ў крамах. Баюся, што калі нічога не рабіць для змены гэтай сітуацыі, то нашыя дзеткі і ўнукі могуць яго ніколі не ўбачыць жывым. Але калі дзеці маюць добрыя аргументы, яны могуць пераканаць і дарослых. Слухайце дзяцей, вельмі часта яны маюць рацыю”.

Мультыплікацыйны відэафільм створаны ў межах праекта АПБ «Захаванне ласосяў і еўрапейскага вугра ў Беларусі», які фінансуецца Шведскім агенцтвам міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця (SIDA) праз Кааліцыю Чыстая Балтыка (Coalition Clean Baltic).

У лістападзе ў межах гэтага праекта АПБ запусціла Народную анлайн-карту распаўсюду вугра, куды просіць заносіць сведчанні пра вугровыя месцы — як актуальныя, так і тыя, дзе вугры жылі шмат гадоў таму. Прыродаахоўнікі заклікаюць моладзь распытваць старэйшых сваякоў і знаёмых пра сустрэчы з гэтай рыбай і заносіць адпаведныя кропкі на карту.

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: