«(Не)свая краіна». Легендарны польскі дысідэнт выступіць у Мінску

Заснавальнік «Gazeta Wyborcza», дысідэнт, грамадскі дзеяч і журналіст Адам Міхнік выступіць 17 снежня ў Мінску з разважаннямі пра ўстаноўкі, лад жыцця і дзеянні грамадзяніна, які вымушаны жыць ва ўмовах (не)сваёй краіны.

Адам Міхнік — адзін з выбітных дзеячоў эпохі злому камуністычнай сістэмы Польшы, чые пазіцыя і дзеянні і сёння не страцілі ні актыўнасці, ні ўстаноўкі нон-канфармізму — наведае Мінск у межах фестываля дакументальных фільмаў пра правы чалавека WATCH DOCS Belarus 2018. Ён з’яўляецца галоўным героем аднаго з фільмаў фестываля. Заснавальнік «Gazeta Wyborcza», якая на працягу амаль 30 гадоў застаецца адным з галоўных польскіх медыя, спадар Міхнік па-ранейшаму «патрабуе немагчымага», рухаецца супраць плыні і адстойвае свае ідэалы і каштоўнасці.

Пасля злому таталітарных рэжымаў панятак «дысыдэнт» павінен быў сыйсці з гістарычнай і палітычнай сцэны. Але беларуская рэчаіснасць і «аўтарытарны рэванш» у некаторых еўрапейскіх краінах наноў ставяць пытанне аб магчымасці рэалізаваць свае каштоўнасці і ўстаноўкі ў межах легальнага грамадскага і палітычнага працэссу. Зноў нас яднаюць пытанні, якія кожны грамадзянін і чалавек задае сябе. Межы кампрамісу і калабарацыі, дылема эміграцыі і патрыятызму, індывідуальныя стратэгіі і салідарныя дзеянні — асноўныя пытанні, што будуць абмеркаваныя ў выступе.

Мерапрыемства адбудзецца 17 снежня ў Галерэі ТUT.by (пр.Дзяржынскага, 57). Пачатак а 19 гадзіне. Арганізатары: Лятучы ўніверсітэт і Галерэя ТUT.by.

Колькасць месцаў абмежаваная. Для ўдзелу неабходна зарэгістравацца.

Паказ фільма «Міхнік: “Будзь рэалістам, патрабуй немагчымага”» адбудзецца ў межах фестываля дакументальных фільмаў пра правы чалавека WATCH DOCS Belarus 2018 15 снежня (19-00, Культурны хаб OK16, вул. Кастрычніцкая, 16). Падзея у ФБ

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!