«Нейкія танцы ў вас… занадта эратычныя». Дударскі клуб закрыў сезон (фота, відэа)

Зімовыя вечарыны танцаў пад дуду скончыліся. 24 красавіка музыкі і танцоры апошнім разам сабраліся ў бары «Beer & wine».

Нейкія танцы ў вас… кхм… не ў меру сціплыя, – задуменна пацягнуў музыка з Піцера, разглядаючы фотаздымак.

– Шатландскі “Гей Горданс”, – пішу. – А ў сэнсе, сціплыя?

– Занадта эратычныя.

– Дык у дзяўчат – звычайная падтрымка кельцкіх полек. А ў пары на пярэднім плане – і ўвогуле “піянерская адлегласць”.

– Проста нейкія няўлоўныя дэталі.

– А вынесу-ка я тваю думку ў загаловак...

Дударскі клуб – нефармальнае аб’яднанне майстроў, якія робяць дуды, музыкаў, што на іх граюць, а таксама тых, хто гэтым майстрам і музыкам спачувае. Ён заснаваны ў 2007-м, але сезон 2018 – 2019 стаў толькі дзявятым цыклам зімовых танцавальных вечарын пад дуду. Сезон пачаўся імпрэзамі ў мінскай кавярні “Грай”. Пасля Новага года сустрэчы Дудклуба пераехалі ў бар “Beer & wine”. На мяккім дывановым пакрыцці танчылася неяк… па-хатняму. Але вось і лета хутка, нельга ж усё тусавацца ў памяшканні. 24 красавіка музыкі і танцоры апошнім разам сабраліся ў “Beer & wine”. Ужо з наступнага тыдня, 1 траўня, пачнуцца штотыднёвыя танцы на Карчы па серадах.

Зімовы сезон правялі, як заўжды, весела: беларускімі, шатландскімі, латыскімі, эстонскімі танцамі ды бранлямі заходнееўрапейскага Сярэднявечча. Амаль на кожнай вечарыне сёлета гралі дудары Антось Бельскі, Сяргей Чубрык, Валянціна Міронава, Мікола Столяр, Арцём Хмарук. Ім дапамагалі на ўдарных інструментах Настасся Духоўнікава, Цімафей Палунін, Яўген Дзёмін, Дар’я Несцярэнка, Барыс Машкароў. На апошнюю вечарыну прыйшлі выступіць дудары, якіх на танцах пачуеш не так і часта: Дзяніс Сухі, Аксана Мароз, Андрэй Мароз.

Фота Змітра Дзмітрыева. Відэа Алены Ляшкевіч

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!