«Непатрэбная праўда пра беларусаў» прагучала са сцэны (фота, відэа)

Сяргей Пукст і Яўген Бялоў, стваральнікі праекту «True Litwin Beat», 8 снежня прадставілі канцэртную версію свайго новага максі-сінглу.

У сталічным клубе «Бар ili Клуб» гурт даў першы вялікі канцэрт пад назвай «Непатрэбная праўда пра беларусаў».

Прэм'ера дэбютнага альбому праекта «True Litwin Beat» адбылася яшчэ гэтым летам у інтэрнэце. Заснаваны Сяргеем Пукстам і гітарыстам Яўгенам Бяловым праект прадставіў дыск, вытрыманы ў стылістыцы «каля-хіп-хопа», які атрымаў назву «Непатрэбная праўда пра беларусаў».

Альбом «Непатрэбная праўда пра беларусаў (асцярожна, прысутнічае ненарматыўная лексіка!).


Што такое «True Litwin Beat» і для чаго ён быў створаны, распавёў НЧ аўтар тэкстаў і адзін з заснавальнікаў праекту Сяргей Пукст.

— Як узнікла ідэя стварэння праекту «True Litwin Beat»?

— Ёсць два мільёны чалавек, якія жывуць па сутнасці ў расейскамоўнай медыйнай поп-прасторы. Таму ёсць ідэя пэўным чынам зачапіць, неяк сказаць аб тым, як мне здаецца, аб чым яны ўсе думаюць. Ёсць пэўная ідэалогія за гэтым праектам, за тым, што раблю асабіста я і Яўген Бялоў (гітара і музыка), які мяне падтрымлівае, і ўсе астатнія музыканты, якія гралі са мной у гурце «Пукст Бэнд». Гэта Максім Кот-Кузьма (бас-гітара), Цімур Рэйзіс (клавішы) і Алег Вайтулевіч (барабаны). Мы ўсе разумеем, што існуе такі шлейф артыста, які пастаянна трэба ламаць, бо існуе пэўная зона камфорту, у якой знаходзіцца слухач.


— Чаму быў абраны менавіта стыль хіп-хоп?

— Таму што гэта стыль, у які найбольш удала ўкладаюцца думкі. Хіп-хоп — гэта такая рэч, якая можа сцягвацца і расцягвацца. То бок, можна ўкласці большую ці меншую колькасць слоў у нейкі канкрэтны прамежак часу. Гэта аптымальны, пластычны стыль, з якім вельмі зручна працаваць, і ты можаш вельмі прыстойныя рэчы выказваць з яго дапамогай.


— У вас ёсць надзея, што масавы слухач такога стылю, як хіп-хоп, зацікавіцца вашай творчасцю?

— Нейкіх надзей няма, бо масавы спажывец — гэта масавы спажывец. Ён спажывае масавую літаратуру, культуру і ўсё астатняе. Гэта прадукцыя прасоўваецца нейкімі глабальнымі ўстановамі, сур'ёзнымі музыкальнымі прадусарскімі цэнтрамі. Мы ў гэтыя рэчы не ўцягнуты, таму няма нейкіх ілюзій наконт папулярнасці. Пытанне ў тым — ці зачэпіць слухача змест нашай музыкі. Зараз людзі жывуць у вірусную эпоху, калі першая карцінка, першыя 5–7 секунд  прагляду важней, чым тое, што выканаўца хацеў сказаць. Таму тэхналогія вытворчасці гэтай мас-поп-прадукцыі такія ўласцівасці сучаснага свету ўлічвае. Людзі не здольныя доўга слухаць інфармацыю, яны пастаянна пераключаюць каналы і не могуць з гэтага працэсу выскачыць. Ну і фэйсбук, канечне, дадае да гэтага працэсу: такая бясконцая стужка, ты па ёй плывеш, плывеш. Глядзіш дзень прайшоў, глядзіш другі. Нармальна, карацей, спіце далей (усміхаецца), дарагія таварышы!


— Менавіта ў трэку «Радуга» вы жорстка выказваецеся наконт сацыяльных сетак, фэйсбуку ў прыватнасці. Чаму?

— Раней я працаваў на такім трайным узроўні надбудовы: я пісаў вершы, над якімі доўга думаў, у якіх былі вобразы, яны былі абстрактныя і змрочныя. А праект «True Litwin Beat» прамы, і паколькі фэйсбук — гэта частка нашага жыцця, мы гаворым менавіта пра фэйсбук. Таксама як «расейскі» тэлевізар — гэта частка нашага жыцця, не «беларускі» хачу заўважыць, а менавіта «расейскі». Таму што ты заходзіш, напрыклад, у цырульню — там  РТР, ты заходзіш у рэстарацыю ці нейкае кафэ — там НТВ, «Мянты» (знакаміты серыял пра міліцыю). Гэта вельмі важная рэч, і пра гэта мы гаворым у сваёй творчасці.

Адсюль жа і адсутнасць медыйных персон у Беларусі, таму што элементарна гэта вялікі ціск, і мы сапраўды жывём у Расіі, гэта страшна прызнаваць, што на ўзроўні разумовым людзі стала насычаюцца. Навіны ідуць адтуль, са сваёй пэўнай падачай, пэўным поглядам. І ўласна «True Litwin Beat» усе гэтыя моманты адлюстроўвае.


— Якія тэмы вы яшчэ закранаеце?

— Вельмі асабістыя тэмы, і яны дастаткова адкрыта расказваюцца. Гэта мой узрост, гэта чалавек майго пакалення. Я проста расказваю пра сабе, а там ужо пытанне, наколькі гэта адгукнецца ў душы такіх жа. Зараз людзі вельмі ўніфікаваныя, яны маюць вельмі шмат агульнага — больш, чым здаецца. Усе класавыя супярэчнасці зняты, таму што ўсе сядзяць у сваіх планшэціках. Любы чалавек, нават самы бедны, можа дазволіць сабе набыць нейкі тачпад ці тачскрын, і ён ужо ў зоне камфорту. Таму сёння існуе такі момант ураўноўвання грамадства. Але справа не толькі ў гэтым. У людзей майго пакалення існуе шмат рэчаў, якія нас аб'ядноўваюць, і пра іх я спяваю. Пра чалавека з постсавецкай ментальнасцю. Гэта чалавек, якому зараз за сорак. Таксама праект вельмі завязаны на медыйнасці, на медыйных персонах. Па сутнасці, ад Барыса Маісеева да Стаса Міхайлава ўсе праходзяць і атрымліваюць нейкую адзнаку.


— Які сэнс закладзены ў назву праекту «True Litwin Beat»?

— Назва проста вельмі ўдалая. Гэта чалавек, які жыве тут, адсюль — Літвін. True — таму што гэта добрае рэперскае слова, усё ж такі ў нас хіп-хоп і размоўны жанр. Ну і ўласна Beat — гэта электронная падкладка, якая разраслася да паўнавартаснага калектыву.


— Што будзе далей?

— Паступова рыхтуемся да выдання новага альбому, які будзе яшчэ цікавей. Першы альбом — гэта была спроба, а цяпер з гэтай базы мы можам рухацца далей, рабіць нашы тэксты яшчэ болей адкрытымі і цікавымі. Цяпер я магу сабе дазволіць нейкую гульню слоў, розныя паэтычныя моманты, якія толькі намячаліся ў першым альбоме. Тэмы нікуды не сыходзяць, яны распрацоўваюцца. 




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • mixala@tut.by
  • 2017-12-19 21:38:53
я думаю науват н...й кацапов!!!!!

Больш цікавага на «Новым Часе»: